Ён адчуў сябе не ў сабе.
- Ды што мы стаім! - зноў зыркнуўшы на яго адным вокам, як бы спахапіўся гаспадар кабінета. - Прашу да стала, - усадзіў ён на канапу Віктара з Ганнай, а сам сеў на зэдлік і напоўніў кубкі. - У мяне для вас цудоўны напой, чароўныя зёлкі. Яны даюць... зрэшты, самі адчуеце, што яны даюць, толькі піць іх трэба без нічога. Таму, выбачайце, ніякіх пернікаў, - пасунуў ён кубкі бліжэй да гасцей і крануў руку Віктара. - Пернікі будуць пасля.
Рука была не халодная, не зімная - ледзяная. Такая, якіх не бывае - Віктара проста пранізаў востры холад. Ён здрыгануўся, беручы кубак, праліў напой, амаль нагбом выпіў яго, каб сагрэцца, і хутка, нечакана для сябе самога спытаў:
- Скуль вы ведаеце, што яго забілі?
- А я там быў, калі забівалі, - гэтак жа хутка, не перапытваючы, каго ён мае на ўвазе, адказаў дырэктар антыкварнай крамы Назар Януаравіч Вензель, дастаючы карычневую з чырвонымі кантамі насоўку і выціраючы стол. - Я, ведаеце, заўсёды бываю там, дзе цікава. А дзе не цікава, там не бываю. Што там рабіць, праўда?.. Вы дапівайце, дапівайце, - даліў ён з імбрыка напою, які нагадваў Віктару той, які маці настойвала, як яна казала, з усётраўя. - І сказаў, калі Ганна дапівала зёлкі дробнымі глыточкамі. - Я і каля Новаарбацкага моста быў.
Ганна выпусціла кубак.
- Ды што гэта вы!.. - з напускной незадаволенасцю зноў дастаў карычневую насоўку з чырвонымі кантамі дырэктар. - Стол антыкварны, камісару Гамарніку належыў. Вы ж ведаеце, хто такі камісар Гамарнік, - нахіліўшыся да Віктара, працёр ён інкрустацыю на стале, стылізаваную чырвоную зорку. - Некалі на ягонай вуліцы ў Мінску жылі.
Гэта ўжо было занадта, каб здавацца звычайным. Віктар і сам забыўся, што кватараваў з паўгода на вуліцы Гамарніка, колішняга кіраўніка Беларусі. А каб яшчэ незвычайней было, гаспадар кабінета падняўся, падышоў да кніжнай паліцы, узяў з яе часопіс. - Бачыце, як называецца? "Чырвоная Беларусь". І глядзіце, які ён чырвоны. Вокладка гэтак залітая крывёй, што партрэта Сталіна на ёй амаль не відаць. Бо тут кроў на крыві. Першая, унізе, трохі святлейшая, кроў народнага паэта Купалы. А зверху, цямнейшая, угадайце, чыя?.. Так, народнага камісара Гамарніка. Першы спрабаваў зарэзацца, а другі застрэліўся. Адзін у Мінску, другі ў Маскве, куды паехаў з Мінска, узяўшы з сабой гэты скрываўлены часопіс. З ім, са Сталіным пад галавой і застрэліўся, - паднёс дырэктар палец да скроні. - Бачыце, як яно звязана. Як яно... - тыцнуў ён пальцам у вокладку часопіса. - як яно зліта. У мяне ўсё тут гэтак звязана, зліта, нічога выпадковага. Таму і дарагое ўсё.
Аповед "лётчыка" ўразіў, але нешта ў ім, хоць было звязанае і злітае, не вязалася і не злівалася. Віктар ведаў, што першы нумар часопіса "Чырвоная Беларусь" быў выдадзены ў падарунак Сталіну на ягонае 50-годдзе. Гамарнік тады ў Мінску камандаваў усім і ўсімі, але жывот сабе Купала ўзрэзаў пазней. Зрэшты, начальнік палітупраўлення Рабоча-сялянскай чырвонай арміі Якаў Гамарнік, наўпрост звязаны з НКВД, мог і пазней з Масквы ў Мінск завітаць.
Віктару закарцела дазнацца, як і чаму аказаўся ў антыкварнай краме часопіс, але тут Ганна спытала:
- Як вы каля Новаарбацкага моста маглі быць?
- Не верыце? - зрабіў выгляд, нібы пакрыўдзіўся, "лётчык". - Што ж, прашу за мной.
Ён правёў іх па сваёй вялізнай краме да самай дальняй сцяны, каля якой за двума легкавікамі, амерыканскім Chevrolet 1937 года і савецкім прадваенным "КІМ-10" стаяў пабіты "Масквічок", за стырном якога нерухома сядзеў кіроўца. Віктар мог паклясціся, што паўгадзіны таму, калі яны ўвайшлі ў краму, гэтага "Масквіча" тут не было.
- Кіроўца яшчэ жыў пасля аварыі, - сказаў так, нібы нічога незвычайнага ім не паказваў, дырэктар крамы. - Памёр на Лубянцы, на допыце ў КГБ. Сэрца спынілася, калі яго звінавацілі ў замаху на жыццё члена Палітбюро ЦК КПСС таварыша Грачына.
Сказаўшы гэта, ён адчыніў дзверцу "Масквіча", каб Віктар з Ганнай лепш разгледзелі кіроўцу, і застаўся задаволены тым, што адбілася на іх тварах.
- Але ж у машыне ехалі мы, а не бацька, - нервова зглытнуўшы, сказала Ганна, і "лётчык" павярнуўся да яе:
- А хто ведаў, што ехаў не Грачын?
Віктар глядзеў на кіроўцу, і яму здавалася, што ён, Віктар Маргер, падвоіўся - настолькі кіроўца быў падобны да яго. У гэткім жа адзенні, у такіх жа чаравіках.
- Вы кінулі мяне, - прамовіў раптам нябожчык. - Не ведаючы, жывы я, ці не. А самі ў шпіталь.
Віктар здзівіўся не з таго, што мёртвы нешта прамовіў. Ён здзівіўся з таго, што гэта яго не здзівіла, і сказаў, апраўдваючыся:
- Я непрытомны быў. Мяне і ў шпіталь павезлі непрытомнага.