Выбрать главу

Круча не пакрыўдзіўся. Ён не крыўдаваў на жанчын - ён іх кахаў.

- Калі Віктар не супраць, - падняўся ён з лавы, - я ўсё ж паспрабую. З гэтым нельга цягнуць, трэба іх апярэдзіць. Паклічуць на Лубянку, дык позна будзе. - І спытаў, адыходзячы. - А, можа, прапанаваць саму паэму "Літгазеце"? Няхай надрукуюць, калі ўжо яны такія лібералы. Выявяць смеласць. Пайду вып’ю з рэдактарам, каб смялейшы быў. Як там у "Качагарцы" тваёй?.. "Таков тариф в России: всё - бутылка. Хоть жизнь, хоть смерть..." А вы пакуль у Індыю з’ездзіце. Я там быў, там смерці няма.

LI

- Павярніце крыж, - прагучаў, калі Купала папіў, ужо знаёмы ціхі голас з даху маўзалея. - Цяпер яму казаць.

Віленскія пакутнікі павярнулі крыж - і Купала паўстаў перад Хрыстом. Вочы ў вочы.

"Што прад Ім мовіць?.. Верш прачытаць?.. Але які верш прачытаць Богу? Ці напісаны такі?.."

"Бог ведае", - сказаў крыж.

- А можна мне пачытаць вершыкі? - падняў галаву ўгору, нібы пытаючы дазволу ў Хрыста, Лётчык. - А то ўсе чытаюць, чытаюць… - І не чакаючы, што скажа Сын Божы, пачаў: "Мой мілы таварыш, мой лётчык, вазьмі ты з сабою мяне!.." [4]

Ён чытаў вочы ў вочы - і з задавальненнем убачыў, як скаланулі Купалу першыя, з нечаканым сэнсам радкі некалі напісанага ім дзіцячага верша. Паківаўшыся ўзад-уперад, Лётчык зняў шлем і, паціраючы лоб, нібы з цяжкасцю ўспамінаючы, што ў тым вершы далей, раптам прачытаў:

Юду не страшыў суд.

Крочыў з кута ў кут,

Крочыў з кута ў кут,

Круціў запацелы вус!..

А думка біла па нервах:

Паспець бы прадаць першым!

Паспець бы прадаць першым!

Пакуль не прадаў Ісус… [5]

Зноў нацягнуўшы шлем, Лётчык змоўк і разам з усімі глядзеў на Хрыста і Юду, чакаючы, што скажа, што зробіць кожны з іх, але ні Хрыстос, ні Юда не сказалі, не зрабілі нічога. І ніхто нічога не сказаў, нічога не зрабіў, і тады святы Пётр крыкнуў так, нібы не мог болей галавою ўніз вісець на сваім крыжы, трываць не мог: "Гэта ты, Юда?!." - а святы Павел, укленчыўшы, спытаў немаведама як і чым, можа быць, німбам над ім: "Гэта ты, Госпадзі?.."

Сын Божы выглядаў не зусім такім, якім павялічана адбіваўся ў вакне ГУМа, і зусім не такім, якім звык Купала бачыць Яго на абразах. Ён быў такім, якім прысніўся Купалу на трэці дзень па смерці. Невысокага, меншага, чым у Купалы, росту, але мускулісты, ладны, з кароткімі сукрыста-чорнымі валасамі і такою ж барадой, Ён стаяў, нібы ўніз збіраўся скочыць, на самым краі даху маўзалея, і не было ні ў паглядзе Ягоных агатава-чорных вачэй, ні ў выразе Ягонага твару нічога, што, як меркавалі ва ўсе часы іканапісцы, мусіла быць на твары чалавека, які, ахвяраваўшы сабою, сканаў на крыжы. Ніякага ценю перажытых пакут, ніякага адчаю праз здраду блізкага чалавека, ніякага болю ці нават смутку праз тое, што ахвяра сталася марнай, што тыя, дзеля каго Ён прынёс ахвяру, аказаліся не вартыя яе. Твар Ягоны быў спакойны-дапытлівы, як у чалавека, які хоць і ўсё спазнаў, але не ва ўсім яшчэ зняверыўся, а вочы глядзелі ўсмешліва, нават трохі іранічна, толькі іронія была скіраваная не вонкі, на нешта ці некага, а ў самога сябе: маўляў, а што ж ты думаў, чаго яшчэ ад гэтых людзей у гэтым свеце чакаў?..

Чаму Ён прамаўчаў? Чаму не адказаў Лётчыку?..

Можа, гэта знак?.. "Маўчы, што б пра цябе ні казалі! Бо з’іначаць сказанае, бо перакруцяць сэнс".

Але сэнсы заўсёды падвойныя. Тое, што кажаш ты, зусім не тое, што чуюць іншыя.

Дык што: не казаць нічога?

Некалі княгіня Магдалена Радзівіл, а пазней, як згаварыўшыся з ёй, і Ганна, папракнулі яго ў падвойнасці. "Ты іншым разам кажаш, нібы не сам. Як быццам ты перакладаеш з польскай мовы на беларускую ці з беларускай на польскую, і пры перакладзе мяняеш сэнс. І тады выглядаеш не самім сабой, не такім, якім я цябе ведаю", - казала Магдалена, і калі ён спытаў: "А якім ты мяне ведаеш?" - стала чытаць ягоныя вершы.

Ганна ягоныя вершы не чытала. Проста кінула: "У табе жывуць два чалавекі. Адзін - паэт, а другі - кавалер ордэна Леніна".

Нібы ў ёй яна адна. Акторка і агентка.

Лётчык, здзіўлены тым, што Сын Божы ніяк не адказаў на ягоны выпад, нервова паторгваў шчакой і, чакаючы, пазіраў на Купалу…

Мусібыць, усё ж трэба было нешта сказаць. Толькі што? І што з таго толку? Вунь Сталін як на крыжы выгінаўся! А што пачуў?..

"Ты сказаў!"