Але і прамаўчаць не выпадала…
- Мне ў дзяцінстве чалавек адзін, які бацьку майму гаспадарыць дапамагаў, усялякія легенды, байкі ды казкі расказваў. Адну легенду я запомніў: пра прарока.
Купала не быў упэўнены, што гэта найлепшае з усяго, што ён мог бы зараз сказаць, але нічога іншага ў галаву не прыйшло, і ён, глыбока прадыхнуўшы, пачаў павольна, з цяжкасцю размыкаючы сасмяглыя вусны, распавядаць тое, што ў маленстве пачуў пад зорным небам над рэчкай Вячай ад парабка Пасляка.
"Жыло-было на свеце племя сінявокіх людзей. Жылі яны не надта багата, але пад сваім небам на сваёй зямлі - і чужой не хацелі. А па іхняй зямлі ў чатыры бакі - на ўсход і на захад, на поўдзень і поўнач - хадзілі і хадзілі заваёўнікі. Племя білася, змагалася за сваё, ды заваёўнікі насоўваліся і насоўваліся, як чорныя хмары, і не злічыць іх было. Прыходзілі адны - і забіралі кавалак зямлі з усходу, прыходзілі другія - і забіралі з захаду, ссоўваючы племя ў лясы ды балоты. Сінявокія людзі балоты асушвалі, лясы карчавалі, мазалямі і потам здабытую зямлю засявалі, а ворагі зноў па кавалках забіралі яе. І аднойчы прыйшлі, каб забраць усё, што засталося.
Тады стаў пад высозны, векавечны дуб, што рос на месцы, з якога пачыналася зямля сінявокіх людзей, іхні Прарок, і сказаў, што калі зараз яны адыдуць, дык адыдуць ужо не ў балота, а ў нябыт. А калі выстаяць, як выстаяў ва ўсіх бурах векавечны дуб, калі адстаяць сваю зямлю, дык з племені стануць народам.
Сінявокія воі кінуліся ў бой, але ворагаў была процьма, у некалькі разоў болей, чым людзей племені, якіх яны забівалі, а хаты іхнія бурылі. Апошніх з тых, хто застаўся жывы, сагналі пад векавечны дуб, нацягалі пад яго бярвенняў з пабураных хат і падпалілі. Дзень і ноч высока, ці не да самых зорак шугала полымя, попелам сталі бярвенні і прахам сталі людзі, а з дубам нічога не сталася. Толькі адзін лісток на найбольшым суку абсмаліўся, сарваўся і зляцеў у рукі Прарока.
На адным баку лістка былі пісьмёны, але Прарок не паспеў іх прачытаць: ворагі схапіліся за сякеры ды пілы! Дзень і ноч секлі і пілавалі, секлі і пілавалі, пакуль вялізны дуб не рухнуў. Страсянуўшы пагоркі і горы, ён прабіў тым сукам, на якім абсмаліўся лісток, жарало ўглыб зямлі, скуль шугануў чырвоны струмень. Гэта быў струмень крыві, якую вякамі пралівалі продкі сінявокіх людзей, што баранілі свой край. Кроў ускідвалася да Божага святла, да сонца, што промнямі сваімі запаліла ва ўсё неба вясёлку, працякаючы скрозь якую чырвоны струмень падаў вясёлкавым дажджом. Там, дзе падала кропля гэтага дзіўнага дажджу на ссечанае дрэва, вырасталі два дрэвы! Там, дзе падала кропля на попел спаленай хаціны, паўставалі дзве хаты! А падала кропля на магілу загінулага воя - паўставалі два воі, а на месцы двух - чатыры! І пагналі яны ворагаў з зямлі сваёй.
"Прах і попел уваскрэснуць, калі нявінная кроў зліецца з Божым святлом", - стаўшы на месцы, дзе стаяў дуб, прачытаў Прарок тое, што напісана было на дубовым лістку. І пра гэтае спраўджанае прароцтва, пра магутны дуб, пра прабітае ўглыб зямлі жарало, з якога да неба шуганула кроў продкаў, пра сонца і вясёлкавы дождж распавядалі бацькі дзецям, а дзеці ўнукам племені сінявокіх людзей. І ўслаўлялі яны Прарока, пакуль зноў не набралі сілы заваёўнікі, якія сталі прыходзіць, як свае, бо за стагоддзі, у якія яны прыходзілі, сінявокія людзі перанялі іх звычкі, прынялі іх мову, некаторыя нават назваліся так, як называлі сябе прыхадні, і, вінаватыя ў тым самі, не захацелі прызнаць віны, а звінавацілі ў гэтым Прарока. "Ты прарочыў, што адстаяўшы сваю зямлю, мы станем народам, а мы на сваёй зямлі сталі прыхаднямі! Ты ілжывы прарок!" - сказалі яны і раскрыжавалі яго на тым месцы, дзе ён прарочыў. Там, дзе стаяў некалі векавечны дуб, з якога яны зрабілі крыж з надпісам: "Ты ўваскрэснеш, калі спраўдзіцца тваё прароцтва". І прыбілі да крыжа дубовы лісток, на якім Прарок..."
Купала змоўк. Чамусьці яму здавалася, што прарок на тым лістку напісаў нешта, але ён не помніў, што?.. Паглядзеў на Хрыста, які маўчаў, нібы чакаючы працягу, а Сталін стукнуў патыліцай у крыж:
- Навошта?..
Купала не зразумеў:
- Што навошта?
- Навошта яны лісток да крыжа прыбілі?
- Не ведаю. Можа, каб пазначыць, што гэта крыж Прарока, а не чыйсьці. І яшчэ, можа быць, каб ён напісаў… - спрабаваў успомніць Купала, ці было на лістку што-небудзь напісана, а калі было, дык што? - але нічога не ўспаміналася…
- Што напісаў?
- Не помню. Здаецца, як народам стаць.
- І як?.. - насмешліва, як здалося Купалу, спытаў Сталін. - Як ён напіша, калі раскрыжаваны?
Ён не мог пра гэта не спытаць - і вось як ён спытаў пра гэта.
- Прамовіць мог бы, - падаў голас "лётчык". Гэтак жа насмешліва, як Сталін. - Неабавязкова пісаць. Але ён не ведае. Бо гэта не пра тое, як хлопчыку стаць лётчыкам.