Выбрать главу

Купалу нібы пад дых ударылі - і ён захлынуўся адчаем праз непапраў-насць усяго, што было ягоным жыццём, якое гэтак перайначылі, перакруцілі, што яно стала зусім не ягоным, і ў чым бы ён цяпер ні спавядаўся, ні каяўся, усе будуць казаць толькі пра хлопчыка з лётчыкам, будуць насмешліва пытаць, чаму ён не павесіўся, не зарэзаўся, а ягоная споведзь, пакаянне ягонае будуць выглядаць толькі як апраўданні. Дык перад кім апраўдвацца?.. А тым больш вінаваціцца, каяцца?.. Перад расплывістымі? Перад Берыем з Мяркулавым? Перад сакратаром беларускага партыйнага ЦК Геем, перад Кашкадамавым і Тухачэўскім, гаспадаром рэстарацыі "Яр" Аксёнавым і ганаровым грамадзянінам Аляксандравым, секунд-маёрам Баскакавым і ротмістршай Дэмбскай, купецкім сынам Жыгалкіным і фрэйлінай Дзмітрыевай, капітанам Забіякіным і ледзі Суханавай-Падколзінай, масонам Зіноўевым і мецэнатам Засімам, камергерам Нарышкіным і дуэлянтам Навасільцавым, карлікам Якубоўскім і паліткамісарам Смірновым, падпалкоўнікам ГРУ Каменскім і мешчанінам Кекішавым, баярынам Хрушчовым і прэм’ер-маёрам Сабакіным, дачкой юрыста Юрасоўскага і заводчыкам Дзямідавым, сынам архіварыуса Няспанава і ротным абозным Шуставым, правізарам Лук’янавым і доктарам Геральдштэйнам, першай жонкай Казлова-малодшага Хамутовай і другой жонкай Казлова-малодшага Талстой, артыстам Ларыным і асэсаршай Шніткінай, купцамі Пярвушыным і Прасцяковым - перад гэтым натоўпам, які паслухае яго і спытае: "Па колькі нам дасі чырвонцаў, калі мы пойдзем за табой?.."

Не.

Тады перад кім?..

Выходзіла, што толькі прад Богам, у якога не надта верыў. А калі толькі прад Ім, то ў чым?.. І Купала з цяжкасцю, бо вусны проста запякліся, прагаварыў: "Даруй мне, Госпадзі, што маці ў вайне, у агні пакінуў! І даруй, што ў вайне, у агні пакінуў Беларусь."

- Божа, не слухай яго! - так хутка, што вецер у вянку прасвістаў, кіданулася ад лобнага месца да маўзалея, узляцела да даху Спагада. - Маці сама засталася! Падумала, што ў машыне ёй месца не хапае. Месца можна было знайсці, нейкія клункі выкінуць, але яна сказала, што не. "Яшчэ вы, - сказала, - будзеце праз мяне дабро выкідваць!" А што ў Беларусі вайна, дык хіба ён...

- Добра, добра, - злавіў вянок Лётчык і гэтак адштурхнуў яго ад маўзалея, што Спагада ветрам адляцела зноў да лобнага месца. З разгону балюча ўдарылася ў грудзі Купалы, ухапілася за ягоную руку: "Ніхто табе не паспагадае, апроч мяне! Скажы, што ты не вінаваты, што няма за што цябе судзіць!.."

І заплакала.

- Беларусі паспагадай! - раптам жорстка, не зважаючы на яе слёзы, так, быццам яна абрыдла яму са сваімі слязьмі, - сказаў, выдыхнуўшы боль з глыбіні грудзей, Купала. - Бяда з ёй, а не са мной!

Такім голасам ён загаварыў упершыню. Сталін хмыкнуў: "Вы маглі б палюбіць уладу…" - і Купала адразу завінаваціўся перад Спагадай: "Выбачай", - а тая ў слязах адвярнулася.

- Калі б слёзы нашых жанчын выкуплялі нашу віну. - пра нешта сваё ўздыхнуў Сталін, тут жа памяняўшы спачувальны голас на ўладны. - Я жонку майго сакратара расстраляў. Яна плакала перад расстрэлам і казала, што муж яе ні ў чым не вінаваты. А ён, што яна не вінаватая, не сказаў мне. Казаў толькі, што ягонай віны няма. Дык і вы, Іван Дамінікавіч, такое ўжо казалі. Памятаеце?.. Не забыліся на адказ?

Вось што значыць сарвацца, хоць на хвіліну даць волю нервам. Нехта адразу адчуе тваю слабасць, учэпіцца за гэта.

Так, ён сапраўды ўжо казаў такое. На сваім першым допыце ў ДПУ. "Я ні ў чым не вінаваты, мяне няма за што судзіць". А яму адказалі: "У нас не бывае невінаватых. - Потым дадалі. - У нас і яшчэ ў адным месцы".

Ён спытаў: "Дзе?.." І пачуў: "На Страшным судзе".

Дык вось ён тут. І тут не страшней, чым там. Бо там ты вінаваты без суда. А тут усё ж суд.

- Там, калі нават ты невінаваты, страшней, чым тут, - прамовіў ён, і Сталін зрабіў выгляд, нібы здзівіўся.

- Ды ну?.. Хоць я там не быў, але ведаю, што там няма невінаватых. Некага судзяць за нацыяналізм, некага - за шпіянаж, здраду Радзіме… Але ж вас не судзілі. Ці вы здрадзілі Радзіме - і вас трэба было судзіць?

Купала ледзь не сказаў: "Гледзячы якой Радзіме…" - але прамаўчаў. Надта балела, каб казаць.

Сталін ягонае маўчанне зразумеў па-свойму.

- Вы хацелі сказаць, што бываюць несправядлівыя суды? Так, бываюць. Вось патрыярх, калі нас раскрыжоўвалі, звінаваціў мяне... - пакруціў Сталін галавой, шукаючы позіркам галаву патрыяха Ціхана, якую падняў з брукаванкі і трымаў у руках архімандрыт Данскога манастыра Ісідар. - чуеце вы, святы Ціхан Бесцялесны?.. Вы звінавацілі мяне ў тым, што я паставіў ідэю вышэй за чалавека. І не шкадаваў людзей дзеля ідэі. Так. Паставіў. І не шкадаваў. Але скажыце: Бог - ён хто? Не ідэя?.. Ці вы не памятаеце, як даводзілі мне пад крыжамі Данскога манастыра, што ваша ідэя - Бог! А калі так, дык чаму дзеля вашай ідэі можна людзей не шкадаваць, крыжаносцаў насылаць на іх, а дзеля маёй - не?