- Бог ён Бог! - падскочыла галава патрыярха, Ісідар ледзьве яе злавіў. - Ён - усёстваральнік!
- Ён - ідэя. Няхай сабе, як вы кажаце, ўсёстваральная. Але больш ён ніхто. І болей нікім ён, колькі вы ні падскоквайце, не будзе, - голасам, у якім адчувалася шкадаванне, што архімандрыт не ўпусціў на брукаванку галаву патрыярха, казаў далей Сталін. - Ён нават не бацька таго, хто судзіць нас тут збіраецца. Бацька Хрыста Іосіф! Цясляр, які яго карміў! А сын бацьку, які карміў яго, чым аддзячыў?.. Нічым. Нідзе не ўспомніў нават. Толькі пра свайго ўсявышняга бацьку казаў, які воляй нябеснай. А пра бацьку зямнога, які потам і крывёй, ні слова. Дый пра маці. А яна ж крэўная, тут ужо не адпрэчыць. Людзі казалі Яму, сыну Марыі: "Дабрашчаснае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія Цябе ўскармілі!" А ён што ў адказ? "Дабрашчасныя тыя, хто чуе слова Божае і трымаецца яго". Яму кажуць пра тую, якая нарадзіла Яго, а Ён - пра Божае слова! Пра ідэю, дзеля якой сышоў з дому, выракся радні, братоў і сёстраў… Дык ці варта нам, Іван Дамінікавіч, - стукнуў патыліцай у крыж Сталін, які рабіў гэта так, нібы ў госці завітваў, - праз нашых матак вінаваціцца, калі нават Божы Сын маці сваю пакінуў? І ўвогуле спытайцеся ў Яго: чаго Ён пайшоў да Яна Хрысціцеля, да якога ўсе хадзілі ачышчацца ад грахоў? Ад чаго Яму было ачышчацца, калі Ён бязгрэшны?
Калі б у патрыярха не была адсечаная галава, яна б у яго адарвалася - гэтак ён, абураны, ёй матлянуў. Так матлянуў, што, мусіць, горла яму сутаргай перакрыла, і ён сказаць нічога не здолеў.
Купала на гэта таксама не сказаў нічога. Падумаў: "Я не Божы Сын. І не мне Яго судзіць, а Яму мяне", - але прамаўчаў, бо не мог вырашыць: калі ты выракаешся бацькі і пакідаеш маці, каб стаць сынам Бога, наперад ведаючы, што цябе праз гэта чакае, ты ўпадаеш у спакусу ці прыносіш ахвяру?..
Зрэшты, Сталін і не чакаў ягонага адказу, бо прамаўляў не да Купалы і не да патрыярха, а да Хрыста, які чамусьці выбраў у суразмоўцы не цара, а паэта. "Чаму?.." Гэта прыніжала Сталіна, ён нерваваўся і спрабаваў як наймацней зачапіць Сына Божага, каб той адказаў яму, як роўнаму. Дзеля гэтага шукаў і нарэшце знайшоў найбалючае месца, націснуў там, дзе гняздзечка на сэрцы… І падобна было, што там, дзе гняздзечка на сэрцы, Хрысту, які, выслухаўшы расказаную Купалам легенду пра Прарока, доўга маўчаў, забалела.
- Бог не мусіць адказваць перад царом, - упершыню голасам таго, хто над усімі, прамовіў Ён да Сталіна, які адразу ж выгукнуў: "А чаму цар мусіць адказваць перад Богам, калі Бог робіць тое самае, што цар?" - ды Хрыстос, сказаўшы тое, што сказаў, доўжыў, не зважаючы на яго. - Але паэту Бог можа адгукнуцца, калі адчуе, што паэт здольны Бога пачуць. Што спакусамі слых яму не заклала.
Ён нібы наўмысна не заўважаў, што на крыжы двое, і Сталін, які ўжо трываць такой знявагі не мог, крыкнуў, выцягнуўшыся: "А што скажа паэт Богу?" - але Купалу гэта не зачапіла, яго іншае працяла: "Як даўно Ён не адгукаўся! Бо не адчуваў, што пачую… Бо слых спакусамі заклала. - І раптам закарцела спытаць: - А сам Ты ці зведаў спакусы, Госпадзі? І ці толькі ўздымаўся над імі, ці бывала, што ўпадаў?"
Ён не спытаў пра гэта, занадта дзёрзкім здалося пытанне, але Сын Божы пачуў непрамоўленае. Павярнуўся да апосталаў: "Чулі?.. І споведзь, якую як легенду расказваў, чулі таксама?.. І як лічыце: не пачуць?.. Ці пачуць і не адказаць?.. " - на што апосталы заківалі: "Так, чулі і тое, што ён спытаў, і споведзь, якую як легенду расказваў, таксама чулі, а ці не пачуць, ці не адказаць, Табе вырашаць", - і тады Сын Божы, зірнуўшы ўніз, дзе стаяў "лётчык", стаў казаць спачатку нібыта яму, а пасля і Купалу, і Сталіну, і ўсім вучням сваім.
- Сатана спакушае мяне вяршыць суд, які можа вяршыць толькі Бацька мой нябесны. Каб думаў я пра сябе як пра Бога, а не як пра Сына Ягонага. Д’ябал і раней спрабаваў увесці мяне ў спакусу. Але наўрад ці адзін з вас пытаецца пра тое, як д’ябал, калі быў я галодны, спакушаў мяне ператварыць у хлеб камяні. І наўрад ці цікавіць некага з вас, як ён спакушаў мяне валадарствам над светам. А ўсіх вас цікавіць найпрасцейшае: хто мой зямны бацька? Як быццам гэта вызначае ў кімсьці, хто ёсць ён сам.
Купала адчуў, як напружыўся Сталін, чакаючы, ці адкажа яму Хрыстос?
- Мяне называлі і сынам цесляра Іосіфа, і сынам цара Давіда, - казаў далей Сын Божы. - Першае я не прымаў. А другое прыняў. Той, хто не верыць, што я зрабіў гэта па волі нябеснага Бацькі майго, можа лічыць, што я спакусіўся. - І дадаў, памаўчаўшы: - Ці што дзеля нябеснага забыўся на зямнога бацьку і пакінуў маці.