Апосталы глядзелі на Хрыста так, нібы ўпершыню яго ўбачылі: гэтакіх размоў з імі раней Ён не вёў. Дый Купала не чакаў, што Хрыстос на непрамоўленае пытанне адкажа, таму спытаў, разгубіўшыся, Сталіна: "Ён назваўся сынам цара, каб стаць царом?.. " - а Сталін, задаволены тым, што ўсё ж зачапіў Хрыста, выгнуўся на крыжы: "Каб стаць Богам! Бо хто б сына цесляра Сынам Бога прызнаў? Ніхто! Сын цесляра - гэта сын цесляра. А ў сыне цара Бога прызналі! Яшчэ б ім не прызнаць, калі цар для іх і ёсць Бог!"
Апошнія словы Сталін амаль пракрычаў, і хоць Хрыстос на гэта нават брывом не павёў, Купалу ўсё ж здалося, што Ён пашкадаваў пра сказанае.
"Вы чулі?.. - сеў Хрыстос за стол да вучняў сваіх. - Дзе тыя, якія гэтаксама казалі?.. Дзе той, хто казаў, што адзін не можа ўратаваць усіх?.." - пытаў Ён апосталаў, і нешта ў голасе Ягоным было. не, не гнеўнае, не пагрозлівае, чаго можна было чакаць пасля слоў, сказаных Сталіным, а такое, што чуецца ў галасах тых, хто пасля доўгіх сумневаў штосьці канчаткова вырашыў, і тут ужо, пэўна, Сталін пашкадаваў пра сказанае - па крыжы знізу ўверх і зверху ўніз пракацілася хваля страху. Уверх - сухая, уніз - волглая.
Купала кожны раз адчуваў спінай, калі на Сталіна хваля за хваляй то мацней, то слабей накочваўся страх, які ён спрабаваў адолець, напуска-ючыся то на патрыярха, то на Хрыста, але гэтым разам хваля была асабліва моцнай, па крыжы ажно дрыжыкі пайшлі, і Сталін раптам зашаптаў горача да Купалы: "Вы чулі?.. Ён сказаў, што адзін можа ўратаваць усіх. Гэта пра вас. Я не ведаю, чаму, але пра вас, чуеце?.. Нечага ён ад вас чакае - і трэба адказаць яму нешта. Не маўчыце. Скажыце тое, што мне казалі. Пра гняздзечка на сэрцы."
Гэткага моцнага, раптам як бы ўспацелага сталінскага страху Купала не чакаў. Ён адчуў гэты мёртвы, едкі, з чужым пахам страх, які выцякаў, здавалася, з патыліцы правадыра, і страх гэты, страх чалавека, якога баяліся ўсе, мог быць Купалу ў слодыч, але ў слодыч ён не быў. Ён быў гарчэйшы за пераспелы палын, гэты страх, бо ў ім, у гэтым чужым страху, была пражытая траціна Купалавага жыцця.
"Ён усіх змушаў баяцца, бо баяўся сам. І ён, і Ленін, і Гітлер, і ўсе, колькі іх было. Усе яны - страх. Толькі страх, і больш нічога. І за гэта, за тое, за што ненавідзяць, іх любілі?..
Тады любоў - што такое?..
І што такое Бог, які любоў?
Той самы страх?.. Праз страх любяць Бога? А калі Бог, як кажа Сталін, ідэя, дык Ён - ідэя страху?.."
"Ды не трэба пра гэта! - зноў горача зашаптаў Сталін. - Пра боль кажыце, які пасяліўся там, дзе была душа. І што боль стаў душой. Не мне ж пра гэта казаць..." - выцякала з патыліцы Сталіна, які ў страху чапляўся за Купалу, бо той быў найбліжэй, дый болей учапіцца не было за каго, і Купала так, нібы згадваў, што азначае кожнае слова, пачаў казаць пра страх, які пасяліўся там, дзе была душа, выцясніў душу з яе жытла, з маленькага гняздзечка на сэрцы, у якім яна спявала, і страх гэты, заняўшы месца душы, як бы стаў ёю, душою, якая развучылася спяваць, а толькі крыкам крычала, гэтак драпаючы сэрца, што кроў, здавалася, пырскала з вачэй, якімі ўжо глядзець на свет не хацелася, бо ўдзень і ўночы праз гэты страх у іх было цёмна, чорна, - зазірнуў Купала ў агатава-чорныя, якія былі як бы й далёка ад яго, цераз плошчу, і ў той жа час зусім блізка, вочы Хрыста, напоўненыя, як азёры вадою, любоўю, у якой патанаў, здавалася, створаны Ягоным Бацькам свет, дзе Купала жыў і памёр, а Сын Божы сказаў, калі Купала змоўк: "Майго настаўніка звалі Купалам. Таму я тут. А не дзеля таго, каб вяршыць суд, які Бацька мой нябесны вяршыць будзе".
52
У замежнай камісіі Саюза пісьменнікаў, куды Віктар з Ганнай прыйшлі, каб забраць замежныя пашпарты, ім сказалі, што паездка ў Індыю адкладваецца. Чаму і на колькі, не ведалі. "Нам сказалі, што адкладваецца, і мы кажам вам".
"Хто сказаў?.."
"Нам сказалі… "
Каб не хадзіць па Маскве, чакаючы, пакуль ці паклічуць на Лубянку, ці на вуліцы арыштуюць, Віктар паехаў у Вільню. Там выходзіла ягоная кніга, і выдавец тэлеграму даслаў: "Прыедзь. Ёсць прапанова".
Паехаў на цягніку, каб па дарозе заехаць у Смаргонь. Увайшоў у хату і застаў маці на канапе. "З раніцы не падняць, - прабурчэў бацька. - Давай, кажу, хуткую дапамогу выклічу! Дык не: адляжуся".
Прыехала "хуткая": гіпертанічны крыз. "Можам шпіталізаваць". Маці, якая толькі два разы за ўсё жыццё ў шпіталі была, і то ў радзільні, ні ў якую. Ні сілком жа класці… "Ціск мы знялі, ні інфаркту, ні інсульту пакуль няма, так што глядзіце самі…" Маці паднялася: "Мне скаціну глядзець".