Мы не можам ніяк, нічога і нікога ўратаваць?..
Хіба нельга было ўзяць адзін чаравік і басанож падысці да другога?.. Можна было. Але такое простае вырашэнне праблемы жыцця і смерці ніводнага разу не прыйшло мне ў галаву.
- Ты прамаўляў пра сябе! - выгаворваў яму Ян. - Нібы ты памёр! А памерла маці!
- Маці памерла, бо я ў Вільню з’ехаў! А пасля не павёз яе ў Мінск!
- Дык пра гэта б і казаў! Што не павёз. А то дамавік, дзед, чаравікі... Глядзелі на цябе, як... Думаеш, нехта зразумеў?
- Я казаў табе!
- Ён мне казаў! Для чаго ты мне казаў гэта? Каб я цябе суцешыў?.. Ну, калі хочаш, я таксама не павёз бы. Бо сапраўды лекаванне адно і тое. І насамрэч магла ў дарозе памерці. Вось што б ты тады рабіў?.. Я ў цябе першы спытаў бы: ты чаго яе ў Мінск папёр, калі дактары забаранялі?
Так. Ян спытаў бы.
- Дык невядома, што было б, Ян! Можа, не памерла б… Жывая была б! Цяпер шанец у тым, што магло быць, а не ў тым, што ёсць. Разумееш? У тым, што ёсць, шанцаў ніякіх! Бо яе няма. Хоць, можа, магла быць…
Ян не вытрываў:
- Можа! Невядома! Ты дастаў! - і вось тут Віктар сарваўся.
За час паміж смерцю маці і бацькі адчуванне віны яшчэ болей абвастрылася, бо ўвесь гэты час ён быў не дарэшты шчырым не толькі перад Янам - перад сабой, перад Богам, бо калі нават да споведзі пайшоў, не сказаў святару тое, што не дагаварыў Яну, калі памерла маці, і пра што цяпер, калі пахавалі бацьку, стаў казаць, крычаць за памінальным сталом, заікаючыся паўзамі, бо казаць было нялёгка:
- Не толькі таму, што дактары!.. Што лекаванне аднолькавае!.. У Вільні кніга мая выйшла… я на прэзентацыю ехаў. І калі маці даглядаць, усё зрываецца… А там сустрэча! З прадстаўніком выдавецтва! Не абы-якога, а такога, выдацца ў якім - гонар! Сусветна вядомага!.. Яны кнігай маёй праз літоўцаў зацікавілася… Дамову склалі - толькі падпісаць! З перакладам на ангельскую! А гэта… Гэта такі шанец!.. І маці як адчула, ты ж ведаеш, яна заўсёды ўсё адчувала… "Едзь, - кажа. - Чым ты мне тут дапаможаш?.." Нібы яна нешта іншае сказаць магла… Не магла ж яна сказаць: "Яшчэ будзе ў цябе процьма кніг, прэзентацый, перакладаў!.. А мяне - не будзе…" І самае страшнае… самае страшнае, што нават… што калі б нават так і сказала…
Ён змоўк.
Ян схадзіў на кухню, прынёс рушнік, прыкрыў ім пляму на абрусе… Цяжка сеў:
- Выкрутасы гэта.
- Не.
- Выкрутасы! Бо навошта ты гэта сказаў? Хто ў цябе пытаўся?.. Я пытаўся?
- Не.
- Тады навошта? Я не разумею!..
Віктар убачыў, што брат псіхуе, падумаў: "Што гэта я сапраўды? Яму ж таксама цяжка… Можа, нават цяжэй, чым мне…" - і падняўся, абняў Яна, прыціснуў галаву ягоную да грудзей, прашаптаў на вуха: "Каб нікому іншаму пра гэта не казаць, брат…"
Гэтак, абняўшыся, яны леглі спаць на бацькоўскім ложку - і сніліся адзін аднаму.
LIII
Крыж перастала біць дрыжыкамі.
- Я пасланы любіць, а не судзіць, - доўжыў Хрыстос. - Але ўсе тут чакаюць суда, а не любові. Бо ведаюць, што любіць няма за што. Бо грашаць. Бо прадаюць, забіваюць… І я падумаў: калі чакаюць, дык няхай дачакаюцца. Няхай ён будзе. Няхай не страшны, але суд. І адразу ўбачыў, што кожны чакае суда над кім заўгодна, але не над сабой, - казаў Сын Божы, і відаць было, як пакутуе Ён праз тое, што кажа, а Ганна, мусібыць, падумала, што суд пачынаецца, зашаптала пад крыжам: "Скажы, што цябе забілі… Што Сталін забіў," - але Купала не захацеў яе пачуць.
Затое захацеў пачуць Сталін.
- І што? - спытаў ён ужо без той гарачай, бо хваля страху сышла. па крыжы ў зямлю, дрыготкі, якая была нядаўна ў голасе. - Калі нават забіў, дык гэта мая віна. Але не ягонае апраўданне. Так і патрыярх Ціхан, і бязбожнік Кашкадамаў апраўдацца могуць: "Сталін забіў нас!" Хай нават так, хай забіў. Але ж не дзяцей нявінных. Гэта хіба грахі з іх здымае?.. Калі здымае, дык чаму зараз мы на адным крыжы з настаўнікам Хрыстовым?..
Хрыстос усміхнуўся. Купала ніколі не бачыў Яго такім на абразах, паспрабаваў уявіць усмешлівага Хрыста на крыжы - і не здолеў, падумаўшы: як яны далёка адно ад аднаго, усмешка і крыж.
- Я не сказаў, што настаўнік, я сказаў, што ў яго імя майго настаўніка, - прамаўляў далей, ужо не ўсміхаючыся, Хрыстос. - Імя прарока. І я падумаў… - глянуў Сын Божы ў напружаныя твары апосталаў… - я падумаў, што гэта знак. Толькі які? Знак таго, што спраўдзяцца іх прароцтвы, Хрысціцеля і Паэта, ці знак таго, што не?.. - перавёў Ён позірк на Купалу і дагаварыў ледзь чутна, так, што Купала падумаў, што ён адзін Яго пачуў. - Як і мае...