Выбрать главу

Пачуў Хрыста не толькі Купала, які звык за сваё жыццё да таго, што ніхто не чуе нікога. Але тут, на гэтым судзе, калі гэта быў суд, выходзіла так, што не чулі адзін аднаго і нікога хіба тыя, каму не трэба было чуць, а ўсе астатнія чулі ўсіх і кожны кожнага, як бы ціха хто не прамаўляў, ці калі нават маўчаў.

- Што?.. Што Ён сказаў?.. - крутнулася ў бок Купалы галава патрыярха Ціхана, які, пэўна, вар’яцеў праз тое, што бачыў і чуў, а святы Ян, які сядзеў побач з Хрыстом, паклаў сваю руку на руку ягоную: "Мы можам паспачуваць Табе, але не можам дапамагчы. Нам тое не дадзена, Бог дапамагае сабе сам".

Сталін грукнуў патыліцай у крыж: "Якія ў вас не спраўдзіліся прароцтвы?.." - а Хрыстос кіўнуў Яну: "Так. Бог усё - сам. Але вы можаце Ягонае падзяліць, - узяў Ён адной рукой хлеб са стала. - Як мне разламаць яго адной рукой?.. - Аніхто з вучняў не адказаў яму, як, і тады Ён працягнуў хлеб Юду. - Вазьмі другой рукой. - Той узяў, яны разламалі хлеб напалам, і Хрыстос паклаў сваю палову пасярэдзіне стала. - Так можна падзяліць не толькі хлеб".

Купалу здалося, што Хрыстос чакаў, што нехта з апосталаў возьме палову хлеба і з Ім разломіць, а потым нехта палову паловы… але ніхто не ўзяў. Увогуле выглядала, што Ён і вучні Ягоныя вядуць нейкую даўнюю размову, у якой ніяк не могуць прыйсці да згоды, а тое, што яны доўжаць гаворку тут і цяпер, і што Сталін, Купала, маршал Тухачэўскі і народны камісар Берыя, паганцы Няжыла і Кумец з Кругляцом, патрыярх Ціхан і капітан Забіякін, уся Красная плошча з тысячамі жывых і мёртвых людзей сталі яе сведкамі, проста выпадак.

- Ён хоча, каб нешта з таго, чым Ён засмучаны ці заклапочаны, вучні Ягоныя ўзялі на сябе. Ці нейкую адчувае віну і чакае, што апосталы яе падзеляць, - няўпэўнена прагаварыў Купала, і Сталін сказаў, хмыкнуўшы: "Не дачакаецца".

Купала таксама падумаў, што наўрад ці… Калі ў людзей, якіх мільёны, заўсёды вінаваты адзін, дык што ўжо казаць пра адзінага Бога.

Хрыстос хоць і заняты быў гаворкай з вучнямі, але і гэтым разам пачуў непрамоўленае.

- Усё ў свеце праз Бога, а не праз выпадак. Ты не верыш у сябе. А гэта найгоршае для прарока. Нават горш за недавер людзей да пароцтваў.

- Да якіх?.. - не сунімаўся Сталін. - Да якіх прароцтваў? Пра беларускае царства сінявокіх людзей?.. - а Сын Божы, зноў не звярнуўшы ўвагі на нервовага Сталіна, казаў да апосталаў.

- Але і безадносна да таго, што ён прарок і што вяршыць суд над ім можа толькі той, хто даў яму дар прарока, я кажу вам, што нельга судзіць нікога за грахі ягоныя на чужым крыжы. І не мусіць ніхто несці чужы крыж. Ні цяжэйшы, ні лягчэйшы. Кожнаму несці свой.

- Няхай так, - згадзіўся Юда. - Толькі ён сам хоча, каб яго судзілі. Ён жа не сказаў, што невінаваты.

Хрыстос паківаў.

- Не сказаў. Але паэт - не цар. Ён не можа гэтак сказаць на адным крыжы з вінаватым, бо лічыць, што вінаваты ягонай віной. Як і я лічыў, калі мяне раскрыжавалі разам з разбойнікамі. Я пытаў сябе: чаму я з імі? Ці не таму, што ў тым, што яны разбойнікі, ёсць і мая віна?

Са слоў ягоных няцяжка здагадацца было, што кажа Ён не толькі пра сваю віну. Ён кажа і пра віну тых, да каго звяртаецца, таму па тварах апосталаў блукала маўклівая нязгода. Лічыць сябе вінаватым у тым, што ў свеце ёсць тыраны, разбойнікі, забойцы, ніхто не хацеў. Ніхто, апроч Хрыста, якога спакушаў "лётчык" учыніць Страшны суд: зрабіць тое, што можа зрабіць толькі Бацька ягоны.

"І што тады? Бог зазлуе на Сына свайго, які ўявіў сябе роўным Богу? Пракляне? Як пракляў Сатану, які роўным Богу сябе палічыў? Гэтага хоча Лётчык?" - думаў, спачуваючы Хрысту, Купала, а Сталін сказаў: "Ды Ён сам хацеў бы Страшны суд учыніць! Але баіцца. Бо ўжо зрабіў не сваё, паабяцаўшы Божае царства. - І ўбачыўшы, як паляўнічым сабакам наструніўся на Хрыста Лётчык, дадаў: - Дарма Ён павінаваціўся. Мацнейшы, калі вінаваціцца, ужо не мацнейшы. Не Бог".

- Дык узыдзі на крыж, калі вінаваты, - раптам прамовіў да Хрыста, у бок лобнага месца кіўнуўшы, Лётчык. - Ці двойчы ў ваду Іярдана не ўваходзяць?..

Гэта быў першы адкрыты выпад Лётчыка супраць Сына Божага, які ён дазволіў сабе, пэўна, таму, што ўбачыў расколінку ў адносінах Хрыста з апосталамі, і вырашыў расколінку пашырыць. Калі б нехта з апосталаў, нязгодных падзяляць з Хрыстом віну за недасканаласць свету, запярэчыў Лётчыку, на тым бы ўсё і скончылася. Але ніхто не запярэчыў, і Хрыстос, пакутліва паглядзеўшы на кожнага з вучняў сваіх, пачаў паволі, нібы спавядаючыся, прамаўляць да іх і да ўсіх тое, што ўжо чуў ад Яго ў сне, убачаным на трэці дзень па смерці, Купала.

54

Праз смерць бацькоў, праз данос Мацвеева і страх арышту, праз усё, што апошнім часам сталася, Віктару было не да Індыі, ён ужо й забыўся пра яе, калі Ганне патэлефанаваў Грачын і сказаў, каб збіраліся: купленыя квіткі.