Выбрать главу

- Гэта наша дзіця і наш паратунак, - сказала Ганна. - Ці ты ў Крэва паедзеш ратавацца?..

Яны прачнуліся ў велізарным нумары гатэля ў Калькуце на шырачэзным ложку, па якім роўненька паміж імі, адліваючы срэбрам, паўзла змяя. Такая ж самая, што на карціне насупраць акна абвівала фалас, які ў Індыі называецца лінгамам, і пра які ім сказалі, што гэта бог Шыва. А тая срабрыстая, што абвівае лінгам, змяя з падобным да свастыкі малюнкам на галаве - каралеўскай кобра.

У змяі, якая павольна паўзла паміж Віктарам і Ганнай, быў на галаве малюнак, падобны да абсечанай свастыкі.

Кобра! Каралеўская! Не нейкі там меч паміж Ізольдай і Трыстанам!

Голыя, нават прасцінай не накрытыя, бо ў нумары горача было, яны ляжалі, знерухомленыя страхам, не ведаючы, што рабіць.

Змяя, здавалася, нават не паўзла, а цякла, як ртуць, ад ног да ўзгалоўя. Прыпыніўшыся каля Ганіных сцёгнаў, прыпадняла над пушком вагіны, ёні, як называюць яе індусы, галаву, нібы раздумваючы: ці не ўвайсці ў Ганю? - тая сутаргава сціснула ногі. Змяя спружынай слізнула вышэй, узнялася над іх галовамі, паглядзела вачамі, якімі глядзіць звычайна, напаўняючыся жаданнем, жанчына, на Ганю, на Віктара, перацякла цераз спінку ложка і схавалася пад ім.

Яшчэ з чвэрць гадзіны яны ляжалі, баючыся зварухнуцца.

- Пазвані… - нарэшце ледзь чутна сказала Ганна. - Шнурок справа ад цябе…

Гатэль быў стары, яшчэ, мусібыць, каланіяльны, са шнурамі ў нумарах, працягнутымі да званкоў за дзвярыма, каб выклікаць гатэльных служкаў. Шнур таксама быў сплецены ў выглядзе змяі, Віктар асцярожна падняў руку, торгнуў шнурок, званок дзвінкнуў, і тут жа, нібы чакаў за дзвярамі, увайшоў маладзенькі індус. Ветліва кіўнуў і, ніяк не зважаючы на тое, што перад ім аголеныя мужчына з жанчынай, прайшоў да ложка, выцягнуў з-пад яго змяю, ускінуў яе на шыю, зноў кіўнуў і выйшаў.

Калі за ім зачыніліся дверы, Віктар нечакана адчуў, што захлынаецца не толькі страхам, але яшчэ і тым, чым былі напоўненыя вочы змяі. Зірнуў на Ганну - у яе былі гэткія ж вочы. Прахалоднай ад страху і гарачай ад жадання змяёй яна слізнула пад яго - і на старым каланіяльным ложку ў Калькуце яны кахаліся з гэткай жарсцю, так доўга і так неспатольна, як некалі на падлозе качагаркі ў Маскве і на Юр’евай гары ў Крэве.

- Свята змяі! - выдыхнула, апошні раз скалануўшыся і абмякшы, Ганна. - Гэта на яго мы прыехалі ў пяты дзень месяца шравана!

Пра тое, што свята змей адзначаецца ў пяты дзень месяца шравана, які ўбірае ў індуісцкім календары апошні тыдзень ліпеня і тры тыдні жніўня, сказала ім яшчэ ў Дэлі прыстаўленая да Ганны, дачкі члена Палітбюро ЦК КПСС, памочніца, маладая жанчына з іменем Рачана, падобная да сакратаркі дырэктара антыкварнай крамы Сюзаны, толькі ў індыйскім варыянце. Ганна папрасіла яе растлумачыць, што такое індуізм, чым ён адрозніваецца ад хрысціянства, і Рачана ў самалёце з Дэлі ў Калькуту тлумачыла: "Гэта проста. Індуізм на санскрыце - сангітана-дхгірма. Вечны шлях, вечны закон. А на вечным шляху пры вечным законе не абавязковая прысутнасць бога, таму ў індуізме шматбожжа. У ім няма стваральніка свету, у строгім сэнсе гэта нават не рэлігія, а светапогляд. Не столькі разуменне жыцця, колькі ягонае адчуванне".

Паслухаўшы, Ганна сказала: "Зусім проста".

Калі яны выйшлі з аэрапорта ў Калькуце, да іх наблізіўся стары індус і папрасіў закурыць. Віктар працягнуў яму цыгарэту - індус адскочыў. Віктар зрабіў крок наперад - індус крок назад. Пасля, адступіўшы яшчэ на крок, паказаў рукой на лаву, каля якой яны стаялі. І тут Віктара працяла: ён з касты недатыкальных! Тое, пра што казалі Віктару ў школе, што, як яму ўжо тады ўяўлялася, мусіла быць у далёкай мінуўшчыне, у нябыце, жывое! Вось яно! - паклаў ён цыгарэту на лаву, і стары індус узяў яе, кіўнуў з удзячнасцю, прыкурыў.

Паляцець з Дэлі ў Калькуту параіла Ганне, прыняўшы яе ў сябе дома, Індзіра Гандзі, у якой была знаёмая, знакамітая на ўсю Індыю лекарка, што займалася аюрведай, лекавала ад усіх, у тым ліку жаночых, хваробаў, а да ўсяго была сястрой губернатара Заходняй Бенгаліі.

- Вам быць на прыёме ў прэм’ер-міністра Індыі не абавязкова, - сказалі Віктару ў савецкім пасольстве. - Паміж ёй і Ганнай Васільеўнай можа быць інтымная размова.

Яны нібы не ведалі, якія адносіны ў яго з Ганнай. "Інтымныя адносіны ў Індыі не азначаюць інтымных размоў?" - спытаў ён пасла, але той не стаў паглыбляцца ў інтымнае. Прыставіў да Віктара: "Каб вам было зручней..." - індуса з іменем Абхай, тварам падобнага да гэбіста, які і быў хутчэй за ўсё гэбіст, бо цягаўся за Віктарам неадступна. Нават на прыёме ў губернатара, на які іх павезлі з аэрапорта, даўшы час толькі памыцца з дарогі: дзе і з кім Віктар - там і з тымі Абхай.