Ганна таксама глядзела на кіроўцу не як на мярцвяка. І яна не апраўдвалася, таму Віктар дадаў за яе: "А ў Ганны, мусіць, шок быў…"
- Непрытомны... шок... - выйшаў з машыны кіроўца. - Але ж калі апрытомнелі, калі шок прайшоў, маглі спытаць, што са мной? Хоць пацікавіцца, дзе я? Хай сабе я не чалец Палітбюро і не зяць ягоны.
"І праўда пацікавіцца маглі. Але не пацікавіліся. Чаму?.." - падумалася Віктару, а Ганна ступіла да кіроўцы, падала руку: "Ганна. Трубяцкая. Актрыса", - і той руку падаў: "Віктар. Маргер. Паэт".
Як гэта?..
- Беларускі паэт? - спытала Ганна такім голасам, нібы нічога іншага ў адказ пачуць не чакала, а кіроўца перапытаў: "Чаму беларускі?.."
Некалі яна гэтаксама з Віктарам знаёмілася - іншапланецянка ў белай сукні з чырвоным поясам. Толькі тады першы ён падаў руку: "Віктар Маргер", - і яна падала: "Ганна Трубяцкая".
Кіроўца прысеў пару разоў, размінаючыся. Абышоў машыну:
- Капцы майму "Масквічку". Не трэба было ехаць… А ведаеце, чаму паехаў? Гэбіст патэлефанаваў, які спрабаваў завербаваць мяне гадоў пяць таму. Сказаў, што ў псіхушку мяне вырашылі пасадзіць, дык па даўнім знаёмстве ён можа параіць, як выкруціцца. Сустрэцца прапанаваў у кавярні на Новым Арбаце. Я вырашыў паехаць, каму ў псіхушку хочацца? І во куды прыехаў… А гэбісты яшчэ прыдумалі, нібы я наўмысна ў "ЗІЛ" урэзаўся, члена Палітбюро забіць хацеў. Праўду сказаць, я б іх усіх пазабіваў, але ж хацець - не зрабіць. І ты таксама пазабіваў бы, - стаў ён насупраць Віктара. - А танцуеш каля іх, круцішся… Ды Бог не цяля, бачыць круцяля.
Апошнія словы ягоныя прагучалі так, як быццам Віктар сам сабе іх сказаў. І падумаў: "Так, пазабіваў бы, а танцую каля іх, кручуся. А Бог не цяля, бачыць круцяля. Калі ёсць ён, Бог".
- Ёсць, - сказаў кіроўца. - І ён дараваў мне, бязвінна забітаму. - А табе...
- Што мне? - не стрываў, хоць і веры не даваў, што ўсё гэта насамрэч адбываецца, Віктар.
- Не ведаю, што. Бог ведае. Але думаю: не даруе.
- Чаму?
- Бо ты перастаў чуць Ягоны голас. Бо спакусіўся. Захацеў таго, што не тваё, і сумленне ў табе закруцілася, як вятрак. У той бок, адкуль вецер. Кінуў яе, - кіўнуў ён на Ганну. - З’ехаў. А там, куды з’ехаў, не выйшла так, як ты хацеў. Вярнуўся. Хіба да яе? Хіба ты ў каханне вярнуўся? Ты вярнуўся да тых, каго забіў бы. А прыкідваешся, што любіш іх. Гэта яшчэ горш, чым вярнуцца да раскаханай. Калі ты паэт, нашто табе гэта?
Пра вяртанне да тых, каго забіў бы, кіроўца, паэт з ягоным іменем і прозвішчам, чалавек, з якім яны нават пальцамі былі падобныя, у якога, як і ў Віктара, быў шнар на сярэднім пальцы правай рукі, сказаў тое ж, што Віктар сам сабе мог сказаць, але пра Ганну - не! Яна не была раскаханай, такія жанчыны проста не могуць раскаханымі быць, і Віктар запярэчыў: "Што ты можаш ведаць пра нашы адносіны?.. Пра мяне?.. Чаго я хачу, чаго не хачу..." - а кіроўца стаў перад ім твар у твар: "Тое самае, што і ты!"
Яны глянуліся адзін у аднаго, як у люстэрка, закружыліся адзін перад адным, нібыта пеўні перад бойкай, і не распазнаць было, хто з іх Віктар Маргер, а хто ягоны адбітак, хто нябожчык, а хто жывы?..
- Ну?.. Хто з іх ваш?.. - задаволена спытаў Ганну, падыходзячы да машыны і адчыняючы багажнік, "лётчык". Ганна нічога не змагла адказаць, а "лётчык" усміхнуўся. - Ды жарт гэта, жарт. Бо слухаць абрыдла: адзін, адзіны... - нахіліўся ён, дастаючы нешта з багажніка. - А вось гэта ўжо не жарт. Выбухоўка. Гаспадар машыны не ведаў пра яе. Падклалі. Чаму яму? Бо і паэты ў Доме літаратара, і артысты ў Доме кіно не аднойчы чулі, як ён гразіўся пазабіваць усіх крамлёўскіх старцаў. Чаму не выбухнула? Бо, як заўсёды ў краіне, грамадзянамі якой вы маеце шчасце быць, нешта ў апошні момант абавязкова не спрацоўвае. Гэтым разам дэтанатар. Калі б ён спрацаваў, вы б усе трое... Нават чацвёра: капітан КГБ Малькоў, які кіраваў машынай Грачына, таксама. Ведаю-ведаю, чаму вы хочаце запярэчыць, - заўважыў ён нязгоду на твары Ганны. - Таму што самі бачылі, як машыны сутыкнуліся па віне кіроўцы "ЗІЛа", а не "Масквіча". Дык вось кіроўца вашага бацькі спачатку набраў хуткасць, а потым рэзка затармазіў, каб "Масквіч" уляцеў у бок "ЗІЛа", бо яму сказалі, што аварыя за Новаарбацкім мостам падстройваецца наўмысна, што гэта праверка ўрадавай машыны на трываласць. У рэальных дарожных умовах, - з націскам прамовіў "лётчык". - А якія ў краіне рэальныя дарожныя ўмовы?.. Яны такія, што кіраўнік краіны, Генеральны сакратар ЦК КПСС таварыш Брэжнеў моцна хворы і праз год памрэ. А ў старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі таварыша Андропава, які меціць на ягонае месца, адзіны супернік - таварыш Грачын. Мог быць яшчэ таварыш Суслаў, але таварыш Суслаў памрэ раней за таварыша Брэжнева.