Гасцей у рэзідэнцыі губернатара было няшмат, затое служкаў - процьма. "Прыём выключна для вас", - сказала Рачана, праводзячы іх у пампезна дэкараваную залу, пасярэдзіне якой стаяў вялізны, такіх Віктар і не бачыў ніколі, слон, які быў такі белы, што можна было падумаць, нібы ён мармуровы, але слон быў жывы, і на ім сядзеў апрануты так страката, як, пэўна, павінен быць апрануты губернатар штата Заходняя Бенгалія, дырэктар антыкварнай крамы 300-й секцыі Упраўлення справамі ЦК КПСС Вензель. Вядома, гэта быў не ён, чаго дырэктару антыкварнай крамы сядзець на слане, слон не антыкварыят, але падабенства было такім, што і Ганна прыняла губернатара за Вензеля, і ўглядалася ў яго, задзіраючы галаву, пакуль слон не абхапіў свайго вершніка хобатам пад пахі і не апусціў на мармуровую падлогу.
- Індзіра папрасіла мяне чым-небудзь вас здзівіць, - пацалункамі рук павітаўся губернатар з дамамі і поціскамі - у яго была халодная рука Вензеля! - з мужчынамі. - Чым-небудзь такім, што вы запомнілі б. Дык спадзяюся, цяпер вы ўсё жыццё будзеце расказваць, што губернатары ў Індыі сядзяць у сваіх рэзідэнцыях на сланах. А цяпер прашу да стала.
- Есці хачу, - пацягнулася ў каланіяльным ложку Ганна. Нагамі, жыватом, грудзямі, шыяй, яна заўсёды так, асобна кожнай часткай цела пацягвалася пасля любоўных дзеяў. - Дарэчы, ёсць змеі, самка якіх пасля гэтага зжырае самца.
- Няма такіх змей.
- Ёсць. Анаконды.
- Добра, што ты не анаконда.
- Скуль ты ведаеш, што не?..
- І праўда. Скуль я ведаю…
Яна прыўзнялася на локаць.
- Я б яе зжэрла.
- Каго яе? Змяю?
- Ганну.
- Якую Ганну.
- Жонку Вітаўта.
- За што?
- Калі ты ратуеш мужа, дык ратуй, сабой ахвяруючы, а не іншай.
- Тая іншая для яе ніхто.
- Тым больш. Тады гэта не ахвяра. Ганна нічым не ахвяравала. А Любоў...
- Што Любоў?
- Нават калі гэта так, як было ў нас сёння, усё адно яно не вартае жыцця. А яна палічыла, што вартае. Адно імгненне з каханым!.. І графіня Марыя Аляксандраўна, якая стала проста ўдавой пісьменніка Платонава, кажа, што каханне - гэта калі тваё жыццё не ў табе, а ў іншым чалавеку.
- Сказаць усё можна.
- Вось і я кажу... - падняўшыся, на цырлачках пайшла ў лазенку Ганна. - Кажу, што не ведаю, хто я. Ганна, Любоў, ці Марыя Аляксандраўна?..
Нібы нешта шукаючы ў сабе, яна вярталася і вярталася да гэтай размовы. За час, які чакалі яны квіткі на самалёт з Крэва да Індыі, столькі ўсяго было, нават данос быў, праз які невядома яшчэ, што будзе, а яна ўсё пра Вітаўта, пра ягоную жонку, пра Любоў - гэтак яе ўразіла тое, што ў Крэўскім замку Вензель паказаў.
Ганна выйшла з лазенкі - уся бліскучая. У пералівіста-змяінай, якая шчыльна аблягала яе, сукенцы, якой у Маскве на ёй Віктар ніколі не бачыў.
- Ты помніш, як называеца свята змей? На-га-пан-чамі!.. Давай застанемся на гэтым свяце і нікуды болей не пойдзем. Толькі паснедаем. Учора столькі ўсяго смачнага было, а я і не з’ела ні каліва - так мяне падобны да Вензеля губернатар на слане здзівіў. Слон гэта слон, а ён - гэта ён? Як ты думаеш?..
Віктар думаў, што слон - гэта слон. Хоць і белы.
На сняданку, калі яны распавялі пра змяю ў нумары, Абхай з Рачанай казалі весела: "Гэта забаўка тут такая. Прыгода на свята змяі. У вас жа пыталіся ўчора: вам нумар з прыгодай, ці без? Вы прамаўчалі. А маўчанне ў нас, як і ў вас, - згода. Вось і падкінулі ў нумар змяю. У Індыі яна - знак урадлівасці, вы ж па гэта сюды прыехалі?" - "А калі б укусіла!" - накінулася на іх Ганна, на што Абхай сказаў, што гэта выключана, бо, па-першае, джала вырванае, а па-другое, што можна лічыць першым, на сваё свята змеі не кусаюцца, за тысячы гадоў ніводнага выпадку такога не было, чаго не могуць патлумачыць вучоныя, але лёгка тлумачаць садху, святыя людзі.
- І як яны тлумачаць? - пацікавіўся Роберт Ружэвіч, з якім яны сустрэліся ўчора на прыёме: ён разам з жонкай прыляцеў з Масквы, каб выступіць у місіі Рама Крышны, прычым не з вершамі, а з лекцыяй, ён дзе заўгодна і з чым заўгодна мог выступаць, - але Абхай не паспеў яму адказаць, як тлумачаць садху тое, што змеі ў свята не кусаюцца, бо жонка Ружэвіча спытала: "А чаму да нас змяя не прыпаўзла, я ж прасіла нумар з прыгодамі?" - і Абхай развёў рукамі: "Каралеўская кобра ў гатэлі адна, а ў вас з урадлівасцю, наколькі я ведаю, усё добра".
У Ружэвічаў былі дзве дачкі.
- Учора вас прымаў губернатар, а сёння, Ганна Васільеўна, нам да ягонай сястры. Да лекаркі Дзеві-Марыі. Калі ў некага праблемы са здароўем, таксама можна з намі, Дзеві-Марыя ўсіх прыме, - абвесціла пасля сняданку Рачана, і ўсе сабраліся ехаць: праблемы са здароўем аказаліся ва ўсіх.