Выбрать главу

Селі ў падагнаны Абхаем старэнькі, шасцімясцовы, які ўжо гадоў 20 як не выпускаўся, мінівэн "Fiat 600", доўга ехалі на поўнач ад Калькуты ў бок Гімалаяў.

- Аюрведа - народная медыцына, - тараторыла Рачана. - З санскрыту слова гэтае можна перакласці як веданне жыцця, якому навучыў нашых продкаў, першых індусцкіх лекараў, Брахма, і ў Дзеві-Марыі, да якой мы едзем, веданне ад яго, ад бога, і ў самой яе імя, калі перакласці з хіндзі, багіня, а другое імя яна прывезла з Еўропы, дзе вучылася на звычайную доктарку, і вы самі ведаеце, хто такая Марыя...

Багіня ды яшчэ і маці Бога… Не ў кожнай лекаркі такое імя.

У канцы вузкай, нібы цясніна, з абодвух бакоў застаўленай машынамі вуліцы ("Гэта чарга да Дзеві, людзі з усяго свету тыднямі чакаюць, але мы без чаргі") стаяў у падножжы невялікай гары звычайны еўрапейскі дом, які мог стаяць дзе-небудзь у падножжы Альпаў, у падворак якога выйшла, каб сустрэць гасцей, маладая жанчына ў блузцы і джынсах, пра якую можна было падумаць, што яна служанка "багіні" ці яе сакратарка, а Рачана сказала:

- Знаёмцеся, доктар Дзеві-Марыя.

Дзеві-Марыя ніяк не выглядала на тую гімалайскую лекарку, якую яны чакалі ўбачыць: чорнавалосую ведзьму, ці сівую бабулю. Светлатварая з блакітнымі вачамі, яна і на індуску не падобная была.

- Мой бацька быў арыем, вы ж ведаеце, што арыі пайшлі з Гімалаяў, і ён быў свамі, гэта амаль тое самае, што махатма, святы, - казала, частуючы іх кавай на верандзе, гэтая жанчына, на якую Ружэвіч глядзеў, як зачараваны, і, мусібыць, Віктар гэтаксама на яе глядзеў, бо ў Ганны торгаўся куточак роту, што бывала, калі яна трохі нервавалася. - Бацька з трох гадоў вучыў мяне народнай медыцыне, пасля вучылі манахі, потым я вучылася традыцыйнай медыцыне ў Еўропе, у Англіі, яшчэ ў Амерыцы ва ўніверсітэце Хопкінса і ў Расіі ў інстытуце Сечанава, так што не думайце, што я, як кажуць у вас, вядзьмарка. Дайце мне руку, - села яна каля Ганны. - Зараз я патлумачу спосаб дыягностыкі, якому навучылася ад бацькоў, ад манахаў, а тыя - ад багоў. Ён просты, але, каб бездакорна засвоіць яго, мне спатрэбілася амаль усё маё жыццё. Умоўна кажучы, чалавек - гэта тры контуры, па якіх цыркулюе энергія. Па крыві, па цягліцах і па костках, - паклала яна тры пальцы на руку Ганны там, дзе звычайна мераюць пульс, і куточак роту Ганны перастаў торгацца. - Ток гэтай энергіі нясе інфармацыю пра стан вашага здароўя, якую я здымаю пальцамі, як датчыкамі, з сэрца, лёгкіх, нырак, страўніка, палавых органаў, з кожнай кропкі вашага цела. Гэтаму нельга навучыцца ні ва ўніверсітэце Хопкінса, ні ў інстытуце Сечанава, - заплюшчыўшы вочы, засяроджана замоўкла на хвіліну Дзеві-Марыя, і ў гэтую хвіліну твар яе змяніўся: і без таго прыгожы, ён стаў тварам багіні, падобнай да багіні прыгажосці Лакшмі, жонкі бога Вішну, якой намаляваная яна ў храме Лакшмі-Нараян у Дэлі, паглядзець які, бо ён збудаваны пры бацьку Індзіры Гандзі, зацягнула Ганну з Віктарам Рачана. Праз хвіліну багіня Дзеві-Марыя расплюшчыла вочы, пагладзіла Ганну па руцэ. - У дзяцінстве вы перанеслі цяжкую інфекцыю, у вас хворая кроў, я дам лекі, усё будзе добра…

- А што ў мяне?.. - падсела да яе жонка Ружэвіча, потым падсеў Роберт, ёй і яму Дзеві-Марыя назвала іх хваробы, надавала пакецікаў з лекамі.

- За дыягназ грошы не бяру, гэта не маё, божае, а за лекі, калі ласка, заплаціце, бо я мушу плаціць людзям, якія ў гарах збіраюць для гэтых лекаў карані, травы, мінералы…

Калі дайшла чарга да Віктара, дзіўная лекарка Дзеві паклала пальцы яму на руку і тут жа скінула іх з рукі.

- Я хацела б асобна з вамі пагаварыць.

Яна правяла яго з веранды ў дом, у пакой, застаўлены кнігамі і завешаны фотаздымкамі, на якіх Дзеві-Марыя ўсміхалася побач з сусветнымі знакамітасцямі, палітыкамі, акторамі, спевакамі. На адным фотаздымку яна ўсміхалася з Мэрлін Манро, на другім з Хэмінгуэем, на трэцім з Элвісам Прэслі, на чацвёртым з Брэжневым, пад якім пасадзіла Віктара на канапу, яшчэ раз паклала пальцы яму на руку, яшчэ раз заплюшчыла вочы і стала, засяродзіўшыся, прыгажуняй, багіняй Дзеві-Марыяй, якая спытала:

- Вы калі-небудзь бачылі сябе мёртвым? Ці некага падобнага да вас?

Вось адкуль яна гэта ведае? Па току крыві дазналася?..

Ён учора бачыў яе брата, падобнага да Вензеля. Дык, можа, гэта ён сказаў ёй пра загінулага рускага паэта Віктара Маргера?

- Бачыў. Але гэта было як бы...

- Як бы як? Як бы не на яве?

- Так. Як бы не на яве. Нібы трызненне, галюцынацыі.