Выбрать главу

Гэта ўжо было поўнай нечаканкай - Віктар разгубіўся. Не ведаў, што сказаць. Але штосьці сказаць, падзякаваць Ружэвічу, што заступіўся, трэба было, і ён, падзякаваўшы, спытаў, трохі заікаючыся праз разгубленасць, як Ружэвіч: "А чаму, Роберт Станіслававіч?.. Чаму вы за мяне заступіліся, мы ж з вамі не ў такіх адосінах, каб…" - і Ружэвіч перапыніў яго: "Бо ёсць такая рэч у паэтаў: цэхавае братэрства. Як у масонаў. Табе Круча хіба не казаў пра гэта?"

Круча казаў. Але Круча не падобны да масона. А Ружэвіч падобны: пра ягоныя сувязі, праз якія ён мог любую праблему вырашыць, па Маскве легенды хадзілі.

У два бакі вяслуе.

Ды хіба адзін ён?.. Што цяпер, што раней. Маякоўскі, які пад Леніным чысціўся, Купала, які дулю ў кішэні Сталіну паказваў. Але так не можа быць, каб і дуля ў кішэні, і ордэн на грудзях. Тут або-або. Таму адзін застрэліўся - і ні пры чым Ліля Брык, а другі з лесвіцы сторч галавой - і ні пры чым Паўліна Мядзёлка.

Я памёр - і ні пры чым Ганна Трубяцкая.

- Калі сказалі, што ў іх да мяне ніякіх прэтэнзій, дык, можа, ні пры чым Мацвееў? - ужо без заікання ўдалося прагаварыць Віктару. - Можа, нічога і нікуды ён не дасылаў, разыграў усіх, нагаварыў абы-чаго ў качагарцы, бо п’яны быў.

Ружэвіч паківаў галавой:

- Наўрад ці… Ён у такія гульні не гуляе. Калі мы з Алай пажаніліся і нам не было дзе жыць, дык не сакратар Маскоўскага гаркама партыі, як пра тое байкі баяць, а Мацвееў, які быў пры Саюзе пісьменнікаў дворнікам, дапамог нам пасяліцца ў падвале "дома Растовых". Я добра яго ведаю. Ёсць парода людзей, якія найбольшай здрадай лічаць не здраду сяброўству ці каханню, а здраду перакананням. Прынцыпам. Мацвееў з гэтай пароды. Я так не лічыў і не лічу, перакананні і прынцыпы ў чалавеку мяняюцца, а ён лічыць, што не мусяць мяняцца. Калі ты даў прысягу чырвонаму сцягу, дык да канца, калі беламу - да канца таксама. За прынцыпы ён змагаецца любымі спосабамі - тут у яго прынцыпаў няма. І ён не хавае гэтага. Так што, калі сказаў, што даслаў, значыць, даслаў. Іншая рэч: да каго яно ў рукі патрапіла? Можа, і не да нашага генерала, а да генерала Чарльза Сцюарта. А генерал Сцюарт нашаму генералу нічога не сказаў.

Такое магло быць. У любым выпадку цяпер зразумела, чаму Круча прапаў са сваёй прапановай дыялогу ў "Літаратурнай газеце". Вырашыў дзейнічаць інакш. Патаемна, як масоны.

- Давай вып’ем, - нечакана прапанаваў Ружэвіч. - Памятаеш, як пад фікусам выпівалі?.. Цяпер пад пальмай. Багіня Дзеві-Марыя нейкі напой ад усіх хваробаў дала, паспрабуем? Хоць ты і здаровы.

І зноў ён гэтак зірнуў, нібы нешта пра Віктара ведае.

Каму сказаць, што здаровы, бо не жывы? Ганне не скажаш. Яна хоча дзіця. Не ад мёртвага ж мёртвае, як у казцы, якую расказвала некалі маці. Сказаць Ружэвічу?.. Калі ён так адкрыўся.

- Я мёртвы.

- Што?

- Багіня Дзеві сказала, што я мёртвы.

- Як мёртвы?

- Ну, мусіць, не так, як гэтыя, што на могілках, але неяк мёртвы.

- Тады тым больш.

- Што тым больш?

- Тады тым больш трэба выпіць за здароўе, - адкаркаваў Ружэвіч бу-тэлечку з густа-чырвоным, як небасхіл на захадзе сонца, напоем. - І табе ўдвая болей, чым мне.

Выпілі.

Вось і ўсё. Выпілі - і ўсё. Ці ты яшчэ жывы ці ўжо не - без розніцы. Ружэвіч нават не здзівіўся.

І так праз усё жыццё. Адкрываешся людзям, чакаеш спагады, а ім усё адно.

- Гэта нармальна, - з’явіўся аднекуль знізу, Віктар нават зірнуў, ці няма люка ў альтанцы, генерал з такімі бакенбардамі, што яны ляжалі на ягоных аксельбантах. Мусібыць, генерал Чарльз Сцюарт. - Жывы пра мёртвага так, як мёртвы пра мёртвага, раман не напіша.

Віктар хацеў спытаць, адкуль генерал ведае, што ён раман пра мёртвага піша, але Ружэвіч апярэдзіў яго:

- Рады вас бачыць, генерал! - І паказаў уніз: - Як вам там?

Чарльз Сцюарт, а гэта быў ён, каму яшчэ ў ягонай магіле быць, расшпіліў гузік на кіцелі.

- Душнавата. Індыя. У Англіі было б прахалодней.

- Так, - згадзіўся з ім Ружэвіч. - У Англіі прахалодней, я бываў у Англіі.

Генерал зірнуў на яго, як пазіраюць на чалавека, які вядзе неабавязковыя, пустыя размовы, і звярнуўся да Віктара.

- Я чуў вашу размову. І хачу вам сказаць: памерлы не мёртвы, а ненароджаны жывы. Разумееце?.. Гэта адно - і гэта вельмі важна. Другое. Вы напісалі ў рамане…

Яны тут нават пра гэта ведаюць! Памерлыя не мёртвыя - і ведаюць пра ўсё?

- Я не дапісаў яго…