Бо верыць не прыйшла пара.
I скінула яго гара
Лавінаю…
Яго ў снягах
Знайшла Марыя ледзь жывога,
Адняньчыла, нібы малога,
I, не адпрэчыўшы зямнога,
Згубіла свой нябесны шлях.
19
- Вам не ўзляцець, - сказаў манах,
Пакуль зямля цяжарыць крылы…
20
…Яна знайшла мяне, накрыла
Апраткай жоўта-залатой,
Сказала: "За мяжой пустой
Сырая снежная магіла -
I ў ёй усё, што я любіла".
21
"Шлях з веры ў веру - шлях не той?" -
Спытаўся я,
і з вуснаў строгіх
Пачуў адказ: "Адзін са многіх".
22
- То ў чым віна мая, Марыя,
Калі парывы ветравыя
Нясуць, нібыта дым шкляны,
Душу
зблуканымі шляхамі?
23
- Перад усімі, - мовіў Свамі, -
Нябесныя шляхі віны.
Зямным - зямное.
Дзеці самі -
3 малога цешацца яны. -
I шкло іскрылася між намі,
Клубіўся ў ветры дым шкляны.
- I Веда Вед,
I Вера Вер -
Хімерныя, калі на згубу,
Адняньчаны, ідзе да шлюбу
Паэт, англійскі афіцэр.
Калі спасцігнуць Веду свету
Жанчыну абірае лёс,
А тая таямніцу гэту
Лавінай кідае з нябёс
Пад ногі выхрысту-паэту,
То ўсё дарма: і рух, і мэта,
Куды б дарога ні вяла…
24
- Марыя, ты ўсё ж там была.
Скажы мне, што там?
- Дзе?
- У Бога.
- Нічога там няма. Дарога.
25
Сінеча холаду начнога
Над Гімалаямі плыла.
Сыходзіліся ў храм начны
Індусы -
там спявалі хорам,
Там пакланяліся яны
Таму, пра што і думаць сорам
У Англіі…
Крывёй жывой
Жыццё бруілася, як брага,
Густой хісталася травой
У хвалях Інда, водах Ганга.
Гатовае па волі Брамы
Само сабой ахвяраваць,
Яно глядзела ў вочы Ямы,
Не баючыся паміраць,
Спазнаючы сябе, вякамі
Зямную трушчыла кару
I ўзносілася ўвысь хрыбтамі
Высокай Хары і Меру,
Каб там, дзе ўжо няма нічога,
Дзе абрываецца дарога
I зноў вяртае на зямлю,
Змяя пацалавала Бога,
I Бог пацалаваў змяю.
26
- Злуеш, Марыя?
- Не злую.
27
- Не ўсе ў жыцці, нібы на свяце, -
Сказаў манах. - Яна праз саці [7]
Прайшла, застаўшыся ўдавой.
Той афіцэр англійскі, той
Паэт, сасланы за разбой,
Сектантам стаў,
ахвяраваў
Марыю, што жыла ў Марыі,
Прызначыўшы яе кастру,
Як сам сканаў ад малярыі…
28
За ёй падняўшыся ўгару -
Адзін спускаўся ўніз з гары я:
"Марыя, калі я памру,
Дзе мы сустрэнемся, Марыя?"
- Тут, дзе маланкі шаравыя
Высокай Хары і Меру,
У храме, лотасам сагрэтым,
Дзе Вішну абвіла змяя;
Тут, толькі тут, бо ў свеце гэтым
Ёсць Індыя, адна планета,
I ўся астатняя зямля.
Чакай свой час, сваю пару.
29
- Марыя, калі я памру,
Ты скажаш, што там?
- Дзе?
- У Бога.
30
"Нічога там - адна дарога
Ды зор ахвярнае святло…"
31
- А ты б хацеў, каб там было
Што-небудзь? - запытаўся Свамі.
- Каб Індыя была…
32
Над намі
Нябёс задымленае шкло
Мігцела зорамі і снамі.
Са сноў сыходзілі сланы.
33
Ступалі след у след яны
На свой зваротны шлях.
Манах
Мне ў прыгаршчы насыпаў прах,
Сказаў: "Ідзі, нясі дадому,
Развей на родных берагах.
Не суддзі мы адзін адному".
- Марыя!.. -
голас у гарах
Прапаў, не чутны мне самому.
Гаруда, белы Божы птах,
Сарваў з Мандары кветку сому
I кінуў на зваротны шлях.
LV
- Я нарадзіўся ў Назарэце. Гэта ў Галілеі, на той час адной з правінцый Рыма. Сям’я наша была шматдзетнай, чацвёра братоў і тры сястры. Жылі бедна, а ўсіх трэба было карміць. Я быў першынцам, таму мой бацька зямны, які быў не столькі цесляром, бо Галілея не лясны край, колькі мулярам, рана далучыў мяне да працы. А калі я вырас, у Назарэце, невялікім паселішчы з нейкай сотняй жыхароў, працы не стала. Усе, хто мог збудавацца, збудаваліся. Нас чакаў голад, але тут Ірад Анціпа, правіцель Галілеі, надумаў зрабіць з Сепфорыса, спаленай рымлянамі галілейскай сталіцы, новы горад. Аўтакратарыс. Ён быў побач, у гадзіне хады ад Назарэта. Вось там працы хапала. І аднойчы, калі, запрацаваўшыся, мы з бацькам не пайшлі на ноч дахаты, а засталіся начаваць каля тэатра, які будавалі для Ірада, да раскладзенага намі вогнішча падышоў падарожнік. Прысеў на камень і прамовіў: "Вы распалілі агонь, каб падагрэць ежу і наталіць цела, а ёсць чалавек-прарок, які распальвае агонь, каб наталіць душу". Бацька спытаў: "Што гэта за агонь?" - і падарожнік адказаў: "Божы". Яшчэ ён сказаў, што прарок той жыве на Іярдане і агонь ягоны ў вадзе, якой хрысціць ён, ачышчаючы ад грахоў. А зваць таго прарока, які прарочыць Божы суд, пасля якога для ахрышчаных і ачышчаных настане Царства Божае, - шырока глянуў Хрыстос на Купалу, - Ян Купала [8].