Аповед падарожніка гэтак мяне ўразіў, што я напісаў верш пра Божы агонь, які не гасне ў вадзе. Прачытаў яго падарожніку, і ён сказаў, што я паэт. "І шлях твой, - сказаў ён, - да Яна Купалы. Ідзі да яго".
Не адразу, але пайшоў я на Іярдан. Там сустрэў мяне Купала і спытаў, ці гатовы я ахрысціцца ад яго ў пакаянне?
Пражыўшы на свеце амаль трыццаць гадоў, я не лічыў сябе бязгрэшным. Таму сказаў, што гатовы. Купала ахрысціў мяне, а калі выходзіў я з вады, расхінуліся нябёсы, з якіх Голас пачуўся: "Ты сын мой улюбёны, у якім дабраславенне маё!" І тады прарок сказаў: "Ты той, які з’явіўся за мной, але ідзе паперадзе мяне, бо за мяне мацнейшы".
Ён таксама быў паэтам і стаў маім настаўнікам. Я паверыў ва ўсё, што прарочыў ён, і сам пачаў Божы суд і Царства Божае прарочыць. Купала казаў, што да Суда блізка і Царства для праведнікаў вось-вось настане. Я таксама стаў казаць: "Не паспееце абысці гарадоў Ізрайлевых і яшчэ не спазнаеце смерці як убачыце Божае Царства".
Але мінаў час, а Царства Божае не наставала. І тыя, хто пакаяўся, каб яго ўбачыць, людзі, якія чакалі яго ў Віфсаідзе, у Харазіне, сталі пытаць: "Вось мы ахрысціліся, пакаяліся, а дзеля чаго? Ты казаў, што дзеля Царства Божага, а дзе яно?" Я адказваў, што хутка, вось-вось яно надыдзе, але ўжо й галаву Купалу Ірад адсек, а Царства Божае ўсё не надыходзіла. Тады ў пропаведзях і прароцтвах маіх я пачаў прамаўляць, што не прыйдзе Божае Царства як нешта відавочнае, пра што можна будзе сказаць: вось, яно тут, ці вунь, яно там. І нарэшце я сказаў, што Царства Божае - сярод вас. Толькі не ўсе яго, бо не шчыра паверылі, могуць бачыць, не ўсе ў ім, бо не шчыра пакаяліся, могуць жыць. І Бог, шкадуючы дзяцей сваіх, адкладвае Свой Суд і надыход Свайго Царства да часу, калі ўсе павераць, калі ўсе пакаяцца…
Я спадзяваўся, што так і будзе. І казаў так, а людзі ў Віфсаідзе, людзі ў Харазіне кідалі ў мяне камяні. І крычалі, што я іх падмануў. Тады я сказаў: "Гора табе, Віфсаід!.. Гора табе, Харазін!.."
Хрыстос моцна, нібы адчуўшы боль, пацёр скроні і змоўк. Маўчаў Ён, як здалося Купалу, доўга. Вельмі доўга. Выглядала, быццам Ён шкадуе пра тое, што сказаў. А яшчэ больш пра тое шкадуе, што зрабіў. Пра мукі, якія прыняў, каб зратаваць чалавецтва, якое можна было і не ратаваць…
Нарэшце, страсянуўшы галавой, Ён зноў загаварыў:
- Не, я не страціў веру ў прароцтвы Купалы. Будзе Божы Суд, і Царства Божае будзе. Але не тады і не так, як я прарочыў. І я прасіў і прашу нябеснага Бацьку майго адказаць мне, чаму? Прашу сказаць, у чым мая віна, а Ён не кажа. Кажа толькі, што разбурацца праз тое, што не верылі, Віфсаід і Харазін. Толькі што мне той Віфсаід з тым Харазінам, калі праз марныя спадзяванні мне здаецца, што марным стаўся мой лёс. Тое самае здаецца табе, - зноў шырока глянуў Сын Божы на Купалу. - І я чакаў, што ты скажаш мне пра гэта, як я табе пра гэта казаў, каб ты суцешыўся. Помніш?.. "Не ўсё спраўджваецца не толькі ў людзей, але і ў Бога".
Калі б Купалу спыталі, колькі часу распавядаў пра жыццё сваё Хрыстос, ён не адказаў бы. Можа, тры хвіліны. А, можа, трыццаць тры гады. І калі яны прамінулі, Лётчык прамовіў, расцягваючы словы ў цішыні, якая звінела над Краснай плошчай: "Нехта злятае з дзясятага паверха гатэля, нехта - з дзясятага паверха нябёсаў… Цікавая прыпавесць… Але дзе ў ёй Бог?"
"Чулі? Я ж казаў, што дарма Ён павінаваціўся, бо мацнейшы, калі вінаваціцца, ужо не мацнейшы", - стукнуў патыліцай у крыж Сталін, а Купала ўспомніў словы парабка Пасляка: "Сатана быў любімым анёлам Бога".
Бог не мусіць дазваляць сабе мець любімых.
- Я і чалавек яшчэ. І як Бог люблю ўсіх, а як чалавек не кожнага, - спакойна сказаў Хрыстос, не зважаючы на выпад Лётчыка, які зноў за ягоныя словы ўчапіўся:
- Не кожнага! Таму аднаго з тых, хто на крыжы, Ён лічыць вінаватым, а другога - не. Чаму? Бо ў невінаватага не спраўдзіліся ягоныя спадзяванні?.. На будучыню краіны, у якой ён нарадзіўся ці на што там яшчэ… А спадзяванні вінаватага хіба спраўдзіліся? Жыць стала лепш, жыць стала весялей?.. - падначыў ён Сталіна, які гэтак крутнуў галавой да Купалы, што шыя хруснула: "Я ж вам казаў, мы ў адной кампаніі!.." - і Лётчык сцвердзіў.