Выбрать главу

- Так, у адной! Тады чаму адзін вінаваты, а другі - не? Таму што ў яго імя прарока? Настаўніка?.. Дык жа ў таго, хто з ім на крыжы, імя бацькі! Цесляра ці муляра, - сказаў Лётчык так, нібы невядома яшчэ, хто насамрэч той бацька, - спадзяванні якога на старэйшага сына, які заменіць яго ў сям’і, таксама не спраўдзіліся!..

"Бу-ба-бых!" - гэтак грымнула ў нябёсах, што маўзалей пахіснуўся, дзверы разнасцежыліся - і ў іх зноў з’явіўся Ленін.

- Вось яшчэ адзін з няспраўджаных! - ніколькі не спалохаўшыся грому нябеснага, працягваў Лётчык, які ці не сам прыдумаў гэты гром з другім прышэсцем Леніна. - Перамагла сусветная рэвалюцыя?.. Настаў камунізм ва ўсім свеце?.. Ды тут ані ў кога нічога не спраўдзілася! - раскінуў Лётчык рукі над плошчай. - Зямля такая! Так тут пасеена! І што? Праз тое ўсім дараваць, што не ўрадзіла?..

Купала яшчэ раней заўважыў, што грудок, пад якім пахаваў сам сябе стваральнік савецкай дзяржавы, прасеў. Ды так глыбока, што ўтварылася яміна, і выглядала, нібы магіла спусцела. "У іх тут хадоў, як у кратоў, - сказаў Няжыла. - Яны па хадах тых будуць вяртацца, колькі іх ні хавай. Тут насамрэч такая зямля. Вось пабачыце: яшчэ і князь Сямён, які загадаў сабакамі нас зацкаваць, вернецца. Хады ім трэба перакрыць, каб не маглі вярнуцца. А як перакрыць, - пакруціў Няжыла крыж, каб Купала ўбачыў увесь натоўп на плошчы, - калі такія ж хады яны пракапалі, прасвідравалі ў галовах гэтых людзей? І па іх яны будуць вяртацца, пакуль зямля гэтая не пахрысціцца агнём!"

Купала ўбачыў, як паківаў на гэтыя словы Хрыстос, і хацеў спытаць, што мае на ўвазе паганец Няжыла, кажучы пра хрышчэнне агнём, але тут ад дзвярэй маўзалея азваўся Ленін.

Гэтым разам ён быў без крыжа. З кнігай, памахаўшы якой, пракартавіў: "Іосіф Вісарыёнавіч!.. Я прачытаў "Кароткі курс гісторыі ВКП(б)". Вы перабольшылі вашу ролю ў партыі і рэвалюцыі, Іосіф Вісарыёнавіч! Вель-мі пе-ра-боль-шы-лі! І ўвогуле вы капрызны і грубы, пра што я казаў вам… - пагартаў Ленін "Кароткі курс гісторыі ВКП(б)"… - вось, у мяне запісана: 5 сакавіка 1923-га. Роўна за трыццаць гадоў да вашай смерці. Тады ж я напісаў вам, што нашы адносіны могуць быць разарванымі, і цяпер, прачытаўшы кнігу, якую вы падкінулі мне ў саркафаг, я іх разрываю! Раз-ры-ва-ю! - рвануў напалам кнігу, скуль толькі сілы набраўшыся, Ленін, кінуў пад ногі, патаптаў, нібы патанцаваў, і хаваючыся ў маўзалеі, гэтак ляснуў дзвярыма, што Купала падумаў: "Сталіна ў іх ужо ніколі не ўнясуць", - а Сталін, робячы выгляд, нібы ён да гэтага абыякавы, пазяхнуў: "І яго вынясуць… Праз тое і нервуецца Уладзімір Ільіч…"

Крыж захістаўся, віленскія пакутнікі амаль не трымалі яго, стаялі, раты разявіўшы, - гэтак іх уразіла другое прышэсце Леніна. "Во сіла! - падпёр нарэшце крыж Кумец. - Гэтак гісторыю парваў!.." І Круглец падпёр крыж са свайго боку: "Наўрад ці яго вынясуць. Чуеце, што на трыбуне кажуць?.."

- Уладзімір Ільіч быў непрымірымы да ідэйных ворагаў, але заклікаў партыю быць цярпімай да тых, каго яшчэ можна вярнуць на шлях партыйнасці. У гэтым выяўлялася мудрасць Леніна, чаго не было ў Сталіна, які стаў на шлях масавых рэпрэсій, на шлях тэрору, які дзейнічаў не праз партыю, а праз карныя органы, праз банду Берыі, і арышты, ссылкі тысяч і тысяч людзей, катаванні, смяротныя пакаранні, расстрэлы без суда і следства сталі практыкай палітычнай барацьбы, - даносілася з урадавай трыбуны, дзе махаў кулакамі Хрушчоў, а галава патрыярха, не слухаючы яго, прамовіла: "З маўзалея вынесці можна. А вось з галоў…" - і рэхам нядаўняга грому гукнуліся словы Няжылы: "Яны будуць вяртацца..."

- Яны будуць вяртацца, пакуль не пахрысцяцца агнём, - данеслася з неба, і ў рэху нябесным пазнаўся Купалу Голас, які чуўся яму з вышыні ў дзень ягонага пахавання, і які - цяпер Купала гэта ўспомніў - сказаў некалі ў ім маленькім: "Не бойся".

"Я не баюся, Госпадзі! Нічога не баюся болей..." - прашаптаў у Купалу маленькі Янка, а дарослы сказаў: "Але для гэтага трэба было памерці".

Пачуўшы голас Бога, усе забыліся на Леніна, знямелі і глядзелі на Хрыста.

- Мне Ён таксама сказаў "не бойся", калі я крыж свой узнёс на Галгофу, - прамовіў Сын Божы, і Купала вышэй узняў галаву, шукаючы ў небе той дзіўнай прыгажосці твар, які ўпершыню ўбачыў са стога над рэчкаю ў Прудзішчы, дзе парабак Пасляк расказаў яму калісьці пра ягонае жыццё амаль тое самае, што цяпер распавёў Хрыстос, які таксама глядзеў у нябёсы і ківаў у згодзе з тым, што чулася з іх, але чулася ўжо Яму аднаму ды, мусібыць, апосталам, што таксама ківалі разам з Хрыстом і галавой патрыярха, пра якую цяжка было сказаць: ківала яна, чуючы тое, што казаў Бог, ці проста ківалася.