Можа, павярнуць да Ільінкі - і на Кацельніцкую? Развітацца па-людску. У той вечар, калі яго не стала, гэтак не выйшла, як ён хацеў.
Выйшла як выйшла…
Ён павярнуў да Ільінкі, ступіў крок-другі - і ўявіў, як тая жанчына, ад якой ён сышоў, не развітаўшыся, спалохаецца. Збіраецца, пэўна, на пахаванне, а тут ён, нябожчык.
Не, так нельга. Хай прыйдзе, як усе, паплача з усімі… І ён павярнуў да Кавальскага моста.
Трохі падціскалі, мулялі зверху, націраючы костачкі на ступаках, новыя чаравікі, у якіх тры дні таму йсці было балюча, а цяпер - нічога. Можна шпацыраваць.
Ён любіў шпацыраваць. Ідучы, намацваў рух радка. Рытм, хаду верша.
Недзе ў ім блукала паэма пра сны.
Першы сон па смерці, у якім Хрыстос сказаў, што быў пакліканы на Іярдан да прарока Яна Купалы, здзіўляў, але так не трывожыў, як апошні сон пры жыцці.
Тры дні таму, у ноч на 28-е, апошнюю ноч у тым, які можна было па-лічыць, часе, ён бачыў сон, пра які, памёршы, забыўся, а сёння, убачыўшы ў ранішнім сне Хрыста, успомніў.
У тым начным сне ў 414-ы нумар, у якім ён жыў у гатэлі "Масква", увайшоў з выгляду блазнаваты, у лётным шлеме з чырвонай зоркай, чалавек. Ён быў падобны да гандляра з ГУМа, якому надпісаў летась Купала кнігу "Ад сэрца". Сеў на ложак, у ногі сеў: "Што ты робіш?" Купала спаў, таму адказаў: "Сплю". Той спытаў: "А чаму ты спіш?" - і Купала ў сне прамовіў так, як не адказаў бы на яве: "Бо мне ўжо не цікава не спаць". Тады чалавек той у лётным шлеме з чырвонай зоркай, які да ўсяго яшчэ й разнавокі быў, колер вачэй ягоных Купала не запомніў, але яны былі рознага колеру, перасеў бліжэй да ўзгалоўя, нахіліўся да вуха: "Заўтра ты не прачнешся, але і спаць не будзеш". З тым падняўся і пайшоў. Нават не пайшоў, а неяк так, як бывае ў снах, знік.
Як гэта: і не прачнешся, і не будзеш спаць?..
Той апошні ў жыцці сон быў з суботы на нядзелю. А з суботы на нядзелю, як было напісана ў старадаўнім сонніку, які ляжаў некалі на століку каля ложка маці, сніцца тое, чаго хочацца.
Вечарам у нядзелю яго не стала.
Можа, усё ж павярнуць на Кацельніцкую?.. Раптам жанчына тая, з якой не развітаўся, не пойдзе на пахаванне? Зазлуе, што яго не стала. Ці пабаіцца.
Ён ужо вырашыў павярнуць, яму хацелася сказаць ёй, каб не вінавацілася, бо ўсё адно было б так, як сталася, але на падыходзе да вуліцы Кавальскі мост два чалавекі ў чорных капелюшах упіхнулі яго ў чорную машыну і завезлі на Лубянку. У Камітэт дзяржбяспекі. Ехаць было зусім недалёка - і ён падумаў, калі прывезлі: "Нашто машыну ганялі? Не таму ж, што мне чаравікі муляюць. Вайна, а яны бензін паляць…"
2
Віктар Маргер прысніў, што яго спалілі.
Прачнуўшыся сярод ночы ад прыснёнага кашмару, падумаў, што дарма ён гэтак рупіўся, каб пасяліцца менавіта ў тым нумары гатэля "Масква", у якім пражыў апошнія дні свайго жыцця Янка Купала. "Тут пахне згубай", - сказала Ганна, як толькі ўвайшла сюды, і калі ён перапытаў: "Смерцю?.." - яна паўтарыла: "Згубай. Гэта розныя пахі".
Сярод усіх кашмарных сноў, якія тут яму ўбачыліся, сённяшні быў найкашмарны. Каб пазбавіцца яго, ён уключыў таршэр і, пасунуўшыся на край ложка, паглядзеў на Ганну, у якой была звычка спаць на падлозе. "Я твая сука", - казала яна, калі ён пытаў, чаму? - "Але ж і сукі спяць з гаспадарамі на ложках…" - "Гэта хатнія. А я сука дзікая".
Ганна спала, як звычайна, на баку, падабраўшы пад жывот калені, і дыхала ціха, роўна, спакойна. "Сны, - яна казала, - мне не сняцца. Ніякія. А калі сняцца, я іх не помню. Затое я помню ўсё, што не сны".
Так. Усё, што не сны, яна не забывала. І яшчэ яна казала, што звычка спаць на падлозе ў яе ад маці. "Не ведаю чаму, але маці не спала ў адным ложку з бацькам. Клалася каля ложка на падлозе".
Віктар падняўся, падышоў да вакна, каля якога стаяў на трыножніку тэлескоп, у які глядзеў ён у гэтым нумары ўжо больш за месяц. І цяпер зірнуў - цямнеча.
Марозна сканчаўся люты - цёмна пачынаўся апошні лютаўскі дзень. За вакном было так змрочна, так густа чорна, што гэтую густую цемрадзь не прабівалі нават агні сталіцы, якія, здавалася, замерзлі на яе галоўнай вуліцы і галоўнай плошчы.
Цьмяным золатам пабліскваў перад акном тэлескоп. Віктар займеў яго праз 300-ю секцыю - закрыты размеркавальнік на Кутузаўскім праспекце, куды выдалі яму запрашэнне ў Сенацкім палацы Крамля, дзе мясцілася Упраўленне справамі Савета міністраў СССР, якім кіраваў флегматычны чалавек з зоркай Героя сацыялістычнай працы, з прозвішчам Смірцюкоў і мянушкай Смерць. "Ого!.." - сказала Ганна, убачыўшы подпіс на запрашэнні, і проста зацягнула Віктара ў тую 300-ю секцыю, "дзе ёсць такое, пра што ты нават не ведаеш, што яно ў свеце ёсць!" - і дзе да іх прычапіліся: "Што б вы хацелі купіць?"