Выбрать главу

Ён прымоўк, быццам вылічваючы, наколькі Брэжнеў перажыве Суслава, і Ганна спытала ў паўзе, гэтак жа нервова, як тады, калі пачула пра спробу замаху на бацьку, зглытнуўшы: "Скуль вы ведаеце, хто і калі?.." - але "лётчык", нібы не пачуўшы яе, казаў далей да Віктара - невядома, да якога.

- Разумееце, паблізу чаго вы апынуліся? Дзе вы праз гэта можаце быць, уяўляеце?.. - апусціў, потым зноў падняў ён дзверцу багажніка. І ляснуў замком. - На самым нізе, ці на самым версе! Гэта шанец, які выпадае раз у жыцці! А вы будзеце слухаць лухту пра ветракі сумлення?.. - нечакана ўсхадзіўся, узнерваваўся больш за Ганну "лётчык", сарваўшы з галавы шлем і махнуўшы абодвум Віктарам: "Можаце ехаць!"

Дырэктар антыкварнай крамы быў лысы. Зусім. Можа, таму і насіў шлем, без якога не толькі злысеў, але й прыгорбіўся, гэтак за імгненне пастарэў, як за сто гадоў не старэюць.

У сцяне перад "Масквічом" паволі расчынілася шырокая брама, за якой адкрылася Лубянская плошча. Гэта было зусім нечакана, бо Лубянка знаходзілася даволі далёка ад ГУМа, ці ва ўсякім разе не так блізка, каб на яе можна было выйсці ці выехаць з сутарэнняў універмага. Значыць, сутарэнні, у якіх была гэтая дзіўная антыкварная крама, былі большымі, чым здавалася - цягнуліся, можа быць, пад усёй Масквой.

Але Ганну здзівіла не гэта. Яна глядзела на абодвух Віктараў і бачыла, што хоць яны і скачуць пеўнямі, але абодва ў нерашучасці. У такой нерашучасці, нібы ні адзін не ведаў, хто з іх хто? Не разумеў, каму махнуў шлемам "лётчык": "Можаце ехаць!.." Нарэшце адзін з іх, развітальна зірнуўшы спачатку на Ганну, потым на "лётчыка", няўпэўнена сеў за стырно. Тузануўшыся, "Масквіч" выехаў на плошчу, апісаў круг вакол помніка Феліксу Дзяржынскаму, спусціўся ўніз і схаваўся ў падзямеллях будыніны Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

"Машына ім належыць, - трохі ніякавата, бо псіхануў, і вінавата, бо паказваў легкавічок як экспанат сваёй крамы, - сказаў дырэктар. - Як матэрыяльны доказ замаху. Я папрасіў на паўгадзіны. Не адмовілі… Мая вам парада, - нацягнуў ён шлем і энергічна павёў гасцей да выхаду з кабінета, да дзвярэй, за якімі высокая, хударлявая, белатварая з доўгімі і чорнымі, як смала, валасамі і жаўтаватымі, нібы ў савы, вачамі жанчына ў зялёнай блузцы, мусібыць, сакратарка дырэктара, пакавала ў кардонныя скрынкі тэлескоп і карціну. - Сябруйце са спецслужбамі! Гэта адзінае сяброўства, з якога бывае нейкі толк! Так, Сюзана?"

- Так, - сказала Сюзана. - Я толькі з імі й сябрую. Больш няма з кім.

Яна была падобная да ведзьмы, гэтая жаўтавокая Сюзана, да прыгожай, але да ведзьмы, і таму, мусіць, Ганна спытала: "А з д’яблам?.. - і кінулася да дзвярэй, у якія выходзіў "лётчык". - Чакайце! Вы хто? Д’ябал?.." - але той не стаў чакаць, дзверы зачыніліся, і дарма Ганна торгала лапезную, пазалочаную, са змяінай галавой дзвярную ручку.

У краму ўвайшоў новы кіроўца Грачына з грузчыкам віннага аддзела. Яны моўчкі ўзялі і вынеслі пакункі.

"Што гэта было?" - спытаў, сеўшы ў машыну і трымаючы галаву абедзвюма рукамі, Віктар, голас якога здаўся Ганне як бы ягоным і як бы не, і яна павярнулася да яго з тым жа тварам, з якім глядзела на карціну: "Нас далучылі". - "Хто далучыў? Да чаго далучылі, Ганна?.." - пытаў Віктар сваім і не сваім голасам, не разумеючы, пра што пытае, а яна глядзела і глядзела на яго, як на тую карціну, і ён не вытрываў: "Ганна! Нас ці падпаілі нечым, ці з намі такое пасля аварыі! Зацьменне нейкае найшло, мы звар’яцелі!.." - а яна, усё гэтак жа гледзячы, наблізілася да яго - тварам да твару: "Калі так, дык ёсць у цябе якая-небудзь выратавальная ідэя?.."

VII

Выратавальную ідэю, якая прыйшла ў галаву камісару Мяркулаву, пакуль ён са справай Луцкевіча-Луцэвіча разбіраўся, няпроста было рэалізаваць. Прамы тэлефон да Сталіна яму, пакуль ён быў у Куйбышаве, адключылі. Можна было скарыстацца толькі тэлефонамі з кабінета Берыі ці Багдана Кабулава, калегі па "расстрэльнай тройцы" - ягоны кабінет бліжэй.

Ён увайшоў у прыёмную Кабулава, рвануўшы дзверы, як уваходзяць вельмі занятыя, у якіх тэрміновая справа, людзі:

- Багдан у сябе?

- Да таварыша Берыі выйшаў, - не ўскочыў, як звычайна пры з’яўленні начальства, а неяк вальяжна падняўся, нібы ведаючы, што Мяркулаў цяпер не начальнік, а калі і начальнік, дык не ягоны, памочнік Кабулава, якога камісар упершыню бачыў і які ў прыёмнай намесніка народнага камісара ўнутраных спраў сядзеў чамусьці ў лётным шлеме. "Я пачакаю яго!" - прайшоў Мяркулаў у кабінет, зачыніўся і адразу ўзяў трубку чырвонага, які асобна ад усіх стаяў, тэлефона. Азірнуўся на дзверы, якія памочнік Кабулава мусіў зараз адчыніць і папрасіць госця выйсці, а калі госць не выйдзе - вывесці: у кабінеце намесніка народнага камісара ўнутраных спраў без гаспадара нікога не можа быць. Але памочнік не ўвайшоў, не папрасіў госця выйсці і не вывеў яго.