Выбрать главу

- Вы чулі, што Ён сказаў?.. - занерваваўся, спрабуючы зразумець, што адбываецца, Сталін, а "лётчык" прамаўляў да тых, хто не чуў Бога:

- Ёсць законы, якія там, - ускінуў ён адну руку ў неба, - і ёсць законы, - ткнуў ён пальцам другой рукі ў зямлю, - якія тут! Дык няхай той, хто называе сябе Сынам Божым, адкажа: нехта іх адмяняў?.. - І паколькі Хрыстос слухаў не яго, а Бога, Лётчык сам адказаў: - Ніхто! А па законах, якія тут, прызнанне віны - доказ для суда!.. Дык як судзіць будзем?.. - выгукнуў на ўсю плошчу Лётчык, і адразу ж Кашкадамаў, стоячы на ўрадавай трыбуне без галавы, якой спартоўцы каля гістарычнага музея пачалі ў футбол гуляць, немаведама чым прагалёкаў: "Тройкай!" - а потым, рашуча адсунуўшы ўбок партыйнага ідэолага Суслава, заняў ягонае месца побач з Хрушчовым, стаў нешта даводзіць яму, ды той нябожчыка, тым больш безгаловага, не чуў, так што дарма старшыня таварыства ваяўнічых бязбожнікаў да яго праціскаўся. І Купала падумаў, што гэтак не з адным Кашкадамавым: многія нешта кажуць, даводзяць, вяшчаюць з трыбун, думаючы, што яны яшчэ жывыя, хоць даўно нябожчыкі - і ніхто ад іх нічога не чакае. Таму сыходзіць трэба раней, чым памрэш, і тваёй галавой стануць гуляць у футбол.

- Можна тройкай!.. - падыгрываючы Кашкадамаву, стаў паперадзе святых Пятра і Паўла, як бы дэманструючы, што вось яна, да ўсяго гатовая, судовая тройка, і ён старшыня гэтай тройкі, Лётчык. - А можна і судом прысяжных, - тут жа дадаў ён, паглядзеўшы ўверх, дзе на даху порціка Хрыстос ужо не ківаў у нябёсы, а казаў нешта апосталам, абыходзячы стол і кладучы рукі на плечы кожнаму з іх: першаму Яну, потым Юду, Хаме, Варфаламею з Мацвеем, Андрэю, Сымону, Піліпу з Фадзеем, абодвум Якавам, і калі абышоў усіх, стаў на край порціка і, пастаяўшы з хвіліну, прамовіў: "Калі ёсць тут той, хто некаму з двух раскрыжавых грэшнікаў ногі абмыць гатовы, ці ёсць той, хто гатовы зняць некага з іх з крыжа, каб далей самому крыж пакутніка несці, няхай зробіць гэта".

Голас ягоны быў ціхі, нават цішэйшы, чым звычайна, але Яго пачулі ўсе. Мёртвыя і жывыя. Толькі не ўсе зразумелі, да каго Ён прамовіў?.. Да вучняў сваіх? Да мёртвых, да жывых?..

"Нынешнее поколение советских людей будет жить при коммунизме! Ура!" - скончыў на трыбуне сваю прамову Хрушчоў, на што Берыя, упершыню падаўшы голас на плошчы, пракінуў: "Яшчэ адзін прарок…" - а Хрушчоў, пачуўшы апошнія словы Хрыста, паспрабаваў суаднесці рэальнае з нерэальным, павярнуўся да Суслава: "Якія грэшнікі?.. Якія пакутнікі?.." - і калі Суслаў пацепнуў худымі плячамі, маўляў, скуль я ведаю, - новы кіраўнік савецкай краіны замахаў кулакамі, затупаў нагамі: "Ды што тут дзеецца?.. Што гэта за кіно? Хто здымае, хто дазволіў?.." - набіраў ён голасу, але Лётчык націснуў зорку на шлеме, і Хрушчоў змоўк. Разяўляў рот, нешта крычаў, ды ніхто яго не чуў. Ён злаваўся, падскокваў, прабег у адзін канец трыбуны, у другі, і калі дапяў, што крычыць нямым крыкам, сам сябе спалохаўся, зняў капялюш і, выцершы лысіну, прамармытаў нешта разгублена, чаго таксама не чуваць было, і што агучыў Лётчык: "Ён сказаў, што Сталін у ботах. І што боты не зняць, бо прыбітыя".

"Боты прыбітыя, кіцель прышыты, сам ён - нібыта са сталі адліты!" - успомніліся нечыя крамольныя вершы, і Купала злавіў сябе на тым, што яму цікава: хто? Хто вымые Сталіну ногі, хто здыме яго з крыжа, каб далей панесці крыж самому?..

На трыбуне маўзалея Хрушчоў глядзеў на Суслава, Суслаў на Хрушчова, на Лобным месцы Берыя - на Мяркулава, Мяркулаў - на Берыю. Пра тое, хто ім ногі вымые, хто іх з крыжа здыме, ніхто не думаў.

- Лаўрэнцій, ты атруціў мяне?.. - раптам неяк не па-сталінску, па-дзіцячы ўсхліпнуўшы, спытаў Сталін, а Берыя, абышоўшы крыж, падняў галаву да Купалы: "Іосіф Вісарыёнавіч казаў ці не казаў вам, Іван Дамінікавіч, што ў жыцці і смерці вялікіх людзей мусіць быць вялікая таямніца?"

Купала кіўнуў: казаў.

- Свалата!.. - ужо не па-дзіцячаму, па-даросламу прамовіў Сталін. - Якая ж ты свалата, Лаўрэнцій.

- А гэта залічыцца ў выкупленне грахоў? - раптам пачулася з плошчы, і да Лобнага месца падышоў, трохі кульгаючы, капітан Забіякін. - Мяне аўстрыякі забілі, калі я боты чысціў. Адзін пачысціў, а другі не паспеў. Гуталін застаўся. Магу гэтаму, які ў ботах, пачысціць. Ну, калі залічыцца ў выкупленне..

- Не залічыцца! - адмахнуўся ад капітана, які, мусіць, замінаў яму, як і Хрушчоў, весці сваю гульню, Лётчык. - Грэх забойства не выкупляецца.

Забіякін пастаяў, пра нешта напружана думаючы.

- Дык не я ж забіў. Мяне забілі.

"Добра, што я гэтага не сказаў", - падумаў Купала, а Лётчык тэатральна, ён увогуле схільны да тэатральных эфектаў быў, здзівіўся: