Калі на двух аўтобусах яны выязджалі з Брэста, танкі гэтыя бачылі, і Брылец сказаў: "Будуць стаяць і чакаць, пакуль пад нашы аўтобусы палякі падкладуць міны. Тады рушаць на Варшаву".
Віктару ў галаву такое не прыходзіла, ён вырашыў, што Брылец пажартаваў. Але ўжо не думаў так, калі Брылец расказваў яму, як, вярнуўшыся назад, напалоханыя тым, што здаралася на польскіх дарогах і ў канцэртных залах з бомбамі пад сцэнай, артысты цалавалі берасцейскую зямлю. "Я таксама цалаваў некалі родную зямлю, - казаў Брылец. - Толькі гэта было пасля Другой сусветнай вайны, тады, калі вяртаўся з палону…"
У дзверы нумара пастукалі, Віктар адчыніў: парцье. Той самы, які пашпарт ягоны грэбліва адкідваў, калі ў гатэль сяліліся, а цяпер стаў перад ім - сама пачцівасць.
- Вас машына ўнізе чакае.
Хутка яны. Ён памяты, непамыты, непаголены. І праз дзве гадзіны ехаць у Беласток. Танкевіч учора, калі выйшлі ад Твардоўскага, спытаў: "А чаго мы ходзім, куды нас водзяць? Да чужых. Давайце да сваіх з’ездзім". І сам дамовіўся на сустрэчу з беларусамі сёння ў Беластоку. А Віктара зноў, як і ў Мінску, і ў Маскве, ад сваіх да чужых цягнуць.
- Якая машына?
- Ад таварыша Ярузельскага, - з прыдыханнем паведаміў парцье, які не быў прыхільнікам польскіх камуністаў, староннікам генерала Ярузельскага, але па твары ягоным лёгка ўгадвалася, што гэта не было прыдыханне страху перад уладай, а прыдыханне містычнага трымцення перад ёю, шчасця, што хоць неяк з ёй судакрануўся - няхай сабе праз нейкага савецкага фацэта. Віктар паўсюль гэта бачыў, такое з усімі робіцца - і з палякамі таксама, няхай нават ты тройчы паляк з усёю польскаю пыхаю.
- Скажыце, што прашу пачакаць хвіліну. Мне памыцца, пагаліцца…
Парцье паглядзеў на яго спачувальна, маўляў, ты з раніцы гэтак выглядаеш, што хоць пяць разоў пад вечар пагаліся, лепш выглядаць не будзеш.
- Не, сказалі паспяшацца, у таварыша генерала вобмаль часу, - настойліва стаяў у дзвярах парцье, і Віктар успомніў генерал-нябожчыка Сцюарта, у якога не было праблемы з часам, але ўсё адно ён некуды спяшаўся: з’яўляўся і знікаў.
Як ён казаў?.. Мы паспяваем у гэтым жыцці толькі расшпіліць і зашпіліць гузік?
Спускаючыся, Віктар зайшоў да Танкевіча, сказаў, што ў Беласток не зможа паехаць, тэрміновыя справы ў Варшаве, і Танкевіч, зірнуўшы на яго, паківаў: "Бачу, што тэрміновыя".
Зашпілены на ўсе гузікі міністр нацыянальнай абароны, Старшыня савета міністраў, Першы сакратар ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі, Старшыня ваеннага Совета нацыянальнага выратавання генерал арміі Войцэх Ярузельскі сустрэў Віктара ў пакоі, не надта падобным да кабінета: з канапай, столікам і зэдлікамі каля яе, з мяккім, якія звычайна сцелюць у спальнях, дываном на падлозе і карцінамі на сценах, сярод якіх вісеў чорна-белы фотаздымак у едка-чырвонай раме, на якім Ярузельскі ў цёмных акулярах ("Каб не бачыць, з кім цалуешся", - падумаў Віктар) цалаваўся з Брэжневым. Сцяна вакол рамы сантыметраў на дзесяць была трохі святлейшая ад астатняй, не кранутая сонцам, значыць, на гэтым месцы вісела нешта большых памераў, а фота з пацалункам павесілі тут нядаўна, калі не сёння.
- Як Васіль Дзям’янавіч? - падаўшы руку, адразу даў зразумець, чаму ён прымае Віктара, Ярузельскі. - Вы ягоны зяць? У нас з ім някепскія адносіны. Не сяброўскія, але някепскія. Ён… як бы гэта дакладней сказаць… адэкватны чалавек. - І жэстам запрасіўшы сесці, раптам спытаў: - А палкоўнік Мікалай Маргер вам не радня? Ён з Беларусі родам, не помню места. Пару гадоў мы служылі разам, калі ён яшчэ не быў палкоўнікам, а я генералам. Нават сябравалі. Дык радня, ці вы проста… як гэта ў вас называецца… сайменнікі? Цёзкі?
Віктар чакаў любога пачатку размовы, але не такога. Пакуль яго везлі да Ярузельскага, ён, зусім не гатовы да сустрэчы, сутаргава думаў: што сказаць? З чаго пачаць? З таго, што чаўплі яму на інструктажы ў Доме дружбы: "Паўсюль паўтарайце словы Леаніда Ільіча, што Савецкі Саюз ніколі не пакіне братнюю Польшчу ў бядзе, заўсёды польскаму народу дапаможа"? Ён пралапатаў гэтыя словы на сустрэчы ў Саюзе польскіх пісьменнікаў, але нават там яны прагучалі зусім інакш, чым у Доме дружбы. А тут… Каб іх сказаць, тут мусіў быць Брэжнеў, а не ён. Але тут ён - і пра што гаварыць з ім кіраўніку дзяржавы? Ды няма пра што! Хіба пра дзядзьку ягонага, які ўцёк у Польшчу адразу пасля вайны і пра якога ва ўсіх анкетах у графе "Ці ёсць у вас радня за мяжой?" Віктар пісаў: "Няма".