Кожны раз, калі ён пісаў гэтае "няма", яму было сорамна, бо ён нібыта адмаўляўся ад кроплі сваёй крыві, і аднойчы паставіў у той графе прочырк, але яму вярнулі анкету як няправільна запоўненую: "Напішыце ці няма, ці ёсць". І калі б ён напісаў "ёсць", а тую анкету параўналі б з папярэднімі, дазналіся б, што ён маніў, дык болей ніколі ніякіх анкет ні для вылучэння на прэміі, ні для выезду за мяжу яму б не выдавалі.
- Дзядзька, - сказаў ён Ярузельскаму. - Родны дядзька. Родам з Крэва.
- Так, з Крэва! - нібы ўзрадаваўшыся, што ўспомніў, выгукнуў Ярузельскі. - Дзядзька ваш расказваў, як пасля вайны, калі прыйшлі саветы, усіх крэўскіх сабралі на пляцы: хто паляк - направа, хто рускі - налева! Пра беларусаў нават не ўспомнілі, што такія могуць быць, дык ён падумаў: калі прыйшлі рускія і нічога не сказалі пра беларусаў, тады навошта мне быць рускім, лепш я буду палякам. І хоць браты не пускалі яго: "Ты куды, палякаў за Армію Краёву будуць страляць!" - рызыкнуў, ступіў направа - і стаў палкоўнікам войска польскага. Вось што значыць адзін крок у нашым жыцці! Можа, мы з’яўляемся ў свет, каб зрабіць у ім адзін крок. Адзін крок - і ўсё!..
Ён так гэта сказаў, што не зразумець, пра што ён, было немагчыма, і Віктар, нечакана для самога сябе адчуўшы павагу да гэтага відавочна стом-ленага чалавека, здольнага ўзяць на сябе такую адказнасць, падумаў, што крок зрабіць - не гузік зашпіліць, і што, мусібыць, каб стаць палітыкам, трэба быць чалавекам са звярынага мяса з нечалавечым мысленнем.
- Хоць можна зрабіць крок не ў той бок, - паківаўся на зэдліку Ярузельскі. - Як бацька мой, які вясной трыццаць дзявятага прыехаў з сям’ёй у Вільню. А ўвосень Вільня падпала пад саветы, і ўсіх палякаў саслалі ў Сібір. Не пытаючыся, хто куды хоча… Там, у лагеры ў Алтайскім краі бацька і застаўся. Не было труны, каб пахаваць, дык я закруціў яго, як у саван, у газету "Праўда", растрыбушыўшы лагерную падшыўку. Там жа, у Алтайскім краі, працуючы ўсю зіму на лесапавале, я захварэў на снежную слепату, і цяпер не магу глядзець на свет без цёмных акуляраў. Праз гэта ваш сябар Любча… Вы каву будзеце? Налівайце… Я таксама… Вам цікава, адкуль я ведаю, што ён ваш сябар? Памочнік мой паказаў перад нашай сустрэчай газету "Trybuna Ludu", дзе верш ваш надрукаваны ў ягоным перакладзе. Някепскі пераклад. Дык вось праз тое, што я ў цёмных акулярах, Любча прыдумаў для мяне мянушку "зваршчык". Хоць некалі мы таксама сябравалі, разам ў згуртаванні сем’яў рэпрэсаваных былі: ягоны бацька, як і мой, не вярнуўся з Сібіры. І, між іншым, гэта я, калі ў галоўным палітупраўленні служыў, параіў Любчу на месца карэспандэнта польскага радыё ў Маскве, а ён мне ў падзяку мянушку "зваршчык" прыляпіў. Маўляў, я Варшаву з Масквой зварваю… Што вы каву не п’яце? Тут не Сібір, але астыне…
Пра газету "Праўда" Ярузельскі, пэўна, прыдумаў ці, магчыма, і закруціў нябожчыка-бацьку ў пару газет, хто б яму даў падшыўку "Праўды" растрыбушчыць, але ж усё астатняе прыдумаць ён не мог
З кім ні пагавары, хоць з Кручам, хоць з Любчам, хоць з Ружэвічам, хоць з Ярузельскім, ва ўсіх нехта з радні быў сасланы ў Сібір! І чалавек, які цяпер камандуе войскам, спецслужбамі, кіруе не самай маленькай краінай Еўропы, у бляску сібірскіх снягоў на снежную слепату захварэў, каб пасля ўсё жыццё на свет скрозь цёмныя акуляры глядзець! Вось метафара, Роберт!..
Ад Грачына Віктар ведаў, што кіраўнікі краін савецкага блоку па сутнасці прызначаюцца ў Маскве, і паколькі размова ягоная з Ярузельскім з як бы палітычнай, весці якую Віктар не быў гатовы, проста не ўяўляў, што ў ёй казаць ("Савецкі Саюз ніколі не пакіне братнюю Польшчу?.."), праз дзядзьку Мікалая і Любчу перайшла як бы ў размову асабістую, можна было спытаць - і ён спытаў:
- А як вас, колішняга лагерніка-антысаветчыка, пасадзілі ў крэсла кіраўніка Польшчы?
"Я на зэдліку, - зірнуўшы пад ногі, паправіў акуляры, якія былі яму велікаватыя, спаўзалі з пераносся, Ярузельскі. І павярнуўся да дзвярэй, у якія ўвайшоў чалавек у вайсковай форме, ягоны памочнік. - Што там?" - "Вас да тэлефона. Масква". - "Хто?" - "Таварыш Грачын. Раней, чым дамаўляліся". - "Скажы, што я размаўляю з тым, каго ён да мяне паслаў". - "Я сказаў. Але ён не пра гэта". - "А пра што?" - "Брэжнеў памёр". - "Хто?" - "Таварыш Леанід Ільіч Брэжнеў…"