З хвіліну Ярузельскі глядзеў на свайго памочніка і маўчаў. Павярнуўся да фотаздымка, на якім цалаваўся з Брэжневым. Пад цёмнымі акулярамі не разгледзець было выраз ягонага твару, але Віктару здалося, што твар Першага сакратара Польскай аб’яднанай рабочай партыі, якому паведамілі пра смерць Генеральнага сакратара Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, ні ў чым не змяніўся.
- Так! - рэзка падняўся ён з зэдліка. - Цяпер ніхто не ўгаворыць яго ўвесці войскі!.. - І падаў Віктару руку. - Я скажу таварышу Грачыну, што мы добра паразмаўлялі. А вы скажыце Любчы, які крычыць, што я хачу крыві, што крыві я не хачу. Калі б я хацеў, ён бы ўжо маўчаў. Можаце і па тэлебачанні гэта сказаць.
Апошнія словы генерал прамовіў, торгнуўшы шчакою, упершыню за ўсю размову паказаўшы, што ў яго таксама ёсць нервы.
На выхадзе з будыніны ЦК, калі Віктар здаваў пропуск, яго дагнаў запыханы памочнік Ярузельскага: "Прасілі перадаць, таварыш Грачын прасіў перадаць, што цяпер вы можаце ехаць у Маскву. А дэлегацыя можа вяртацца ў Мінск".
На вуліцы ўжо чакала польскае тэлебачанне: "Праўда, што Брэжнеў памёр?.. "
Больш іх нічога не цікавіла. Ні ён сам, ні дэлегацыя пісьменнікаў, ні народная музыка з танцамі. Аператар глядзеў, чакаючы, журналістка тыцала мікрафон у падбароддзе, у яе рукі трэсліся - так яна хацела быць першай, хто паведаміць гэтую навіну, і Віктар сказаў, што Леанід Ільіч ніколі не пакіне братнюю Польшчу, заўсёды польскаму народу дапаможа, а журналістка глядзела на яго і лыпала вачыма.
Калі вярнуўся ў гатэль, парцье падаў яму разам з ключом запіску ад Танкевіча. "Тэлефанавалі з Дома дружбы, сказалі, каб мы з Беластока выпраўляліся ў Мінск. Яшчэ сказалі, што (па чутках) памёр Л.І., і што старшынёй пахавальнай камісіі прызначаны тав. Анд. Убачымся дома, Танкевіч".
Падняўшыся ў нумар, ён лёг на канапу і доўга ляжаў, гледзячы ў столь. Калі старшынёй пахавальнай камісіі прызначаны Андропаў, ён і будзе на месцы Брэжнева, які Польшчы ўжо нічым не дапаможа. Як і Віктару, калі ўсплыве данос Мацвеева.
Яму ўспомнілася начная размова з Брэжневым на дачы Грачына, і ён злавіў сябе на тым, што яму шкада, што не стала гэтага чалавека. І не таму, што ён мог бы дапамагчы. Яшчэ невядома, ці дапамог бы… Але калі пры Хрушчове, які назваў дэспатам Сталіна, сядзелі ў турмах тысячы палітычных, дык пры Брэжневе, які пра Сталіна маўчаў, дзясяткі. І гэта пры ўсіх анекдотах пра дарагога Леаніда Ільіча.
Трэба было б памянуць яго. Ды няма з кім. Хіба з курвамі.
Зазваніў тэлефон. Ганна: "Ты ўжо ўсё ведаеш?" - "Не ўсё. Чаму не Грачын? Не яшчэ нехта?" - "Бо ў Андропава на ўсіх быў кампрамат…" І яна пераказала тое, што сказаў ёй бацька. Што Брэжнеў памёр на ўрадавай дачы ў Зарэччы, і першым, каму паведамілі пра смерць Генеральнага сакратара ЦК КПСС, быў сакратар ЦК КПСС і былы старшыня КГБ СССР Андропаў, які першым і прыехаў на дачу. Забраўшы ў кабінеце Брэжнева партфель з кампраматам на ўсіх членаў Палітбюро, ён паклікаў у Зарэчча міністра абароны Вусцева і сакратара ЦК Грачына. Яны селі ўтрох каля ложка нябожчыка, і Андропаў, на каленях якога ляжаў усім ім знаёмы партфель, прапанаваў неадкладна вырашыць, хто будзе пераемнікам Леаніда Ільіча. Вусцеў, які меў армію, але не меў партфеля на каленях, вырашыў, што пераемнікам павінен быць Андропаў, і Грачын, у якога не было ні арміі, ні партфеля, прапанову Вусцева падтрымаў.
Во як… Утрох вырашылі, хто будзе кіраваць краінай. КГБ. Ён і так кіраваў, але ўсё ж не наўпрост, а цяпер - наўпрост.
"Табе няма чаго асцерагацца, - хутка, нібы баючыся, што ён трубку пакладзе, казала Ганна, - Андропаў цяпер абавязаны Грачыну, так што…" - "Гэта Грачын табе сказаў?" - "Гэта я табе кажу. А з ЦК прафсаюзаў пытаюць, калі выйдзеш на службу? Калі б нешта было, не пыталі б. Так што сядай у цягнік". - "У мяккі вагон?" - "Можаш і ў плацкартны. Апошні раз…"
Паклаўшы трубку, ён зайшоў у лазенку, перабраў бутэлькі з учарашняга разгулёну. У некаторых засталося на дне, ён зліў усё ў адну шклянку. Памянуў, як вядзецца яно ў народзе…
Можа быць, пры Брэжневе для гэтага народа быў найбольш прыдатны спосаб існавання? Было што выпіць, было чым закусіць. Няхай без далікатэсаў, але было. А галоўнае: было ўсяго пароўну. Так, Грачын еў смачней, але хадзіў гадамі, як і Суслаў, у адным і тым жа касцюме. У некага была 300-я секцыя, у некага крама "Бярозка", але ў большасці ўсяго было пароўну. І гэта была як бы справядлівасць, праз адсутнасць якой народ гэты і кідаўся ў бунты, у рэвалюцыі. А яго вешалі, стралялі, гнаілі ў лагерах, што нібы скончылася, але зноў можа пачацца…
Зноў зазваніў тэлефон. Гэтым разам Любча: "Брэжнеў памёр. Замест яго будзе Андропаў. КГБ. А ён не спыніцца ні перад чым, каб падавіць у Польшчы рух за свабоду. Мы арганізуем мітынг супраць уводу савецкіх войскаў. Калі ты той Віктар Маргер, якога я ведаў раней, ты мусіш прыйсці, каб падтрымаць нас".
Ён не ведае, ці той я, якім быў раней, але яму вядома, што Брэжнеў памёр і што Андропаў будзе на ягоным месцы. Хоць нідзе не было пра гэта ніякай інфармацыі. Выходзіць, што не трэба ніякіх газет, ніякага радыё з тэлебачаннем.
- Чэслаў…
- Ну? Што?
- Ты хочаш, каб мне не было куды вярнуцца?
- Я хачу, каб табе было з кім застацца.
- А дзе застацца? У Польшчы, куды ўвойдуць савецкія войскі?
- Калі мы ўсе выйдзем, яны не ўвойдуць. Трэба не даць Ярузельскаму магчымасці іх запрасіць. Гэта кроў.
- Ён сказаў, што не хоча крыві.
- Каму сказаў?
- Мне.
- Ты быў у гэтага вырадка?
- Быў.
- Та-а-к… І як ты будзеш апраўдвацца?
Чаму ён павінен апраўдвацца? Хоць перад Любчам, хоць перад кім? І ўсё ж апраўдаўся:
- У мяне ў Маскве каханая, Чэслаў.
Любча памаўчаў. Сказаў, памаўчаўшы:
- Гэта аргумент. Але прад’явіць яго ты потым зможаш толькі самому сабе. - І тэлефонная трубка захлынулася кароткімі гудкамі.
Выпіць больш не было чаго, Віктар апрануўся, выйшаў на вуліцу. Зайшоў у бар на Маршалкоўскай - ён быў забіты выпівохамі. Узяў "Выбаровай", уціснуўся за стол у самым куце.
Некалі ў гэтым бары за гэтым сталом ён напісаў верш "Новы свят", які Чэслаў за гэтым жа сталом адразу пераклаў.