Выбрать главу

Сын Божы казаў гэта нібы сам сабе, нібы не чакаючы адказу, але Купала разумеў, што чакаў. І не ведаючы, што адказаць, спытаў:

"Але ж Гасподзь ведае, каму і які несці крыж?.."

"Ведае. І не хоча, каб нехта нёс чужы. А ты чаго хочаш?"

"Калі несці крыж, дык свой. І яшчэ хачу, каб таго, што было тут, не было. Так можна?.. "

"Каб не было твайго Віфсаіда і твайго Харазіна?.. Ці ты хочаш, каб не было тваёй смерці?"

"Не. Жыцця, якое тут было".

Гэтым разам Хрыстос не гукаўся так доўга, нібы, не дачакаўшыся таго, чаго чакаў, скончыў размову. Нарэшце прамовіў: "Што ж… Можа быць, людзі, якія тут сабраліся, палічаць, што гэта і ёсць Страшны суд. Такі, якім яны ўяўляюць яго. Як геену вогненную. Гэй бэн гіном…"

- Таварыш Сталін!.. - у трэці раз надрыўна, як параненыя звяры выюць, пачулася з плошчы, па якой бег ад маўзалея да лобнага месца безгаловы Кашкадамаў, і правадыр заварушыўся на крыжы, на якім павіс, быццам заснуў.

- Што?.. Што такое?.. Мне прыснілася, нібы вы размаўляеце з некім, але ў сне не разабраць было, з кім і пра што? У гэтай краіне ніколі не ведаеш, хто, з кім і пра што размаўляе. Хіба толькі тады дазнаешся, калі памрэш і не спіш. А я заснуў. І нават не магу сказаць, ці прачнуўся… Я прачнуўся, Ганна? Хто мяне пабудзіў?

- Безгаловы нейкі, - абмыўшы ногі Купалу, паглядзела на плошчу, на ўзбуджаны ў чаканні відовішча натоўп, на маўзалей, на трыбуне якога тоўпіліся кіраўнікі партыі і ўрада, на Лётчыка над імі і на Хрыста над усім, Ганна. - У гэтай краіне заўсёды нехта знойдзецца, каб вас пабудзіць.

Яна гучна гэта сказала, і Красная плошча прагула, нібы будзіла Сталіна, які спытаў: "А хто-небудзь, каб ногі мне абмыць, знойдзецца?.." Ганна прамаўчала, а галава патрыярха Ціхана прамовіла: "Вам рукі мыць трэба". Сталін паклікаў: "Лаўрэнцій!.. Чуеш?.. Я ўсё табе дарую!.." - але Берыя таксама не адгукнуўся. Тады правадыр стаў выкрыкваць імёны адно за адным: "Хама!.. Юда!.. Пётр!.. Варфаламей!.. Якаў!… - Ён доўга крычаў, пакуль не стаміўся. - Андрэй!.. Сымон!.. Піліп!.. Фадзей!.. Ян!.. Мацвей!.." Сціх і павярнуў, наколькі змог, галаву да Купалы. "Бачыце… Я ж казаў, што ўсе… Апроч маці… А я з ёй нават не развітаўся. Барадзіно ў той дзень, калі яе хавалі, прысніў. Толькі пад Масквой не французы, а немцы. І фельдмаршалам у мяне Кутузаў-Тухачэўскі, які кажа: "Трэба здаць Маскву". Дык што з ім рабіць было? У той жа дзень расстраляць! Вось чаму я на пахаванне маці не паехаў… Каб уратаваць Расію…"

58

Генеральнага сакратара ЦК КПСС, Старшыню Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, чытырохразовага Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы, Маршала Савецкага Сюза, Галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі СССР, лаўрэата Міжнароднай Ленінскай прэміі "За ўмацаванне міру паміж народамі", пісьменніка, лаўрэата Ленінскай прэміі па літаратуры Леаніда Ільіча Брэжнева хавалі апоўдні 15 лістапада 1982 года. У ХХ стагоддзі ён пражыў 75 гадоў, 18 з якіх пракіраваў адной з найбольшых краінаў свету і памёр лёгкай смерцю ў сне пад раніцу 10 лістапада.

Паэт Віктар Маргер стаяў з правага боку левай гасцявой трыбуны, адкуль добра відаць была выкапаная каля крамлёўскай сцяны і абцягнутая знутры чырвоным шоўкам магіла, якая выглядала так, нібы ў ёй нешта дагарала пасля пажару.

- Час дагарае, - прамовіў хтосьці за спінай Віктара. - Дагарае чырвоны час.

Віктар азірнуўся: у чорным паліто, чорным гарнітуры, чорнай кашулі з чорным гальштукам стаяў за ім дырэктар антыкварнай крамы Назар Януаравіч Вензель.

Труну з целам нябожчыка перанеслі ад уваходу ў Маўзалей Леніна да магілы, і на трыбуну Маўзалея пачалі падымацца таварышы Андропаў, Вусцеў, Грачын, члены пахавальнай камісіі, члены і кандыдаты ў члены Палітбюро. Усе яны былі ў мешкаватых паліто, хто ў андатравых аблавушках, хто ў старамодных капелюшах фасону кацялок, і сярод іх вылучаўся ў добра скроеным плашчы маладцаваты мужчына, які быў не ў кацялку, а ў любімым амерыканскімі музыкамі капелюшы фасону трыблі, нешырокія палі якога трохі загіналіся на патыліцы ўверх, што надавала малайцу яшчэ і заліхвацкі выгляд. "Хто гэта?.. Хто такі?.." - пыталіся ганаровыя госці, якія былі запрошаныя на пахаванне Брэжнева, але ніхто не мог ім сказаць, хто гэта такі. Віктару здавалася, што недзе ён гэтага малайца бачыў, толькі не мог успомніць, калі і дзе?