Мяркулаў расстраляў бы такога памочніка.
Гудкі йшлі доўга…
3 чаго пачаць?.. Адразу пра 1-ю лабараторыю? Пра "жывую" ваду?.. Не, пра гэта Берыя паспеў дакласці… Таму адразу пра таго, каго ажывілі… І аказалася, што гэта не памылка з прозвішчам, а наўмысна спланаваная таварышам Берыя расправа над лаўрэатам Сталінскай прэміі, каб кінуць цень на таго, хто яму гэтую прэмію…
Памочнік усё ж зазірнуў у кабінет - бліснулі вочы: адно зялёнае, другое карычневае. Мастакі такія вочы нячысцікам звычайна малююць, дзе Кабулаў такога ўзяў?
- Кабулаў у таварыша Берыі, таварыш Сталін!.. Так, гэта я!.. - зрабіўшы выгляд, нібы дакладвае Сталіну, пагрозліва памахаў Мяркулаў кулаком памочніку, які, як здалося камісару, паблажліва ўсміхнуўся і, цалкам задаволены тым, што пачуў і ўбачыў, шчыльна зачыніў за сабой дзверы - і тут на тым канцы знялі трубку.
Калі камісар выйшаў з кабінета, прыёмная Кабулава была пустая. На стале памочніка ляжала паперка: "Пайшоў у ГУМ".
"Што за жарты дурныя?.. Які ГУМ?.. Галоўнае ўпраўленнне чаго? Мерцвякоў?.." - пацепнуў плячыма Мяркулаў і з прыёмнай Кабулава патэлефанаваў у гараж. Патэлефанаваўшы, падумаў: "Трэба будзе распытаць Багдана пра гэтага рознавокага ў шлеме. Хто ён і скуль? І чаму гэты "лётчык", пастаўлены, калі верыць Берыі, кіраваць 1-й лабараторыяй, сядзіць у памочніках Кабулава? Нешта тут не так."
Праз дзесяць хвілін тая ж чорная машына, якая прывезла Купалу на Лубянку, панеслася з Лубянкі да Крамля. "Кажаце, гэта б’юік? - пытаў Купала камісара. - А ў мяне шэўрале…"
Камісар не падтрымаў размовы. Размаўляюць на доўгім шляху. А гэты шлях быў кароткі.
8
- Мы праводзім у апошні шлях чалавека, прозвішча якога было вядомае не многім, бо дзейнасць ягоная звязаная з дзяржаўнымі сакрэтамі, з такой вялікай справай, значэнне якой для бяспекі нашай краіны, для будучыні савецкай дзяржавы, нашага народа, які будуе камунізм, выключнае. Тое, што вынайшлі савецкія вучоныя пад ягоным кіраўніцтвам, дазваляе матэрыялізаваць, пераўтварыць у бачныя, практычна рэальныя вобразы як любую тэхнічную, гэтак і гуманітарную ідэю, а значыць, ажыццявіць любую, самую смелую чалавечую мару - у тым ліку мару пабудовы камуністычнага грамадства. Схіляючы галовы перад тваёй памяццю, дарагі Аляксандр Анісімавіч, мы клянёмся быць вернымі… - і пакуль бацька Ганны, член Палітбюро ЦК КПСС таварыш Васіль Дзям’янавіч Грачын кляўся над труной яе хроснага і свайго сябра быць верным ідэям ленінізму і справе камунізму, Віктар спрабаваў знайсці ў сваёй памяці хоць нешта, што казала б яму пра заслугі чалавека з іменем Аляксандр Анісімавіч, але нікога, апроч Аляксандра Анісімавіча Дзяругі, які ў дзяцінстве вучыў яго граць на акардэоне, не ўспаміналася.
"Не тутэйшы, хлопчык, у цябе характар. Як і ў бацькі твайго. Я бываў там, адкуль ён родам - дзікія рускія стэпы! Дзі-кі-я! Вось яны і ў ім, і ў табе. Ніводны беларус не зрабіў бы тое, што ты! І ты можаш кепска скончыць, - казаў яму Аляксандр Анісімавіч, калі акардэон, які абрыдла цягаць тры разы на тыдзень з дому ў музычную школу, Віктар скінуў з віядука над чыгункай пад колы цягніка. Ён паставіў акардэон, вялізны ў карычневым футарале, на шырокую парэнчу віядука, калі ўнізе йшоў таварняк, і загадаў: "Не ўпадзе - буду цягаць". Таварняк тахкаў, грымеў пад віядукам, акардэон уздрыгваў, хістаўся, але не падаў, і Віктар, калі паказаўся хвост таварняка, крануў футарал мезенцам левай рукі…
Тры дні ён не прыходзіў дахаты. Баяўся, што бацька заб’е. На чацвёрты дзень яго злавілі. Маці глядзела на яго вачамі, поўнымі неразумення, жаху: "Ты што нарабіў?.." А бацька, калі дазнаўся, толькі хэкнуў, шклянку гарэлкі выпіўшы: "Ну ты даеш!.."
- І лёс твой, хлопчык, бачу я такі, - сумна казаў Аляксандр Анісімавіч, адзіны на ўвесь іх раённы гарадок інтэлігент, чалавек, які яго любіў, даводзіў ягоным бацькам, што ў яго талент, чаму і прадалі яны карову, каб купіць акардэон. - Ці сядзець табе ў турме, ці стаяць на сцэне. А калі не на сцэне, дык хоць на хрэсьбінах ды на хаўтурах граць. Гэта, вядома, не тое, пра што можна марыць, але ўсё ж лепш, чым турма.
Аляксандр Анісімавіч падараваў Віктару новы акардэон. Ну, не новы, якраз стары, затое які! Не "Беларусь" маладзечанскай фабрыкі, а нямецкі трафейны "Weltmeister" з 11 рэгістрамі. "Ён твой, але няхай пакуль у мяне пабудзе. Каб ты яго не цягаў і пад цягнік не кінуў".
Грачын скончыў развітальную прамову, труна з нябожчыкам паволі паплыла ўніз. У сутарэнні крэматорыя. Пад усю Маскву.