- Гэта Нячаеў, - сказаў за спінай Вензель. - Былы дырэктар фабрыкі Нячаеў. Дакладней, ягоная міжножная частка. Успомнілі?.. Як бачыце, усё так, як вы напісалі. Трэба думаць, што пісаць.
На трыбуне Маўзалея людзі ў андатравых аблавушках і фетравых капелюшах сталі ў адзін шэраг, старшыня пахавальнай камісіі Андропаў падышоў да мікрафона.
- Сёння мы і разам з намі ўвесь савецкі народ, усё прагрэсіўнае чалавецтва развітваецца з верным сынам партыі, кіраўніком савецкай дзяржавы, лідарам міжнароднага камуністычнага руху, дарагім і любімым таварышам Леанідам Ільічом Брэжневым. Слова для развітання прадастаўляецца Генеральнаму сакратару ЦК КПСС, Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР чытырохразоваму Герою Савецкага Саюза, Герою Сацыялістычнай Працы, Маршалу Савецкага Сюза, Галоўнакамандуючаму ўзброенымі сіламі СССР лаўрэату Міжнароднай Ленінскай прэміі "За ўмацаванне міру паміж народамі", пісьменніку, лаўрэату Ленінскай прэміі па літаратуры дарагому і любімаму Леаніду Ільічу Брэжневу - прадаўжальніку вялікай справы Уладзіміра Ільіча Леніна! Пакуль вечна жывая ягоная справа, ён таксама вечна жывы! Ура!
"Ура-а!.." - не надта дружна, бо ніхто не чакаў на пахаванні ніякіх "ура", працягнула Красная плошча, і Брэжнеў, хоць са слоў Андропава не зусім зразумела было, які Ільіч вечна жывы, павярнуўся ў труне на бок, прыпадняўся, хацеў устаць, але не змог, бо, напэўна, не надта добра сябе пачуваў, зноў лёг на спіну, і тады да яго кінуўся, скочыўшы з трыбуны Маўзалея і цягнучы за сабой шнур мікрафона, маладцаваты мужчына ў модным плашчы і капелюшы фасону трыблі: "Калі ласка, прамаўляйце, Леанід Ільіч!.."
- Дарагія таварышы!.. - пачуўся над Маўзалеем, над Краснай плошчай, над Масквой і ўсёй савецкай краінай знаёмы, трохі ў нос, прыглушаны голас.
- Я трое сутак праляжаў у Калоннай зале Дома Саюзаў, дзе ноччу было халаднавата, і трохі прастудзіўся. Тым не менш, хачу сказаць, што вельмі прыгожая зала, усім рэкамендую, - скончыў прамову Брэжнеў, але над ім нахіліўся капялюш фасону трыблі, нешта шапнуў на вуха, і Брэжнеў дадаў: - У нас сур’ёзная дэмаграфічная праблема, яе трэба неадкладна вырашаць, таму рэкамендую прызначыць сакратаром ЦК КПСС па ідэалогіі таварыша Нячаева, які прайшоў шлях ад простага майстра-лялечніка да дырэктара фабрыкі цацак, выявіў сябе нястомным працаўніком, для якога клопат пра тое, каб з’яўлялася ўсё болей і болей дзяцей, не кабінетная тэорыя, а штодзённая практыка, таму рэкамендую".
Цалкам задаволены Нячаеў пацалаваў Брэжнева, вярнуўся на трыбуну Маўзалея і аддаў мікрафон Андропаву.
- Паважаныя таварышы! Шаноўныя госці! Дарагія сябры! - урачыста, пасля кожнай фразы робячы паўзу, прамовіў Андропаў. - Па нашай партыйнай традыцыі прадаўжальнікаў вялікай справы таварыша Леніна і таварыша Сталіна хаваюць пачынальнікі вялікай справы таварыша Леніна і таварыша Сталіна таварыш Ленін і таварыш Сталін!
Загучала жалобная музыка, да труны Брэжнева падышлі ў форме рабочых пахавальнай каманды Ленін і Сталін.
Віктар, не зразумеўшы, навошта гэты маскарад, а калі гэта не маскарад, дык як такое можа быць, павярнуўся да Вензеля, той нахіліўся да ягонага вуха: "Мёртвыя бачаць мёртвых".
- Але ж я і жывых бачу!
- Значыць, вы не зусім мёртвы. Нешта ў вас памерла, нешта не. Як у дырэктара фабрыкі Нячаева.
У голасе Вензеля з’явіліся насмешлівыя ноткі. Раней такога не было.
Зрэшты, шмат чаго не было раней. Не было Ганны. І ўсё, што прыйшло пазней, прыйшло разам з ёй. Гэта яна купіла яму квіток у мяккі вагон.
Тры дні таму, калі ён вяртаўся з Варшавы і цягнік спыніўся ў Мінску, ён глядзеў у вакно вагона: выйсці? Застацца? Паехаць у Крэва?.. Нават прайшоў у тамбур, але не выйшаў, не застаўся. Правадніца, якая курчылася на пероне пад плашчыкам, што не хаваў яе ад ветру з дробным, сякучым дажджом, сказала: "Стойце там, няўтульна тут", - і ён стаяў у тамбуры, пакуль яна не паднялася і не зачыніла дзверы.
Прыехаўшы ў Маскву, злы на самога сябе, ён пасварыўся з Ганнай. Крычаў, што не хоча, каб квіток у мяккі вагон куплялі яму ўсялякія курвы і каб яна, калі хоча застацца з ім, збіралася ў Крэва, а Ганна пачала крычаць, што яна не пакаёўка Любоў, каб ахвяраваць дзеля яго ўсім, што мае, і калі сказала, што купіла яму квіток у мяккі вагон, бо ён сам захацеў перасесці ў яго з плацкартнага, Віктар ляснуў дзвярыма. Цяпер Ганна стаяла ў цэнтры гасцявой трыбуны побач з Індзірай Гандзі. Нешта нагаворвала ёй, тая ківала. Зацікаўлена ківала, так, як звычайна ківаюць жанчыны, калі пляткараць пра мужчын, і наўрад ці яны пляткарылі пра Брэжнева.