- Хвіліна развітання для родных і блізкіх, - жалобна прамовіў Андропаў і члены пахавальнай камісіі, члены і кандыдаты ў члены Палітбюро пачалі спускацца з трыбуны, і, калі ўсе развіталіся, Ленін і Сталін прыкруцілі вечка да труны і на белых, доўгіх і шырокіх, як ручнікі, стужках, Ленін з галавы, а Сталін з ног пачалі апускаць труну ў чырвоную магілу. Грымнуў артылерыйскі залп, і Ленін ці то з нечаканкі, ці з таго, што аслабеў, лежачы ў Маўзалеі, ці проста таму, што з ягонага боку, з галавы труна была цяжэйшай, выпусціў стужку з рук. Пад артылерыйскі залп труна галавой уніз грымнулася ў магілу, адкуль пачулася: "Вы там зусім ахрэнелі?" - і Ленін праз такую прылюдную няўдачу мусіў бы неяк павінаваціцца, разгубіцца, але ён не павінаваціўся і не разгубіўся: "Іосіф Вісарыёнавіч, вы што нарабілі?.." Патаптаўшыся дзеля прыліку яшчэ трохі каля магілы, ён горда пакрочыў у свой Маўзалей, і хоць Сталін услед яму спытаў крыўдліва: "Пры чым тут я, з вашага боку галава была, з майго ногі", - Іосіф Вісарыёнавіч усё адно застаўся вінаватым, бо хто з іх з якога боку стаяў, мала хто з плошчы бачыў, а як Ленін яго звінаваціў, чулі ўсе, і Сталін, махнуўшы рукой, рушыў да Лобнага месца, дзе ўзвышаўся крыж, вакол якога тоўпіліся дзіўныя людзі ў апратках 40-х гадоў і часоў Вялікага Княства Літоўскага. "Лаўрэнцій! - паклікаў Сталін, і з натоўпу каля Лобнага месца выбег Берыя, якому Сталін раздражнёна стаў выгаворваць: - Так нельга, Лаўрэнцій! У Суслава была няхай маленькая, але ўсё ж галава члена Палітбюро, а тут проста галоўка члена. І яна адказве за ідэалогію! Гэта здзек з партыі! Нельга так, Лаўрэнцій, трэба з гэтым нешта рабіць. Ажыўляцца мне трэба. Што ў нас з 1-й лабараторыяй? Працуе яна над гэтым?" - і Берыя выструніўся: "Працуе, таварыш Сталін! І не толькі 1-я лабараторыя, уся краіна над гэтым працуе!"
"Кіньце вашы фокусы…" - не паварочваючыся, ведаючы, што Вензель яго чуе, ціха сказаў Віктар. - І пачуў за спінай: "Гэта не мае фокусы. На гэтым крыжы гэтыя людзі прынеслі на Лобнае месца Сталіна і Купалу. Гэта вы так напісалі. І паэму пра Нячаева напісалі вы, а не я. Думаць трэба, што пісаць. Дарэчы, вашага сябра Мацвеева праз вас пасадзілі". - "Пасадзілі? За што? За маю паэму?" - "Ён даслаў яе ў КГБ пад сваім іменем. Пісаць ён ніколі не ўмеў, але марыў, каб нешта пад ягоным іменем было напісана. І яшчэ, ведаючы вашу схільнасць да маральнага мазахізму, хацеў, каб яго пасадзілі праз вас і каб вы праз тое пакутавалі. Гэтакі прысніўся яму сюжэт, які, калі б мог, ён напісаў бы, а не ўмеючы пісаць, вырашыў пражыць. Адны робяць з жыцця літаратуру, іншыя - з літаратуры жыццё".
Ну, Мацвееў! Столькі нерваў! Столькі страхаў! Столькі бяссонных начэй: што будзе? Арыштуюць, не арыштуюць? Ну, Мацвееў… Ідыёт!
"Трам-там-тарам-там-там!.." - калыхнуў трыбуну ваенны марш, і па Краснай плошчы рушылі, развітваючыся са сваім галоўнакамандуючым, пра якога расказвалі ў казармах анекдоты, жаўнеры войскаў Маскоўскага гарнізона. Калі яны адмаршыравалі і члены пахавальнай камісіі, кандыдаты ў члены і члены Палітбюро з ганаровымі гасцямі з трыццаці пяці краін свету, сярод якіх быў і Ярузельскі - які ўсё спрабаваў прыстроіцца да Андропава, каб, пэўна, папрасіць не ўводзіць у Польшчу войскі, чаго ніяк не даваў зрабіць яму міністр абароны Вусцеў - скіраваліся ў Крэмль на памінкі, да гасцявой трыбуны, з якой спусціўся Віктар, падскочыў Нячаеў.
- Мы з табой за адным сталом! І не толькі на памінках. Я ў партыі, ты ў прафсаюзах. У школе камунізма!.. І не рабі выгляд, нібы не пазнаеш! Гэта я мог бы выгляд зрабіць, што цябе не пазнаю. Мог бы пра цябе з Мацвеевым забыцца, але я помню, хто паслаў мяне ў ЦК. І Мацвееву я дапамагу. А вось ты не помніш дабра. Ведаеш, што Грачын пра цябе сказаў? Што ты няўдзячны! І лепш бы Ганна са мной была, чым з табой!
Бадай, лепш. Ад гэтага члена з галоўкай у капелюшы фасону трыблі ў Ганны былі б дзеці, не трэба было б у Індыю ехаць.
Прыпадняўшы на развітанне капялюш, маўляў, гонар маю! - Нячаеў дагнаў Ганну з Індзірай Гандзі, узяў іх пад рукі і павёў у Крэмль. Віктар глядзеў услед: не ісці ж за імі… А куды яшчэ ісці, ён не ведаў.
- Ад вас з нейкім абрэзкам у капелюшы сыходзіць каханая, найлепшая, якая ў вас магла быць, жанчына, а вы не ведаеце, што рабіць? - спытаў Вензель. - У такім разе вось вам прэзент на памяць пра яе. Падарунак ад 1-й лабараторыі.