Падарункам ад 1-й лабараторыі былі два срэбрана-бліскучыя шарыкі, падобныя да тых, што выпалі з "ашыйніка", калі яго здымалі з Віктара ў лякарні. Яны прыемна зацепліліся ў руцэ, нават, здавалася, запульсавалі, выпраменьваючы цяпло.
- І ў дадатак... - праз паўзу, нібы раздумваючы, ці казаць гэта, прагаварыў Вензель. - У дадатак да падарунка вось што. Адразу пасля аварыі Ганна завезла вас у крамлёўскі шпіталь на Уздвіжанцы. Там ёй сказалі: "Нам вельмі шкада, але..." Тады яна патэлефанавала мне.
- Чаму вам?
- А каму яшчэ, калі вы не жывы? І я назваў ёй адрас на Лубянцы, куды вас прывезці. Але ўсё адно мы вас не ажывілі б, ніякія рэгенератары не дапамаглі б, калі б не яна. У вас, каб вы ведалі, палова яе крыві, але кроў можна было ўзяць у кожнага, у каго ваша група. Ганна аддала вам палову жыццёвай сілы, якая важней за кроў, бо яна і ёсць жыццё, якое мы навучыліся пераліваць. Не буду тлумачыць тэхналогію, вы ўсё адно не зразумееце, але, каб нешта ўцямілі, гэта як дыханне губы ў губы, толькі выдыхаеш не паветра, а душу. І калі кроў можна ўзяць прымусова, дык жыццёвую сілу, душу прымусова не возьмеш, а толькі тады, калі нехта сам захоча аддаць яе некаму, не пашкадуе. Падзеліцца жыццём. Інакш нічога не выйдзе, не перальецца. Ганна не пашкадавала. Яе папярэдзілі, што гэта не кроў, якая адновіцца, а яна не пашкадавала. Прасіла ніколі і нікому пра тое не казаць, і я не казаў, але цяпер падумаў, што вам трэба ведаць. І яшчэ, я думаю, варта вам ведаць вось што: тое самае зрабіла некалі яе маці. Дзеля каго - здагадайцеся самі. Але тады мы яшчэ толькі пачыналі - і не ўсё ўдавалася.
Ганна!.. Нешта такое: лякарня, падобная да Ганны жанчына на суседнім ложку, зеленаватага колеру прылада на стале паміж імі, што міргала агеньчыкамі і падавала ціхія, як спадарожнік з космасу, сігналы, бегатня людзей у сініх халатах Віктару ўспаміналася. Так успаміналася, нібы снілася, але ці мала што можа прысніцца?..
"Каханне - гэта калі тваё жыццё не ў табе, а ў іншым чалавеку". Вось чаму яна паўтарала і паўтарала гэтыя словы! Вось чаму вярталася і вярталася да таго, што ўбачыла ў Крэўскім замку! Да Любові, якая зратавала ад смерці Вітаўта! Пераліла ў яго сваё жыццё! Дык у каго пераліла? Ці варты ён ахвяры? Вось што Ганну, калі яна бачыла, як мітусіўся Віктар у падараваным ёй жыцці, гняло. Вось што яе мучыла, калі толькі Вензель усё гэта не прыдумаў.
- Вы таксама раман пішаце, Назар Януаравіч?
Вензель выявіў на твары штосьці кшталту крыўды.
- Я не займаюся белетрыстыкай. Жыццё - дакументальны жанр, як кажа Цапман.
Дакументальным жанрам называў жыццё Марат, які з таго часу, калі пакінуў развітальную запіску: "Жыццё - дакументальны жанр. Заўтра ўвечары самалёт. А там - як Бог дасць", - ніяк болей не гукаўся, і ніхто не ведаў, дзе ён і што з ім.
- Цапман? - перапытаў Віктар. - Які Цапман?
- Ваш мінскі знаёмы, які збіраўся з’ехаць за мяжу, бо ў Мінску яго пераследвалі. Ці ён ваш сябар, не ведаю ўзроўню вашых адносінаў. Але ведаю, што вы папрасілі за яго беларускае кіраўніцтва, ён нікуды не з’ехаў, а пасля нам спатрэбіўся інжынер па электроніцы - і лепшага за Цапмана мы не знайшлі. А калі б ён з’ехаў, дык не было б у нас лепшага. Так што ўсё, што вы рабілі, зроблена вамі на карысць Радзімы, незалежна ад таго, што вы думалі зрабіць.
Сапраўды незалежна… Усё, што адбывалася з ім апошнім часам, адбывалася незалежна ад ягоных намераў. Але тое, што адбывалася з тымі, хто быў побач, адбывалася праз яго. Мацвеева пасадзілі, Цапмана завербавалі. Не сам жа ён, антысаветчык, у 1-ю лабараторыю падаўся. У КГБ. Не пайшоў бы Віктар прасіць за яго, ён бы з’ехаў.
Кругам па плошчы яны падышлі да Лобнага месца, дзе Сталін, усё яшчэ нешта выгаворваючы Берыі, глянуў на іх, і позірк быў такі мёртвы, што Віктар сцяўся, нервова крутнуў шарыкі між пальцаў, адзін з якіх выслізнуў, падскочыў на брукаванцы - Сталін спрытна злавіў яго.
- А вось і таварыш Вензель! У шарыкі таварыш Вензель гуляе! А што нам скажа таварыш Вензель пра поспехі 1-й лабараторыі?
Нічога не адказаўшы Сталіну, Вензель забраў у яго шарык.
- Вы чаго, Віктар Паўлавіч, гэтак сцяліся? Ён жа пакуль не жывы. - І вярнуў шарык Віктару. - Гэта "мысляр", як мы яго назвалі. Адзін "мысляр" кантраляваў ваш стан, калі вас ажыўлялі. Фізіку. Другі - псіхіку. Свядомасць. Каб вы нічога не западозрылі, іх схавалі ў "ашыйнік". На той час не было яшчэ ў нас Цапмана, які зрабіў іх не большымі за макавае зерне. Геніяльны інжынер.
"Адна з уласцівасцяў любой эфектыўнай сістэмы - імкненне да кампактнасці", - казаў Марат. І вось што з гэтага выйшла.