Выбрать главу

- І што? - спытаў Берыя, які зацікаўлена слухаў Вензеля. - Што з таго, што нешта большае стала меншым?

- Меншае стала большым па сваіх магчымасцях, таварыш Сталін, - чамусьці не Берыі, а Сталіну адказаў Вензель. - Цяпер мы можам, прыдумаўшы для гэтага любую прычыну, напрыклад, прышчэпкі супраць грыпу, ужыўляць "мысляроў" незаўважна для пацыентаў, кантраляваць іх і кіраваць імі. Для таго, каб вы ажылі, трэба ўжывіць такое жаданне мільёнам людзей, гэта вялікая праца, так што давядзецца, Іосіф Вісарыёнавіч, яшчэ пачакаць.

Сталін сувора зірнуў на Берыю.

- Чуў, Лаўрэнцій?.. А ты: гэта добра, што вы на крыжы! Хто на крыжы, той ажывае! У свеце навукова-тэхнічны прагрэс, а ты мне казкі біблейскія! Нібыта паэт нейкі, а не наркам дзяржаўнай бяспекі СССР!.. Дарэчы, дзе Купала? Мне аднаму вісець?

Тое самае, калі ўжо Сталін і Купала на адным крыжы, хацеў спытаць Віктар.

- Адлучыўся, - сказаў на ягоны дапытлівы позірк Вензель. - Ён не любіць пахаванні. Як і я. І, каб вы ведалі, я тут не праз тое, што Брэжнева хаваюць. І нават не праз вас. Праз Ганну, - пад руку павёў ён Віктара ад Лобнага месца. - Некалі я быў закаханы ў яе маці. Так закаханы, што вар’яцеў, гатовы кінуць увесь свет да яе ног. Але ёй патрэбны быў не свет. Паэт. Бачыце, нават зрыфмаваў, хоць гэта не мой жанр. І тады я паспрабаваў стаць чымсьці большым, чым паэт. Не меншым, чым свет, у якім ёсць жыццё, смерць і ўваскрашэнне. І стварыў 1-ю лабараторыю. Я прымяраў ролю бога, а Ганна прыдумала з мяне д’ябла. І гэты прыдуманы лабараторны д’ябал стаў д’яблам Купалы. Можа, праз тое і рынуўся ён у лесвічны пралёт.

Віктар адчуў, як у ім пагарачэла кроў.

- Дык яго не скінулі? Рынуўся сам?

- Скуль я ведаю? Мы пазнаёміліся, калі ён быў ужо нябожчыкам. І пра тое, скінулі яго ці сам рынуўся, не казаў.

Зірнуўшы на гадзіннік, Вензель спыніўся каля ўваходу ў ГУМ. Відаць было, што размаўляць пра смерць Купалы ён не хоча. Як і ніхто з тых, хто мог пра гэта нешта сказаць.

- Але ж вы маглі быць у той вечар у гатэлі "Масква".

- Мог, але не быў. У той вечар я быў у антыкварнай краме. 1-я лабараторыя - праца, а крама - хобі. Як і цырк. Для адпачынку. Калі памятаеце, крама мая тут, у ГУМе. Бачылі, колькі ў ёй цікавых рэчаў? Але з усяго, як падарунак на развітанне, выбраў я для вас вось гэта, - дастаў Вензель ключ з кішэні паліто. - Калі не захочаце адчыніць дзверы, якія ён адмыкае, аддайце ключ Ганне. У мяне будзе прычына сустрэцца з ёй, каб забраць.

І Вензеля праглынулі дзверы ГУМа.

Узяўшы ключ, Віктар доўга стаяў на Краснай плошчы, гледзячы, як расцякаецца пасля пахавання натоўп - мёртвыя скрозь жывых і жывыя скрозь мёртвых.

Да ключа быў прычэплены нумар, як гэта робіцца ў гатэлях. 414.

LIX

Сталін змоўк знясілена, схіліўшы галаву на плячо, і Купала падумаў: "Гэта ўжо трызненне. Вар’яцтва. Калі нехта кажа, што не змог пахаваць маці, бо ў той дзень яму трэба было расстраляць саснёнага фельдмаршала, каб уратаваць Расію, гэта вар’яцтва".

- Што ж, калі ніхто… - пераставіла Ганна вядро з-пад ног Купалы пад ногі Сталіна - і вада ў вядры, калыхнуўшыся і засвяціўшыся на дне, загарэлася, агонь палыхнуў клубам, узнёсся ўверх…

"…І агонь Ягоны ў вадзе!" - тут жа ўспомніўся Купалу сон, убачаны ў трэці дзень па смерці, і Хрыстос у тым сне, і падарожнік, які прыйшоў у горад, збудаваны Ірадам, каб сказаць Хрысту: "Шлях твой да Яна Купалы. Ідзі да яго на Іярдан".

Купала кінуў вокам на Лётчыка - той зорку на шлеме не кранаў: вада загарэлася сама.

Ганна нахілілася, зачарпнула агонь, які палаў у яе руках, і абмыла агнём боты Сталіна. Раз, другі, трэці.

"Хрышчу цябе святлом і агнём…"

- Хрышчу цябе святлом і агнём, - прагучала над Краснай плошчай, і жывыя з мёртвымі, уражаныя тым, што толькі што ўбачылі, пачалі хрысціцца, маліцца - і тут загаварыў крыж. Глухаваты голас ягоны гэтаксама, як ціхі голас Хрыста, пранікаў скрозь крамлёўскія сцены і скрозь сцены ГУМа, скрозь мураванкі Пакроўскага сабора і Гістарычнага музея, разносіўся над Масквой, з ветрам ляцеў далей, лунаў над нізінамі, гарамі і пагоркамі зямлі, што разам з землямі татарскімі і ўдмурцкімі, мардоўскімі і марыйскімі, калмыцкімі і кумыцкімі, эвенскімі і нанайскімі, саамскімі і юкагірскімі, тазынскімі і лазынскімі, хакаскімі, карэльскімі, нянецкімі, езідскімі ды іншымі, населенымі амаль дзвюма сотнямі народаў, чамусьці называлася - пад плач званоў зруйнаванага храма Ісуса Хрыста! - святой Руссю. "Не толькі агонь, усё ў свеце цягнецца да нябёсаў. Кожная травінка, былка кожная! - вяшчаў, павярнуўшыся да маўзалея тым бокам, на якім быў раскрыжаваны Сталін, крыж, і ці не ўсім, хто быў на плошчы, здавалася, што гэта ён, правадыр, і вяшчае. - І калі б Расія, як агонь, мкнула да неба, у ёй бы болела Бога! Але яна, як дым, сцелецца да небасхілу, каб у ёй болела зямлі! На захадзе і ўсходзе, на поўдні і поўначы. І пакуль будзе так, датуль валадарыць у ёй будзе той, хто рухаецца адразу ў чатыры бакі, не маючы ніякай іншай, апроч зямлі, мэты! І гэтым будуць апраўдвацца ахвяры, смерць, кроў! Так было заўсёды! Усё, што дзеелася ў Расіі вар’яцкага, жахлівага, нечалавечага, мела апраўданне ў тым, што дзеелася яно дзеля Расіі!.. - прамаўляў крыж, а полымя разгаралася, на Сталіне затлелі боты, і ён - ці праз тое, што амаль гарэў, ці праз тое, што разумеў: усім здаецца, нібы гэта ён прамаўляе! - біўся патыліцай аб глухавата-драўляны голас. А ў руках архімандрыта Данскога манастыра Ісідара, вар’яцеючы ад таго, што чула, білася галава патрыярха Ціхана.