"Падымі мяне, Ісідар… - ледзь разнімаючы вусны, папрасіла галава патрыярха. - Падымі… прамовіць хачу.." А калі архімандрыт узняў яе, галава нешта прахрыпела.
"Анафема. - прашаптаў, мусібыць, тое, што не разабраў у хрыпах галавы патрыярха Купала, архімандрыт Ісідар. І паўтарыў гучней, ужо ад сябе. - Анафема!.. "
Прыпякала ўсё болей, Купала адчуваў свае ногі так, нібы нацёр іх у новых неразношаных чаравіках, у якіх да таго ж засмылелі падэшвы. Ён рвануўся левай рукой да правай, паспрабаваў вырваць цвік, але той не паддаваўся, Несцярэнка з Кашкадамавым, Кіраў з Тухачэўскім, Горкі з Маякоўскім, Коган з Куйбышавым увагналі яго па самую плешку, і тады віленскія пакутнікі нахілілі крыж, Кумец з Кругляцом выдралі цвікі з рукі і ног Купалы, Няжыла зняў яго з крыжа, які падхапілі сталінскія сокалы, абодва ў лётных шлемах, Рыбко з Чкалавым, і ўзнялі раскрыжаванага Сталіна над Лобным месцам.
- Браты і сёстры!.. - узвіўся, здалося, языком агню Сталін, і амаль адразу, перакрываючы ягоны голас, па Краснай плошчы, якая таго, што прамаўляў крыж, нібыта й не пачула ці не захацела пачуць, пракацілася: "Ур-р-а!.." І ўзвіліся чырвоныя сцягі, разгарнуліся транспаранты, узляцелі каляровыя шары. "Няхай жыве таварыш Сталін! Ур-р-а!.. Слава таварышу Сталіну! Ур-р-а!.." - пачала выстройвацца, нібы па чыімсьці загадзе, плошча ў калоны, першая з якіх, спартыўныл таварыствы "Буравеснік", "Працоўныя рэзервы", "Дынама", "Лакаматыў", "Спартак" замаршыравалі пад музыку ваеннага аркестра, і пайшлі, пайшлі па плошчы перад лобным месцам прадстаўнікі працоўных калектываў, заводаў і фабрык, калгасаў і саўгасаў, акадэмій, інстытутаў і тэхнікумаў, мастацкіх вучэльняў і школ, таварыстваў педагогаў-марксістаў, гісторыкаў-марксістаў, краязнаўцаў-марксістаў, таварыства "Далоў непісьменнасць!" і таварыства па зямельным уладкаванні працоўных габрэяў, таварыства будаўнікоў пралетарскага кіно і проста таварыства будаўнікоў, таварыства шэфства горада над вёскай і таварыства вывучэння міжпланетных зносін, міжнароднай арганізацыі дапамогі змагарам рэвалюцыі, руху "Біскаўтаў!", таварыства пралетарскага турызма, ваяўнічых бязбожнікаў і аматараў крэмацыі з двума партрэтамі Кашкадамава, з галавой і без галавы. За ваяўнічымі бязбожнікамі і аматарамі крэмацыі дзяўчынка з ружовым банцікам і хлопчык у піянерскай пілотцы неслі транспарант "ГУЛАГ", пад якім крочылі першыл ягоныя кіраўнікі на чале з Хведарам Эйхмансам, начальнікі Стэплагу, Мінлагу, Дуброўлагу, Азёрлагу, Берлагу, гулагаўскіх упраўленняў "Галоўгідраволгабалтбуд", "Сталінградгідрабуд", "Галоўспецнафтабуд", Усходняга ўпраўлення будаўніцтва і лагераў БАМ, Заходняга ўпраўлення будаўніцтва і лагераў БАМ, "Енісейбуд", "Асоббуд", "Галоўспецбуд", "Галоўасбест", "Галоўслюда", "Сярэднеазбуд", "Башспецбуд", "УЛСПЧМ", "УТП", "ГУАС", "ГУЛГМП", "ГУЛЛП", будаўнікі Беламорска-Балтыйскага канала імя Сталіна і Сталінградскай ГЭС, Волга-Данскога канала імя Леніна, Транспалярнай магістралі, Паўночнай чыгункі, тунеля на Сахалін, гарадоў Камсамольск-на-Амуры, Савецкая Гавань, Дубна, Дудзінка, Находка, Ухта, Інта, Пячора, Варкута, мільёны ледзь жывых і мёртвых зэкаў групы "А", групы "Б", групы "В", групы "Г", сярод якіх мільгалі і мільгалі знаёмыя твары сасланых і расстраляных: вунь невядома дзе памерлы і пахаваны Восіп Мандэльштам, сябар Маякоўскага Уладзімір Нарбут, Абдула Тагі-Задэ, Тыцыян Табідзе, якога, у адрозненне ад Галактыёна Табідзе, Берыя не цытаваў, бо Галактыёну ў Тбіліся пашчасціла выжыць, а Тыцыяна расстралялі ў Тбілісі, як у Мінску расстралялі Кляшторнага і Таўбіна, Зарэцкага і Валасевіча, Кульбака і Аксельрода, Лявоннага і Дудара, маладых таленавітых паэтаў і вучоных, музыкаў і актораў, болей за сотню якіх паклалі ў адну цёмную восеньскую ноч, - вунь яны ідуць асобнай купкай, і Міхась Чарот, які надрапаў перад смерцю на сцяне турэмнай камеры: "Я прысягаю вам, сябры, мае палі, мае бары, - кажу вам - я не вінаваты!" - убачыў Купалу, замахаў, заштурхаў хлопцаў, паказваючы: "Купала! Купала!.. Вунь там, пад крыжам, на якім Сталін!" - і ўсе хлопцы ўскінулі рукі, запляскалі, бо мусіць, падумалі, што калі Сталін на крыжы, а Купала пад крыжам, дык гэта ён, Купала, Сталіна раскрыжаваў, і цяпер усё зменіцца!.. А як і што для вас можа змяніцца, калі па баках калоны ваенізаваная ахова, калі вы закатаваныя, забітыя, хлопчыкі мае, на якіх былі ў мяне, у Беларусі былі такія спадзяванні, гэткія надзеі?!. Родненькія!.. Алесік, Юрка, Тодар, Майсей, Міхась!.. Як жа сэрца мне цісканула, які жах паклаўся агнём і дымам наперадзе, калі вас не стала, і я ўвайшоў у гэты дым з агнём, падумаўшы, што разам з вамі можа не стаць Беларусі, маці, якая вас нарадзіла, і дасюль з гэтага жаху, з дыму гэтага і агню не магу выйсці…