Завод за заводам, фабрыка за фабрыкай, калгас за калгасам, лагер за лагерам, а паміж імі то Саюз кампазітараў, то Саюз мастакоў, то Саюз пісьменнікаў, то таварыства "Веды" з транспарантам "Няхай жыве нармальны Статут навуковых, навукова-мастацкіх і літаратурных таварыстваў!" крочылі і крочылі калоны, якім канца-краю не відаць было, і ў кожнай з іх, нават самай мёртвай, жыўцом спаленай у гарах Чачні ці затопленай на баржы ў вусці ледзянога Енісея, знаходзіўся нехта, хто крычаў Сталіну "ўра!". Іх не зразумець было, гэтых людзей - ні жывых, ні мёртвых. Сталін нават не глядзеў на іх - ён пазіраў, усміхаючыся, на Хрыста.
- Таварыш Сталін!.. - узбеглі на лобнае месца і ўхапіліся за крыж разам з "сокаламі", падумаўшы, відаць, што правадар трыумфальна вернецца зараз не толькі ў маўзалей, але і ў Крэмль, Берыя з Мяркулавым. - Мы з вамі, Іосіф Вісарыёнавіч!.. Мы з вамі! - І Берыя скамандаваў "сокалам". - На маўзалей! На трыбуну!
"На маўзалей!.. На трыбуну!.." - падхапілі калоны дэманстрантаў, размахваючы сцягамі, плакатамі, транспарантамі. Яшчэ вышэй узнялі крыж са Сталіным сокалы Рыбко і Чкалаў, энкавэдысты Берыя з Мяркулавым, маршал Тухачэўскі з капітанам Забіякіным, які й не ведаў, што гэта за чалавек на крыжы, якому хацеў ён боты пачысціць, але, як усе, гэтак і капітан, - і тут Хрыстос, які доўга і самотна, самотна і доўга глядзеў на ўзвіраваную Красную плошчу, на зэкаў і фізкультурнікаў, на калгаснікаў і рабочых з інтэлігенцыяй, на правадыроў і народ, які правадырам, што тапталі яго, як анучу на ганку, гатовы быў вылізаць боты, ускінуў галаву ў неба і нешта прашаптаў. Купала не расчуў Ягоныя словы, але па губах яму здалося, што Сын Божы прамовіў: "Гэй бэн гіном…"
Абрус, якім быў засланы стол на даху, дзе сядзелі апосталы, узняло ветрам - Юда ледзь паспеў схапіць і пакласці ў кайстру хлеб, разламаны з Хрыстом. "Янка!" - крыкнула, учапіўшыся за верхавіну крыжа, каб на вянку яе вецер не знёс, Спагада. Яна спусцілася ніжэй, падала руку, віленскія пакутнікі ўсадзілі Купалу побач з ёй на вянок, які паціху пачаў падымацца, і Купала праплыў спачатку тварам да сталінскіх, якія ўжо гарэлі, ботаў, потым да ягоных галіфэ, кіцеля, а калі апынуўся тварам у твар з правадыром, вянок на імгненне завіс, галава Сталіна павярнулася, але ўбачыў Купала не сталінскую патыліцу, а твар Лётчыка ў шлеме, які зарагатаў: "Каян Лупака!.." - і Спагада плюнула яму ў рознакаляровыл вочы: "Сатана пракляты!" - а ў грудзях Купалы ўскіпела такая злосць, што ён таксама не стрываў, плюнуў: "Не схаваешся за Богам!" - але галава зноў імгненна павярнулася, плявок паляцеў у твар Сталіну, які скрывіў губы, усміхнуўся змрочна: "Пры жыцці паспрабавалі б…"
- Так! Паспрабавалі б пры жыцці!.. - страшна ўскрычала, коцячыся па плошчы ад музея рэвалюцыі, галава Кашкадамава. З разгону ўскацілася на лобнае месца, павярнулася да трыбуны маўзалея. - А то цяпер рассмялеліся! Тыран! Людажэр!.. А народ любіў! Жыць стала лепей, жыць стала весялей! Вы не Сталіна - вы народ прадалі! Ра-сі-ю!.. - хрыпла ляцела ад лобнага месца да маўзалея, і не паспеў Купала падумаць, што, калі б Кашкадамаву далі слова на трыбуне, галава ягоная крычала б зусім іншае, як тая падкінулася, кульнулася цераз патыліцу і, стукнуўшыся лбом у вядро, перакуліла яго…
Купала зірнуў на дах маўзалея - нікога там не ўбачыў. Нібы Хрыстос з апосталамі адляцелі на ўзнятым ветрам абрусе. Не было і святых Пятра з Паўлам у порціку - толькі мільгнуў паміж цэнтральнымі калонамі і знік за імі Лётчык.
Полымя плёхнула на лобнае месца, драўляны насціл якога адразу запалаў, віленскія пакутнікі скочылі з яго на брукаванку, развітальна ўзмахнулі рукамі і кінуліся да Маскварэцкага маста, дзе іржалі, чакаючы іх, коні. З узнятым на крыжы Сталіным рушылі да трыбуны цераз плошчу, скрозь жывую з мёртвай чалавечую плынь сталінскія сокалы Рыбко і Чкалаў, Берыя з Мяркулавым, архімандрыт Ісідар з галовамі патрыярха Ціхана і старшыні таварыства аматараў крэмацыі Кашкадамава ў руках, маршал Тухачэўскі і капітан Забіякін, а за імі, ціскаючыся і штурхаючы адзін аднаго, лезучы адзін аднаму на спіны, усе, хто быў паблізу лобнага месца, на якім засталася толькі Ганна. Стаяла ў агні, так раскінуўшы рукі, нібы абдымалася з агнём. Адна няверная сярод верных, адна грэшніца сярод святых, адна жывая сярод мёртвых.