Выбрать главу

"Я гатовая за цябе жывой згарэць".

Вянок падняўся над лобным месцам ужо даволі высока, да ўзроўню дзясятага паверха гатэля "Масква", што віднеўся за гістарычным музеем. Зірнуўшы ўніз, Купала абняў, прытуліў да грудзей, у якіх ударыла сэрца, Спагаду, і калі яна, убачыўшы, як зірнуў ён на абнятую полымем Ганну, безнадзейна папрасіла: "Янка, не трэба. Не трэба, Яначка…" - разамкнуў абдымкі і скочыў з вянка.

"...не ўсё спраўджваецца не толькі ў людзей, але і ў Бога."

- Янка! - вогненна закрычала насустрач яму Ганна. - Яначка!..

"...і нехта злятае з дзясятага паверха гатэля, нехта - з дзясятага паверха нябёсаў".

Спагада крутнулася на вянку, спрабуючы вярнуцца, але падхоплены гарачай хваляй вянок лёгка ўскінуўся ў неба, і затрапятала за ім распраўленая ветрам шаўковая стужка: Мне сняцца сны аб Беларусі…

Пакружыўшы над лобным месцам, дзе шугаў, сцякаючы на брукаванку, агонь, над маўзалеем, з трыбуны якога прамаўляў раскрыжаваны Сталін, над Краснай плошчай, па якой крочылі і крочылі скрозь полымя дэманстранты, Спагада праляцела над Крамлём, над Аляксандраўскім садам і скіравала на захад. Агледзеўшыся, яна ўпершыню заўважыла, што пахавальны вянок Купалы сплецены з тых жа кветак, якія намаляваныя ў вянку на вокладцы ягонай кнігі "Ад сэрца".

Па Кутузаўскім праспекце рухалася ў бок Мінскай шашы машына, у якой, Спагада гэта ведала, з Данскіх могілак Масквы везлі на перазахаванне ў Мінск прах чалавека, які ніколі не паміраў.

Спагада апошні раз азірнулася - за ёй, даганяючы сонца, скакалі на гнядым, на чорным і на белым конях Кумец, Круглец і Няжыла, а за імі, агнём і дымам паласуючы неба, з якога ўсміхаўся Бог, палала Масква.

60

Вечарам 15 лістапада 1982 года Віктар Маргер, убраўшыся ў белую з цёмна-чырвонымі агатавымі запінкамі кашулю, апрануў цёмна-карычневы, тонкага сукна ангельскі гарнітур, абуў карычневыя на тонкай скураной падэшве чаравікі, павязаў светла-шэры з цёмна-чырвонай агатавай шпількай гальштук, сунуў у заднюю кішэню штаноў карычневую з чырвонай аблямоўкай насоўку, у левую ўнутраную кішэню пінжака - чорны скураны партманэт з пропускам у 300-ю секцы Упраўлення справамі Савета міністраў СССР і пасведчанне сябра Саюза пісьменнікаў, у правую кішэню - яшчэ адзін скураны партманэт, карычневы з пропускам у сталовую Упраўлення справамі ЦК КПСС, нататнік, на першай старонцы якога быў запісаны верш, прысвечаны Купалу, і, увайшоўшы ў вестыбюль гатэля "Масква", спытаў адміністратарку, ці вольны 414-ы нумар? Адміністратарка, жанчына, падобная да Люцыны, ліфцёршы ў доме Кручы, якая перадавала яму, каб застрэліўся, пісталет, адказала, што нумар заняты, але чалавек, які ў ім жыве, рэдка ў сябе бывае, так рэдка, што яна не бачыла яго, колькі тут працуе, і зараз можа падняцца, каб паглядзець, ці ў нумары пастаялец… - яна пагартала нейкія паперы. - пастаялец Луцкевіч, на што Віктар сказаў, што не трэба, з яе дазволу ён падымецца сам, і адміністратарка заківала: "Калі ласка, вы ж таксама там жылі, вас я не так даўно бачыла, яшчэ дама з вамі была, шыкоўная такая, апранутая шыкоўна, і вы сёння шыкоўна апрануліся, як Луцкевіч, а дама, якая была з Луцкевічам, таксама някепска апранутая і, ведаеце, вельмі падобная да вашай, толькі старэйшая, нядаўна яна пайшла, так што там ён, калі ён там, адзін".

Віктар падняўся на чацвёрты паверх, памарудзіў перад дзвярыма, не паспеў адамкнуць - дзверы расчыніліся самі. У парозе стаяў Купала. Відаць, ён чакаў тую жанчыну, якая нядаўна выйшла з нумара. Спадзяваўся, што вернецца. Ступіў у калідор, паглядзеў у адзін бок, у другі, і толькі тады жэстам запрасіў зайсці.

Нумар выглядаў не так, як тады, калі Віктар жыў у ім з Ганнай, а так, як быў апісаны 29 чэрвеня 1942 года ў данясенні № 3/3/6661 начальніка 3-га Упраўлення НКВД СССР Горлінскага на імя Берыі і Сталіна. На стале ляжала каробка шакаладных цукерак, пачак цыгарэт "Эліт", стаялі келіхі з недапітым віном, попельніца з недапалкамі, а пад сталом - дзве бутэлькі з-пад шампанскага. Адзіная рэч, якая не была апісаная ў данясенні, - тэлескоп каля вакна. Пазначаныя былі нават такія дробязі, як адарваны гузік на падлозе, а тэлескоп чамусьці не.