Такога адказу Віктар не чакаў. Так мог хто заўгодна адказаць, але не Купала.
Віктар збянтэжыўся, замітусіўся.
- Я прачытаць вам хацеў… - палез ён у кішэнь пінжака, дзе ляжаў нататнік з вершам, прысвечаным Купалу, а Купала кінуў: "Пасля прачытаеце!" - і выйшаў.
Толькі цяпер Віктар заўважыў справа ад таршэра дзверы, якіх раней не было. На дзвярах вісела шальдачка: "Лабараторыя". Ён падышоў, торгнуў лапезную пазалочаную, якую недзе ўжо бачыў, са змяінай галавой дзвярную ручку - дзверы не адчыніліся, з таго боку замкнёныя.
Узяўшы сцізорык, лёг у ложак. Вынуў лязо з тронак, правёў па ім пазногцем: як брытва. Лёгка можна ці жывот успароць, ці вены перарэзаць, ці горла… Засталося толькі адказаць самому сабе, па якой прычыне не захацець жыць?
Праз што?
Праз тое, што Ганна сышла?..
Праз тое, што Мацвеева з-за яго пасадзілі, а Цапмана завербавалі?
Праз тое, што пра ледакол эпохі напісаў?
Праз тое, што на партыйным з’ездзе выступаў?
Праз тое, што з Брэжневым цалаваўся?
Праз тое, што ў Польшчу паперадзе танкаў паехаў?..
Хто б пра ўсё гэта, калі б не было яго, Віктара Маргера, успомніў? Ні-хто! І праз тое, чаго без яго ніхто б не ўспомніў, успорваць жывот? Вены пераразаць?
Калі скласці ўсе прычыны ў адну, ці выйдзе тая, па якой можна не захацець жыць?..
Такой прычыны не выходзіла. Усё ў адно не складвалася. Не было гэтак балюча і гэтак сорамна не было, каб не стрываць.
Можа, таму не гэтак балюча і не гэтак сорамна, бо ён нежывы, як сказала яму недзе там, дзе Гімалаі, дзіўная жанчына з іменем Дзеві?
Калі ты нежывы, тады гэта прычына, каб не жыць. Бадай, адзіная.
Віктар адклаў ножык, падняўся, падышоў да тэлескопа.
На захадзе яшчэ дагарала вечаровая зара, а ўжо запальвалася над ёй зорка Арктур у сузор’і Валапаса. Вышэй на небе ў сузор’ях Ліры, Лебедзя і Арла разгараліся Вега, Дэнэб і Альтаір.
Зорку Акубенс у сузор’і Рака не разгледзець было, яна зорка вяснова-летняя, восенню ледзь заўважная. А вось сузор’е Вялікага Возу, хоць яно таксама вясновае, пасярэдзіне вясны ў зеніце, добра відаць і ўвосень. І найярчэй восенню ззяе ў небе Божы, Зорны, Птушыны, Млечны, як толькі ён ні называецца, шлях, па якім коціцца Вялікі Воз.
Запомніць назвы сямі зорак Вялікага Возу так, як яны пісаліся ў кнігах па астраноміі: Алькаід, Аліёт, Дубхэ, Міцар, Мягрэц, Мярак, Хвекда, - было цяжка. Гучалі яны чужынна, таму Віктар яшчэ тады, калі быў малы, прыдумаў для іх свае назвы. Ён заўважыў, ці яму гэтак здалося, што ў розныя дні тыдня кожная зорка свеціць па-рознаму. У панядзелак найярчэй зіхціць Алькаід, у аўторак Аліёт, у сераду Дубхэ… Так у крэўскім небе над дзедавай пуняй з саламянай страхой з’явіліся зоркі Панядзелак, Аўторак, Серада, Чацвер, Пятніца, Субота, Нядзеля.
Сёння найярчэй мігцела зорка Алькаід. Значыць, панядзелак.
На Вялікім Возе сядзелі і глядзелі на Віктара з другога боку тэлескопа, у якім, мусібыць, бачыўся ім Віктар меншым за макавае зерне, паэты-самагубцы. Уладзімір Маякоўскі, які застрэліўся, Сяргей Ясенін і Марына Цвятаева, якія павесіліся, Генадзь Шпалікаў і Аляксей Прасолаў, якія таксама павесіліся, Іван Ігнацьеў, які перарэзаў сабе горла, Галактыён Табідзе, які ў шпіталі выкінуўся з акна, Аляксандр Ром, Надзея Львова, Уладзімір Палятаеў, Віктар Гофман, Мікалай Дзяменцьеў, Юры Галіч, Яўген Лан, Лявон Аранзон, Вітальд Ахрамовіч, Ілля Габай, мадзьяр Ёжэф Аціла і паляк Рафал Ваячэк, грэк Карыатакіс Костас і гішпанец Альфонса Кастафрэда, француз Рэнэ Крэвель і мексіканец Хорхэ Куэста, чыліец Пабла дэ Рока, швед Хары Марцінсан - нобелеўскі лаўрэат, які закалоўся нажніцамі, амерыканцы Харт Крэйн, які ўтапіўся, Джон Барымэн, які кінуўся з моста на лёд, і Гары Кросбі, які застрэліўся разам з палюбоўніцай, Луцый Сенека і Стэфан Цвейг, якія скончылі жыццё разам з жонкамі, крэолец Эрык Роўч, які сплыў у адкрытае мора, немец Паўль Цэлан, які кінуўся ў рэчку з моста, японец Сіндзі Ока, які скочыў з даху, каб дазнацца, што бывае пасля смерці, ангельцы Джон Браўн, які перарэзаў сабе горла, і Томас Чатэртан, які атруціўся мыш’яком, італьянец П’етрадэла Вінья, які разбіў галаву аб сцяну, рымляне Марк Лукан і Лукрэцый, адзін з якіх перарэзаў вены, а другі кінуўся на меч, украінец Барыс Танэта, які павесіўся ў турме, літовец Юлюс Яноніс, які кінуўся пад цягнік, беларусы Сяргей Палуян і Рыгор Семашкевіч, які выгукнуў, кідаючыся з акна: "Любіце паэтаў!" - поўны воз паэтаў-самагубцаў, усім на Возе месца не хапала, і яны беглі за ім, пераскокваючы з зоркі на зорку.
Куды ехаў Воз? Куды ён іх вёз?
У бясконцую адсутнасць. У мільёны, мільярды гадоў маўчання. Вось гэтая бясконцая адсутнасць з бясконцым маўчаннем жахала Віктара, а не сама смерць, калі ён думаў пра яе. Але людзі на Возе пра гэта ўжо не думалі.