Выбрать главу

"Не здолеў? - пыталі яны. - Страціў каханую, прадаў сяброў, здрадзіў паэзіі - і не здолеў? Маці пакінуў адну паміраць - і не змог. А Купала мусіў здолець? Павінен быў змагчы?"

"Табе ж Сюзана пісталет перадала, - пахмурна казаў Маякоўскі. - Чаму не застрэліўся?" - "Я страляўся. З вашага пісталета ў кватэры Кручы" - "Тады чаму жывы?"

Адказаць на пытанне: "Чаму жывы?" - было не прасцей, чым на пытанне: "Чаму мёртвы?" Не скажаш жа: бо Вензель фокус паказваў.

"П’яны быў? - спытаў Бажыдар, футурыст, якога за Маякоўскім не адразу Віктар заўважыў. - Я таксама аднойчы п’яны страляўся. У рускую рулетку гуляў. Адзін патрон у сямізарадным рэвальверы. Тыдзень піў і тыдзень страляўся. У панядзелак, аўторак, сераду, чацвер, пятніцу, суботу… Шэсць разоў круціў барабан - і ўсё біў баёк у пустое. А ў нядзелю мяне заклініла. Чамусьці падумаў, што ў сёмы раз, калі сямізарадны рэвальвер, без варыянтаў. Канец! Вядома, не, але чамусьці я так падумаў. І вырашыў, што нядзеля - выхадны. А пасля ўжо не змог… Адно - калі з варыянтамі, іншае - калі без. Пайшоў у лес і павесіўся".

"Правільна, - сказаў Ясенін. - Калі вешаешся, заўсёды ёсць варыянты. Ці вяроўка парвецца, ці выпадзе крук. Ці, калі ў лесе, сук зламаецца. І павесіцца лепш, чым застрэліцца. Без крыві".

"Затое сіні, як баклажан", - не згадзіўсяў Маякоўскі, і пакуль усе яны спрачаліся, як лепш засіліцца - скочыць з даху ці сплыць у мора, узрэзаць вены ці атруціцца, павесіцца ці застрэліцца - Віктар выглядваў, ці няма сярод іх Купалы, ці не да іх выйшаў ён у гэтыя, з таго боку замкнёныя, дзверы? Не ўбачыўшы, спытаў: "Скажыце, Купала з вамі?" - на што Табідзе, які добра ведаў Купалу, сказаў, азірнуўшыся па баках: "А што яму з намі рабіць? Ён жа не самагубца".

Значыць, не сам скінуўся. Тады, можа быць, усё ж варта падняцца на дзясяты паверх, каб паглядзець, як яно было?

"Магу сказаць, як было, - скочыў з Возу і пайшоў па зорках Табідзе. - Купала быў трохі нападпітку, у добрым настроі, бо яму нейкая жанчына патэлефанавала, каб сустрэцца, і калі выйшаў з нумара на дзясятым паверсе, уздумаў каўзануцца па парэнчах лесвіцы. Ну, такое юначае глупства. Хіснуўся і не ўтрымаўся. Наўрад ці гэта можна лічыць самагубствам. Тым больш, што, куляючыся, ён нагамі спрабаваў зачапіцца за парэнчы, таму і чаравік з адной нагі зляцеў. Сам я гэтага не бачыў, Берыя мне так казаў".

А Берыя бачыў?.. Хутчэй за ўсё ён гэта прыдумаў, каб у гібелі Купалы знайсці месца ягонаму чаравіку, які застаўся на лесвіцы, і які сведчыў пра тое, што Купалу скінулі. Купала ўпіраўся, бараніўся, але…

"Можа быць, Берыя прыдумаў, - згадзіўся Табідзе. І тут жа не згадзіўся: - А можа быць, і не".

У гэтых самагубцаў фантазіі… З маста не ў ваду, а на лёд кідаюцца.

Трэба ўсё ж падняцца і паглядзець.

Раптам у тэлескопе з’явілася, запалілася, як зорка, маці. "Сынок, ніхто ж мяне нікуды не скідваў, я сама памерла. Няма праз што табе вінаваціцца".

І зорка-маці пагасла.

Яна апраўдвала яго. Яна апраўдала б яго, калі б ён нават сякерай яе засек. Але больш ніхто не апраўдае.

"Я апраўдаю, - засвяціўся, як месяц, у тэлескопе бацька. - У тым свеце, дзе зараз мы з маці, за нас адказве Бог. А ў тым свеце, дзе ты, кожны адказвае за сябе. Мацвееў сам у КГБ напісаў, Цапман сам працаваць да іх пайшоў, а ты вінавацішся праз іх, як праз той кашалёк, які знайшоў на вакзале".

І бацька-месяц пагас.

Больш глядзець у небе не было на каго.

Калі няма на каго глядзець у небе, дык няма на каго глядзець і на зямлі.

Але які бацька хітры! Пра тое, што сын ягоны сам, як некалі Купала, "дрындушкі" пісаў, сам з гэтымі дрындушкамі на з’ездзе выступаў, сам у Польшчу ездзіў за Савецкі Саюз палякаў агітаваць, не сказаў.

Знік у небе.

Віктар адышоў ад тэлескопа, глянуў на яго, залацістага: што з ім рабіць? Чый ён? Ягоны, чужы? Купалы, Сталіна, Вензеля?.. Чыя гэта здзейсненая дзіцячая мара?

Купала сказаў: "Можаш забіраць". Але трэба яшчэ раз спытаць, калі вернецца. Каб не ўзяць чужое. Як той кашалёк, пра які ўспомніў бацька.

Кашалёк той дзевяцігадовы Віктар знайшоў пад акенцам касы на чыгуначным вакзале. Ніколі капейкі нідзе не знаходзіў, а тут - кашалёк. Трох рублёў, што ў ім былі, якраз не хапала на тэлескоп, грошы на які ён ужо амаль два гады збіраў капейку да капейкі. І ён не аддаў кашалёк касірцы, каб вярнула таму, хто згубіў. Але і ў краму па тэлескоп адразу не пабег, бо ўчора быў там і сказаў, што пакуль тры рублі не стае. Дык дзе ты іх сёння ўзяў?

Кашалёк быў жаночы, з шарыкавай зашчапкай, і Віктар уяўляў, як тая жанчына, якая яго згубіла, шкадуе пра прапажу. Можа, плача, бо ездзіла на кірмаш, які быў побач з вакзалам, прадаць тварог, масла ці яйкі, а выйшла, што толькі на дарогу патрацілася. А, магчыма, яна падумала, што кашалёк укралі, напісала заяву ў міліцыю, якая цяпер кашалёк шукае, і Віктар сто разоў яго перахоўваў. Закідваў сенам у пуні, засоўваў пад цэбры ў склепе, закопваў пад мосцікам на левым беразе рэчкі, што працякала за хатай, ноччу ўставаў і закопваў на правым, дзе толькі ні хаваў - паўсюль міліцыя знаходзіла, здымала з кашалька адбіткі пальцаў і вяла злодзея ў турму. Урэшце ён пайшоў на вакзал, падкінуў кашалёк туды, дзе знайшоў, пад акенца касы, з якой высунула галаву касірка: "Ты што там падкінуў?.." - і яго звінавацілі, што кашалёк украў, а жанчына, якая згубіла кашалёк, сказала, што ў ім было не тры рублі, а трыццаць.