- На памінкі, на памінкі, - убачыўшы, што Віктар з Ганнай збочваюць да брамы з новых могілак на старыя, да Данскога манастыра, павярнуў іх да машыны Грачын. - І без пытанняў, без ніякіх пытанняў, - абняў ён Ганну, якая прапанавала Віктару прайсці да надмагілля непадалёк ад Малога сабора, куды часцяком хадзіла адна, а яго прывяла на другую ноч пасля іх першай ночы ў качагарцы.
Ён добра яе ў той ночы запомніў.
"Бачыш?.. - правяла яна Віктара паўз Малы сабор, пазалота якога тускла свяцілася пад цьмяна-туманістым месяцам, і звярнула ўлева на зарослую дарожку, пасярэдзіне якой узвышалася над астатнімі помнікамі бронзавая постаць анёла. - Крылаты геній… Нават стоячы на каленях, схілены над магілай, ён узвышаецца над усім і ўсімі. Ведаеш, чаму?.. Бо гатовы ўзляцець! Бачыш?.. - І памаўчаўшы, падвяла яго да надпісу на пастаменце. - Анёл гэты над грудком Ганны Трубяцкой. Мяне ў яе гонар назвалі. І маці мая з Трубяцкіх, і бабуля, і ўсе продкі па кудзелі, якія род свой вядуць ад унука вялікага князя літоўскага Гедыміна".
Віктар не чакаў такога.
"Дык ты літвінка?"
"Як сказаць… Продкі збеглі з Літвы пяць стагоддзяў таму. Але…"
Яна прытулілася да яго, абняла. Моцна, парывіста. "Не забывай, што ты крылаты. Што крылатыя ўзлятаюць нават з каленяў".
Ён не зразумеў тады, да чаго гэта яна?.. Толькі пасля.
- Я не разумею цябе, - заштурхаў Ганну ў машыну Грачын. - Гэта твой хросны. І ён памёр тры дні, а не тры стагоддзі таму.
З Данской плошчы паехалі на Нікітнікаў правулак у сталовую ЦК, дзе за памінальным сталом Віктара пасадзілі побач з Паўлам Посухам, першым камсамольскім сакратаром.
- Слухай, - адразу нахіліўся да яго Посух. - Ты з Грачыным, бачу, зноў па-свойску. Закінь за мяне слова. Сталі пагаворваць, нібы я засядзеўся ў камсамоле, пара пераводзіць. Дык каб не паслом у Манголію. - І падміргнуў. - Камсамольская прэмія не апошняя. Наперадзе іх яшчэ... Дзяржаўная, ленінская... Ты мне - я табе.
"Пасля..." - кіўнуў Віктар, хоць ні цяпер, ні пасля прасіць за Посуха не збіраўся. Падумаў толькі, калі Посух падміргнуў яму: "Усё ж маскоўскія купцы - не мінскія мальцы. Учора прададуць, а заўтра купяць".
Посух уручаў яму прэмію. Потым, калі Віктар, ужо лаўрэат, прыехаў на сустрэчу ў Маскву, Посух запрасіў яго ў свой кабінет, дзе былі яшчэ два чалавекі. Не з камсамольцаў, камсамольскіх Віктар ведаў. "Мы тут параіліся, хто б мог прывітаць з’езд партыі ад імя савецкай моладзі? Вырашылі, што ты, - урачыста, нібы помнік адкрываў, прамовіў Посух. - І ўбачыўшы, як Віктар скрывіўся, дадаў, каб не крывіўся. - Твая кандыдатура падтрыманая ў ЦК партыі. Так што пішы выступ".
Чамусьці першае, пра што падумаў, пачуўшы гэта, Віктар: "Хто са мной выпіць пасля гэтага захоча? Шкляр, можа, вып’е. За імперыю. А Барада - не".
Але як адмовіцца? Калі выбралі? Калі ўжо ўзгаднілі з ЦК? І, мяркуючы па двух маўклівых таварышах у кабінеце Посуха, не толькі з ЦК узгаднілі.
Вярнуўшыся з Балгарыі з медалём за вызваленне ад асманскага рабства, ён амаль усё лета прабыў у Маскве, дзе было спякотна, душна, і Ганна часцяком вазіла яго на ўжо знаёмае лецішча - урадавую дачу Грачына. Аднойчы прыехалі, а там Грачын са старшынёй КГБ Андропавым і яшчэ двое "крамлёўскіх старцаў". І пра нешта яны, замкнуўшыся ў кабінеце гаспадара, баілі, баілі...
Калі госці раз’ехаліся, гаспадар вывеў Віктара ў сад: "Ты нікога тут не бачыў. Зразумеў?.. - І калі Віктар кіўнуў, працягнуў. - Але зараз я не пра гэта, пра гэта пазней. Помніш нашу даўнюю размову пра Ганну? Дык вось правільна ты зрабіў, што з’ехаў тады. Я таксама з ёй не жыў бы. Як з ёй жыць? Ведаеш, што яна мне сказала? Ці ты, кажа, дапаможаш Віктару заняць месца, якога ён варты, ці я скажу Брэжневу, што ты з Андропавым у змове супраць яго! І хоць я не ў змове, мне без Брэжнева адразу кердык, толькі праз яго і трымаюся, - скажа! У мяне сумневу няма, што скажа. Бо такая ж, як маці. Так што ты глядзі. Буду дапамагаць - не кандыбобернічай. Дамовіліся?.."
Віктар не сказаў, што дамовіліся, але Грачын палічыў, што так.
- Выступ напішу, - паабяцаў Віктар Посуху, калі два маўклівыя таварышы пайшлі з кабінета. - А прачытае няхай нехта іншы. Актрыса, студэнт, касманаўт. Так лепей будзе.
Камсамольскі сакратар глянуў на яго, скрывіўшыся: "Можа, і лепей, калі касманаўт. Толькі таварышу Грачыну пра гэта ты сам скажы. - І калі Віктар падняўся, каб пайсці, Посух зрабіў выгляд, нібы толькі зараз нешта вельмі важнае ўспомніў. - Ледзь не забыўся. Мне выступаць на з’ездзе. Ты ўключаны ў групу, якая піша даклад. Бюро ЦК вырашыла, што ў дакладзе трэба павіншаваць Леаніда Ільіча з юбілеем: ён 50 гадоў у партыі. А з 1923-га года, што важна, у камсамоле. І добра было б павіншаваць яго вершамі, гэта ажыўляе. Напісаць нешта маладое, баявое. Вось такое, як гэтае прывітанне "Германскаму камсамолу"", - падаў Посух аркуш паперы з надрукаваным на ім вершаваным тэкстам: