Выбрать главу

"Міліцыю не выклікайце", - папрасіў ён адміністратарку, і тая сказала, праводзячы яго ў 414-ы нумар: "Я і не збіралася. Бо што здарылася? Нічога. Нейкі нешчаслівы гэты нумар. Хто ў ім ні пасяляецца - ідзе ўверх і ўніз кідаецца. Вам, можа, выпіць прынесці?"

Яму не хацелася выпіваць. Яму хацелася легчы, заплакаць і шкадаваць сябе. Можна было б і з выпіўкай, але ён не любіў п’яныя слёзы.

- Не, дзякуй.

- Не, дык не. Хоць звычайна выпіваюць, - сказала яна так, нібы ў гатэлі, у якім яна працуе, штодня нехта кідаецца ў лесвічны пралёт, а потым выпівае. - Дарэчы, вы, калі пасяляліся, пакінулі на стойцы ключы ад машыны. Вось, вазьміце…

Ніякія ключы Віктар не пакідаў, машыны ў яго не было, але адміністратарка не стала пытаць, ці ёсць у яго машына, паклала ключы на стол і пайшла.

Ён лёг.

Не плакалася.

І не шкадавалася.

За што сябе такога, які ён ёсць, шкадаваць? За тое, што жыў не так, як мог бы жыць?

А як?..

Чым даўжэй думаў, як бы мог жыць іначай, тым больш шкадаваў не сябе, а маці і бацьку, Ганну, Кручу і Бура, Шкляра і Каралевіча, Стральца, Каваля… Яны з ім жылі не з такім, якім ён быў насамрэч, і выходзіць, што іх падмануў? Абхітрыў, надурыў?.. Яны думалі, што ён жывы, а ён…

І што з гэтым рабіць?

Дзеві-Марыя казала, што ён можа ажыць. Толькі яна не ведала, як. І Віктар не ведаў. Але цяпер яму здалося, што ведае.

Ён сеў і доўга глядзеў на ключы ад машыны, якой у яго не было… Узяў іх, сунуў у кішэнь разам са сцізорыкам Купалы, яшчэ раз агледзеў нумар. Чамусьці вока зачапілася за найдрабнейшае, за адарваны гузік на падлозе, і ён падняў яго, таксама паклаў у кішэнь. Зірнуў на дзверы з лапезнай пазалочанай ручкай і ўспомніў, дзе іх бачыў: у антыкварнай краме 300-й секцыі.

Віктар торгнуў ручку - замкнёна. Уставіў у замок ключ з нумарам 414, які даў яму Вензель, крутнуў - дзверы адчыніліся ў прыёмную дырэктара крамы, дзе сядзела жанчына ў зялёнай блузцы з доўгімі і чорнымі, як смала, валасамі і жаўтаватымі, нібы ў савы, вачамі. Сюзана. "Пачакайце, не зачыняйце, мяне папрасілі паставіць на стол шампанскае, - занесла яна ў нумар дзве поўныя бутэлькі, вярнулася з дзвюма пустымі і расчыніла дзверы ў кабінет дырэктара. - Вас чакаюць".

- О, якія госці! - гэтак, нібы век не бачыліся, падхапіўся з-за століка, за якім сядзеў з Купалам, Ганнай і вельмі падобнай да яе, толькі старэйшай жанчынай, Вензель. - Ведаеце, - рушыў ён, трохі прыкульгваючы, хоць калі хадзілі па Краснай плошчы, не кульгаў, насустрэч Віктару, - мне нядаўна падумалася, што калі я займаюся і лабараторыяй, і антыкварнай крамай, дык няхай яны будуць адна ў адной, не трэба будзе губляць час на дарогу. Вы праходзьце, праходзьце, я ж вам казаў, што ў мяне ўсялякі антыкварыят. Не толькі мэбля з посудам, але і людзі, якія на мэблі гэтай спалі, сядзелі, з посуду таго елі. І ўсе вам знаёмыя, так што будзьце як дома.

Віктар стаяў у дзвярах слупом. За тым самым столікам з тымі самымі кубкамі і тым самым імбрыкам на ім, на той самай капапе, на якой сядзеў ён з Ганнай, упершыню частуючыся дзіўным напоем Вензеля, зноў сядзеў ён з Ганнай, а побач на ложку, не падобным да антыкварнага, на звычайным шпітальным ложку - Купала з жанчынай, падобнай да Ганны, толькі старэйшай, і ў ёй нельга было не ўгадаць маці Ганны малодшай, якая тулілася да яго, Віктара Маргера, і глядзела на яго так, нібы ніколі не сыходзіла ні да касманаўта Рыленкі, ні да чалавечага абрэзка Нячаева. "Наперад, наперад, я ж вам сказаў, што тут з большага ўсе свае, не бойцеся…" - павёў яго пад руку Вензель, і адбылася ўжо не проста дзіўная, а неверагодная рэч: спачатку Віктар бачыў, як ён падыходзіць да століка, за якім сядзеў ён на канапе з Ганнай, а побач на ложку Купала з яе маці, на блузцы якой - чамусьці менавіта гэтая драбяза здалёк яму кінулася ў вочы - не хапала гузіка, які намацаў ён у кішэні, каб падысці і эфектна, бо ўжо было зразумела, што адбылося ў 414-м нумары, Ганне старэйшай гузік аддаць, але пасярэдзіне шляху зрок пераключыўся, і ён, Віктар Маргер, які ўвайшоў у лабараторыю, ці раптам сам памяняўся, ці яго нехта памяняў, як штукар у цырку, з тым Віктарам Маргерам, які сядзеў з Ганнай, і ўжо седзячы з ёй, ён усё выразней бачыў, як да іх паўз кніжныя паліцы з кнігамі і без, этажэркі з партабакамі і запальнічкамі, ордэнамі і медалямі, шафы, на якіх і ў якіх стаяла розная драбната са шкла, крышталю, каменя, срэбра, золата, паўз шпітальныя, якіх тут раней не было, ложкі з нейкімі міргаючымі прыладамі паміж імі падыходзіць, нешта намацваючы ў кішэні, таксама ён, Віктар Маргер пад руку з Вензелем, які кажа яму: "Вы сядайце, сядайце, зараз я вам усё патлумачу…" - і Віктар Маргер сядае на зэдлік насупраць яго, Віктара Маргера на канапе, і так падае Ганне старэйшай: "Калі ласка, вы згубілі…" - адарваны гузік, быццам па гузік гэты і кінуўся Купала ў лесвічны пралёт.