Віктар гэтак, каб жанчыне было няёмка, ніколі б не зрабіў.
- Такі вось фокус! - выключыў Вензель зеленаватага колеру прыладу, што міргала агеньчыкамі і падавала ціхія, як спадарожнік з космасу, сігналы на тумбачцы каля ложка, дзе сядзелі Купала са старэйшай Ганнай, якая, узяўшы гузік, усміхнулася: "Дзякуй..." - і ўсмешка яе была гэткай жа летуценнай, як у дачкі: такую жанчыну Купала не мог не пакахаць. - Цапман так усё наладзіў што і ў ложак не трэба класціся, у ложку можна нечым іншым займацца, - паспрабаваў як бы пажартаваць Вензель, а Віктар Маргер, які падышоў і сеў на зэдлік, падаўшы жанчыне гузік, згублены ёй у 414-м нумары гатэля, спытаў: "Які Цапман?.."
"Ён не я, калі Цапмана не ведае. Ён не я. Але што тут адбываецца, хто б мне сказаў?.. "
- Усе ўжо ўсё ведаюць, я ўсім распавёў, засталося толькі вам, - наліў Вензель свайму апошняму госцю свой напой з дзіўных зёлак. - Калі вы абодва загінулі ў аварыі, Ганна палічыла сябе вінаватай, што вы загінулі, бо кіроўца, які аварыю падстроіў, быў кіроўцам яе бацькі, у чым яна, вядома, ніяк не вінаватая, але так яна палічыла, і падзялілася з вамі ў нашай лабараторыі сваім жыццём. У ёй столькі жыццёвай сілы, што хапіла на вас дваіх, і яшчэ для самой хапіла. І здарылася, калі вярнуліся вы з таго ў гэты свет, нечаканая для нас рэч: адна і тая жыццёвая сіла, якой вы ажыўляліся, спарадзіла аднолькавую памяць і свядомасць, і вы - ды яшчэ пры вашым знешнім падабенстве - сталі як бы адным чалавекам у двух, але былая свядомасць аднаго ўсё ж замінала свядомасці другога, уздзейнічала на яе, і кожны з вас быў не самім сабой. Гэта было надзвычай цікава, і мы вырашылі нічога не мяняць, паназіраць, што з вамі будзе, хто каго ў вас пераможа, і назіралі, кантралявалі, пакуль не прыйшоў у лабараторыю Цапман і катэгарычна не ўспрацівіўся эксперыменту, заявіўшы, што гэта можа прывесці вас да драмы, да трагедыі. Я сказаў яму, што мы спынім экперымент, калі ён знойдзе тэхнічны спосаб вярнуць вас абодвух самім сабе, што было б яшчэ цікавей за ажыўленне, - і ён спосаб знайшоў. Вынайшаў! Таму вы сёння тут. Тыя, якімі былі. Не хітруючы, скажу, што страшэнна хочацца паназіраць за вамі далей, паглядзець, як будзеце звыкацца з жыццём, якое пражылі не самі сабой, але для гэтага ў нас хапае аб’ектаў. Як Іван Дамінікавіч сказаў, пакуль мы тут, чакаючы вас, выпівалі, куды цяжэй нам будзе знайсці таго, хто самім сабой жыццё пражыў. Калі ўвогуле гэта магчыма.
- Так, - падняўся Купала. - Са мной тое самае было. Але гэтага можна пазбегнуць. І я мог бы расказаць, як, але нам пара, - дапамог ён падняцца старэйшай Ганне, якая абняла Ганну малодшую: "Мы файна пагаварылі, будзь, дачушка, шчаслівай у сабе самой", - а Купала спытаў Віктара: "Вы чаму без тэлескопа? Тэлескоп ваш, ваш..." - і яны, узяўшыся за рукі, пайшлі, нават не азірнуўшыся на парозе…
Зараз яны зойдуць у нумар 414, вып’юць шампанскае, потым паміж імі здарыцца нешта такое, праз што Ганна пакіне Купалу, і ён падымецца на дзясяты паверх да старшыні Саюза пісьменнікаў Лынькова, куды яна патэлефануе яму: "Я да цябе вяртаюся…" - і ён адразу развітаецца з усімі, з кім быў, выйдзе ў калідор, а там.
А там - цёмна. Заслона.
Вершы ў вечную адсутнасць.
- Я, бадай, таксама пайду, - падняўшыся з зэдліка, паляпаў сябе па кішэнях Маргер маскоўскі. - Так, ключы тут. А вось гэта не маё, - паклаў ён сцізорык на столік. - Хочаш мець сваё, абыходзь чужое. Хораша нехта сказаў, - пацалаваў ён у шчаку Ганну, і ўжо адыходзячы, дадаў, азірнуўшыся на Віктара. - Шкада, што я - не ён. Ці ён - не я.
Яны ўсе разам, Ганна, Віктар і Вензель прайшлі за маскоўскім Маргерам у самы канец антыкварнай крамы да "Масквічка", які быў так адрамантаваны на Лубянцы, што зіхцеў, як новенькі, і Віктар раптам адчуў, што яму шкада развітвацца з чалавекам, у якім пражыў ён калі не ўсё, дык і не малое для чалавечага веку жыццё, прычым, такое, лепшага за якое ў яго можа не быць. Чаму ён вырашыў, што ў тым жыцці ён быў не самім сабой, калі, можа быць, ён такі і ёсць? Ён глядзеў, як рассоўваецца дальняя сцяна крамы ці сцяна лабараторыі, у якой людзей могуць рабіць такімі, якімі захочацца лабарантам, мёртвых жывымі і жывых мёртвымі, і яму ўсё болей хацелася забраць у свайго двайніка ключы, сесці ў машыну і ехаць, ехаць, ехаць, пакідаючы за сабой Маскву, Мінск, Варшаву, Калькуту, Польшчу і Індыю, Еўропу і Азію, гэты і той свет…
Але машына была чужая.
- Ты вярнулася да мяне? - спытаў ён Ганну, а яна, пацалаваўшы яго ў лоб, як цалуюць нябожчыка, села ў машыну і сказала кіроўцу: "Вярнулася… Дзякуй, што звазіў у Вавукі, дзе я зразумела: ён забіў цябе ў сабе".