І яны паехалі.
Усё яшчэ не цямячы, што адбылося, Віктар кінуўся следам, чапляючыся за машыну і слізгаючы, падаючы, нібы з лесвіцы: "Ганя!.."
Ганна азірнулася - і вочы ў яе былі такія, нібы яна не пазнавала яго.
"Красная плошча ў пажары, - сказаў Вензель. - На машыне яны могуць праскочыць, а вам лепш у іншы бок. Выйдзіце праз гатэль - і наўпрост да Беларускага вакзала, можаце яшчэ паспець на цягнік да Крэва". - "У Крэва не ходзяць цягнікі, там няма чыгункі." - "Раней хадзілі. А тое, што было раней, можа быць і цяпер, - адступіў назад Вензель, калі Віктар зрабіў жэст, каб развітацца. - Я з вамі не развітваюся, я не развітваюся ні з кім і ніколі…"
Віктар выйшаў з антыкварнай крамы-лабараторыі - сакратаркі ў прыёмнай дырэктара не было. Прайшоў у 414-ы нумар - Сюзана з Люцыяй сядзелі за сталом і пілі шампанскае.
- Нас папрасілі нагадаць вам, каб вы забралі тэлескоп, - ніякавата замітусіліся яны адна перад адной, але замітусіліся напаказ, ім зусім не было ніякавата. - І вось яшчэ чыйсьці нататнік з вершам. Пэўна, ваш. Купала сказаў, што не ягоны, ён ні лістоў да Бога, ні дрындушак даўно не піша.
Сучкі!
Віктар прайшоў да вакна і засунуў нататнік за падваконне.
Забраўшы тэлескоп, спусціўся на ліфце.
"Высяляецеся? - спытала адміністратарка. - З вас 27 рублёў". - "А з Луцкевіча колькі? Я і за яго заплаціць магу".
Адміністратарка дастала з сейфа за яе спінай стос тэчак з паперамі, доўга перабірала. "Такога ў нас не было… Быў Луцэвіч. Ён за ўсё заплаціў".
Чалавек з прозвішчам Луцкевіч, пазначаны ў данясенні начальніка 3-га ўпраўлення НКВД СССР Гарлінскага на імя Берыі і Сталіна як пастаялец 414-га нумара, у гатэлі "Масква" не пражываў. За ўсё заплаціў Луцэвіч.
Над вуліцай Горкага, колішняй Цвярской, плыў дым. Гэтая вуліца вяла ад Беларускага вакзала наўпрост да Крамля. Віктар рушыў у зваротны бок - дым плыў за ім.
На Пушкінскай Віктар прыпыніўся, пастаяў і павярнуў на Цвярскі бульвар. На лаве пад помнікам Герцэну ў двары літінстытута, захутаная ў жоўтую хустку, падобная да позняй восені сядзела Марыя Аляксандраўна. "Жыццё ў тым, што знікае, - сказала яна, убачыўшы Віктара. - У тым, што знікае".
Памаўчала, павярнуўшы галаву да качагаркі.
- Вось і Мацвееў знік.
- Яго пасадзілі.
- Яго выпусцілі. А ён вярнуўся і знік. Калі няма качагаркі, без патрэбы качагар.
Віктар пацалаваў ёй руку і пайшоў на вакзал.
У першым акенцы касы Беларускага вакзала сядзела тая касірка, якая высунулася некалі з гэткага ж акенца чыгуначнай касы ў Смаргоні, спытаўшы: "Ты што там падкінуў?.." Гэтым разам, нічога ў Віктара не пытаючы, нават не ўзяўшы ў яго грошы: "Дваццаці сямі рублёў дастаткова, вось вам яшчэ рэшты тры рублі", - яна падала яму квіток у плацкартны вагон, які аказаўся апошнім у цягніку. З вокнаў ягоных ужо махалі Віктару дзяцюк у чорным берэце з чырвоным вымпелам і ў чорнай куртцы, з-пад якой віднелася цяльняшка, дзядзька ў пінжаку з дзіркай на локці, мужык і кабета, якія бачылі Віктара па тэлевізары, а з тамбура тая ж правадніца, з якой прыехалі яны ў Маскву, крычала: "Хутчэй, хутчэй, адпраўляемся!" - і цягнік рушыў, Віктар ледзьве паспеў ускочыць на падножку апошняга вагона.
"Нехта едзе туды, нехта едзе сюды..." - сустрэў яго дзядзька ў пінжаку з дзіркай на локці, і яны селі, як даўнія знаёмыя, з ім, з марскім пехацінцам, відавочна расчараваным, што няма Ганны, з мужыком і кабетай, якія бачылі Віктара па тэлевізары.
Правадніца, сабраўшы квіткі і раздаўшы бялізну, пайшла па вагоне: "Каму чаю?"
- Я без чаю не скучаю, - сказаў марскі пехацінец, але гэтым разам не выліў са шклянкі чай, каб наліць гарэлкі, і дзядзька ў пінжаку з дзіркай на локці не паставіў чаркі, і мужык з кабетай не дасталі закуску, бо, мусібыць, усё, што ў іх было, яны прагулялі, пакінулі ў гасцях, таму сядзелі і глядзелі ў вакно.
Яны не ведалі і не думалі пра тое, што маглі не сядзець і не глядзець. Што вылічальныя машыны казалі пра верагоднасць іх з’яўлення ў свеце як пра нулявую. Яны проста жылі. Туды едучы, гулялі, а едучы сюды, успаміналі.
"А што мы ў вакно глядзім, калі ёсць тэлескоп?" - спытаў марскі пехацінец, якому, калі не да маладзіц заляцацца, дык трэба было нешта рабіць, і яны да поўначы, пакуль не пачало хіліць у сон, па чарзе глядзелі ў неба.
"Якая прыгажосць! Якая веліч! Вось жа стварыў Гасподзь!.. - выдыхнуў, змяніўшыся і ў твары, і ў рухах, і ў голасе, пехацінец, перадаючы тэлескоп Віктару. - І мы сярод усяго…"
Па небе на захад, дзе дагарала вечаровая зара, плылі дымныя аблокі, сярод якіх ляцеў вянок з распраўленай на ветры белай стужкай і чырвоным, які не разабраць было, надпісам на ёй. У вянку, азіраючыся на ўсход, дзе разгаралася полымя, сядзела жанчына, а за вянком скакалі ў дымных аблоках на гнядым, на чорным і на белым конях тры вершнікі.