Выбрать главу

Стомлена падумаўшы, што засынае і ўжо бачыць сон, Віктар выбачыўся перад спадарожнікамі і лёг. Пад ім мерна пастуквалі колы цягніка, і на постук колаў спачатку разрывіста, торгана, шукаючы памер, а потым усё болей зладжана накладвалася рытміка верша, пакінутага ў 414-м нумары гатэля "Масква". Помнілася ягоная музыка, ягоная незразумелая, "Гэй бэн гіном", назва, але самога верша Віктар не помніў. Не помніў нават, ці гэта ён яго напісаў.

Прачнуўся ён у Крэве - адзін у вагоне. І вагон быў адзін, адчэплены ад цягніка. "Як мы тут?.. - спытаў правадніцу. - Сюды не ходзяць цягнікі, да Крэва няма чыгункі", - а тая сказала: "У вас квіток да Крэва".

Ён выйшаў з вагона, які, адчэплены, мог быць як апошнім, гэтак і першым. Прайшоў да Юр’евай гары, на якой, калі гара называлася Ярылавай, было паганскае капішча і стаяў, выразаны з векавечнага дуба, Купала. Бог сонца, агню і святла, якога аднойчы на Ярылавай гары не стала. У Крэве казалі, што яго спалілі, але ніхто не помніў, не ведаў, хто і чаму?..

Над гарой плыло неба, пад гарой цякла рака. Цераз раку ляжала кладка, на якой стаялі жанчына і хлопчык. Яны адбіваліся ў вадзе разам з небам, і жанчына пыталася ў хлопчыка, на ягоны адбітак паказваючы: "Хто гэта?.. Ну, скажы, хто?.." - а ён кідаў у ваду каменьчыкі і глядзеў, як разыходзіцца кругамі вада.

У падножжы гары ляжаў крыж. Вялікі, больш чым у чалавечы рост. "Мне не падняць." - сказаў ціха, нібы здалёку, хлопчык, але Віктар яго пачуў. Узваліў крыж на спіну, панёс на гару. Чым вышэй узыходзіў, тым несці было цяжэй. І раптам трохі, але палягчэла. Віктар азірнуўся: канец крыжа, што цягнуўся па зямлі, то прадзіраючыся скрозь кустоўе, то захрасаючы між камянямі, прыпадымаў, наколькі мог, хлопчык. Той самы, які стаяў на кладцы над ракой, кідаў у ваду каменьчыкі - і вада разыходзілася кругамі да берагоў, як неба да даляглядаў над Юр’евай гарой.

ЭПІЛОГ

Праз чвэрць стагоддзя, калі гатэль "Масква" руйнавалі, каб пабудаваць на ягоным месцы гэткі самы гатэль "Масква", за падваконнем 414-га нумару знайшлі нататнік. У нататніку быў верш на першай старонцы.

ГЭЙ БЭН ИНОМ

Цела на захад, а кроў выцякае на ўсход.

Мёртвы народ сам сябе ўжо не помніць жывога.

Гэта такая трагедыя - мёртвы народ.

Гэта такая камедыя мёртвага Бога.

Ён у царквах, у касцёлах - у храмах памёр.

Думалі - храмы, а выйшла, што склепы і труны.

І ні пры чым ні чума, ні халера, ні мор,

І ні пры чым ні варагі, ні скіфы, ні гуны.

Час і манюк, і прарокаў да кучы грабе,

Перамяшаліся ў пыле свае і чужыя,

Мёртвы народ ажыўляе самога сябе -

І аніяк ён самога сябе не ажывіць.

Бог беларускі! Я чую тваё: "Папрасі!.."

Можа, абрынешся градам, пяском з камянямі,

Громам ударыш ці вогненны знак падасі,

Страшны свой суд, ажывіўшы, учыніш над намі?

Можа, запаліш у нас пад нагамі зямлю,

Каб мы суда пабаяліся болей, чым смерці…

Бог беларускі!

Цябе я і ў смерці люблю!

Б'ецца і б'ецца ўва мне тваё мёртвае сэрца!

Ні чый гэта верш, ні чый гэта нататнік, ніхто сказаць не мог. Пад вершам было напісана: "Ніколі Ён не паміраў..." - і больш ніякіх запісаў у нататніку не было.

Чэрвень 2016 - лістапад 2020,

Мінск, Смаргонь, Крэва, Масква, Вільня, Нью-Ёрк, Лунд.

1. З верша К. Бальмонта.

2. Тэкст, пазначаны курсівам, А. Бахарэвіча і Я. Максімюка.

3. Верш Мікалая Глазкова.

4. "Хлопчык і лётчык", верш Янкі Купалы.

5. Верш Ю. Улодава.

6. Свамі - гуру, святы (санскрыт).

7. Саці -

8.

што ты ўратуеш нас ад чорнай смерці,

на часткі край наш разарвеш, на чвэрці

і вернеш да халопства, да ярма!..