Смело, вперёд! Разорвите оковы,
Сбросьте кровавые цепи царей,
Юным порывом, огнистой волною,
К новому счастью - смелей!
К жизни, к прекрасному солнцу свободы,
К светлым идеям великих творцов,
Смело шагайте же, юные взводы,
Помня заветы отцов!
Кровью залейте позорные троны,
Мысли о гнете в крови утопи…
Смело… Вперед… Разбивайте хоромы…
Жизни не нужны рабы!
Віктар не зразумеў.
- Пры чым тут германскі камсамол?
- Ні пры чым. Але аўтар гэтага верша - 17-гадовы камсамолец Леанід Брэжнеў. Вось і напішы пра вечна маладое камсамольское сэрца.
- Пад такое я не падпісваўся, - паклаў Віктар на стол паперу, якую Посух зноў яму падаў:
- Яшчэ ёсць варыянт перакладу.
- Якога?
- На беларускую мову. Мы на бюро падумалі, што Леаніду Ільічу прыемна было б пачуць праз столькі гадоў свой першы верш у перакладзе.
- Дык перакладзіце на нямецкую. Верш жа пра германскі камсамол.
Посух усміхнуўся - ён іншым разам усміхаўся. Але не суразмоўніку, а як бы самому сабе, і ў такія імгненні Віктар думаў, што не ўсё недзе там, глыбока ў Посуху, проста: "Ленін! Партыя! Камсамол!"
- Што ён зразумее па-нямецку? А па-беларуску, ён жа ўкраінец, будзе пазнаваць, згадваць.
- І думаць, што перакладзена на балгарскую? - успомніў Віктар банкет з медалём, якім узнагародзілі яго за вызваленне Балгарыі ад ярма Асманскай імперыі, і не чакаючы, пакуль Посух уцяміць, пра што ён, вярнуў яму паперу, паўтарыўшы: "Пад такое я не падпісваўся", - а Посух, калі ўжо Віктар выходзіў, прайшоў услед: "Мяне таварыш Суслаў выклікае, дык так яму і перадаць? І сказаць, што ты стаў дэлегатам партыйнага з’езда, не з’яўляючыся членам партыі? Падманам падняўся на высокую партыйную трыбуну!.." - "Я на яе не шчыміўся, вы самі паклікалі!"
- Ніхто ў мяне не пытаўся: у партыі я, ці не? - пераказваў Віктар Грачыну размову з Посухам. - І я не ведаю, чаму мне выпісалі пасведчанне дэлегата! А не госця, як касманаўту Рыленку, хоць ён і камуніст!
Грачын махнуў рукой.
- З гэтым разбярэмся. Мусіць, Ганна пазавіхалася. Але хоць ты дэлегат, хоць госць, а вітанне з’езду з віншаваннем Брэжневу напішаш. І верш ягоны перакладзеш, і прачытаеш сам! Бо напісаць, каб нехта за цябе прачытаў, гэта як у латарэю выйграць і аддаць білет суседу. - А калі Віктар упёрся: "Я аддам білет", - Грачын да болю сціснуў яму, як заўсёды рабіў, калі яны спрачаліся, плячо: "Ты спачатку яго купі".
Білет Віктар купіў: вершы да з’езду напісаў. Віншаванне Брэжневу пісаць не стаў - трэба ж было на нечым сваім настаяць. Хоць разумеў, што ці з віншаваннем, ці без. Хоць дэлегат, хоць госць.
Гульня з самім сабой.
Даклад Посуху пісалі ўпяцёх. "Каб узнёсла - і каб як мага болей апладысментаў!" - паставіў творчую задачу Посух. І калі даклад друкавалі, Віктар паўстаўляў пасля кожнага абзаца: (Апладысменты). Думаў, што пажартаваў. Але Посух падумаў іначай.
Папера на імя сакратара ЦК КПСС таварыша Суслава, копію якой Віктару паказаў Грачын, называлася "Дакладная запіска", і ў ёй дакладвалася, што "лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Віктар Маргер адмовіўся пісаць віншаванне Генеральнаму сакратару ЦК КПСС таварышу Леаніду Ільічу Брэжневу ў звязку з 50-годдзем ягонага ўступлення ў партыю, а таксама выказаўся супраць дапамогі Савецкага Саюза братняму народу Афганістана".
- Ты разумееш, што гэта такое? - спытаў Грачын. - Гэта ўжо не проста блытаніна з тым, у партыі ты, ці не ў партыі… - і Віктар нервова, разумеючы, што гэта такое, стаў казаць пра подласць, пра данос, а Грачын цяжка паклаў руку на паперу. - Гэта інфармацыя першага сакратара ЦК камсамола. Як ты яе ні назаві. І калі пра віншаванне Брэжневу можна сказаць, што не здолеў, не ўдалося, таму і не напісаў, дык пра Афганістан што ты скажаш?
- Што гэта нагавор! Што Посух перайначыў тое, што насамрэч было.
- А што было?.. Што ты скажаш Суславу, калі я ўгавару яго прыняць цябе, бо толькі ён цяпер можа цябе ўратаваць?
- Знайду, што сказаць.
- Што?.. Ты - гэта не тое, што ты можаш сказаць. Ты - гэта тое, што пра цябе напісана. У аб’ектыўках, даведках, характарыстыках…
- І ў даносах?
- І ў даносах! Бо кожны думае: не бывае дыму без агню! Кожны рады падумаць пра іншага горш, каб пра сябе падумаць лепш. Хоць было тое, што напісана, хоць не было!..
А было вось што.
Лаўрэатаў прэміі Ленінскага камсамола сабралі ў Маскве на прагляд фільма пра амерыканцаў, якія надумалі размясціць у гарах Афганістана ракеты, каб напасці на СССР, а Генеральны сакратар ЦК КПСС таварыш Леанід Ільіч Брэжнеў разгадаў іх планы - і Савецкі Саюз дапамог братняму афганскаму народу звергнуць крывавы, праамерыканскі рэжым Аміна і звяршыць народна-дэмакратычную рэвалюцыю пад кіраўніцтвам сябра савецкага народа Кармаля. І хоць у Афганістане, куды Савецкі Саюз увёў войскі, ужо год ішла вайна, у фільме не чуваць было ніводнага стрэлу, не відаць было ніводнага забітага ці параненага, толькі мільгалі шчаслівыя твары афганскіх сялян і рабочых на "вахтах добраахвотнай працы".