Фільм быў зняты па сцэнары Посуха.
- Ну як, Рустам?.. - падняўся Посух пасля прагляду, павярнуўшыся, як да калегі, да сцэнарыста аднаго з лепшых савецкіх фільмаў "Белае сонца пустыні", які патыліцу пачасаў: "Па-мойму, пустыня." - "Што?.." - зрабіў выгляд, нібы нечага не зразумеў, Посух, хоць і ён, і ўсе ўсё зразумелі, проста ніхто такога не чакаў. Посух разгубіўся, стаў шукаць падтрымкі: "А паэты што думаюць?.." - і Віктар сказаў: "Тое самае".
- Калі ты цяпер, пасля гэтай паперы адмовішся выступіць на з’ездзе, я нічым табе не змагу дапамагчы, - схаваў у стол "дакладную запіску" Грачын. - Дый не буду дапамагаць. Тым больш, што ў папцы, якую склалі на цябе на Лубянцы, не толькі данос Посуха. І нават не толькі допісы сведкаў таго, што ты выступаў супраць дапамогі Савецкага Саюза Афганістану. Там і колішнія твае грахі. І не адны маскоўскія, але і мінскія. Андропаў сказаў мне, што ты, аказваецца, яшчэ сапляком быў у нейкай антысавецкай групоўцы. Гэта так?
Гэта было не так, і Віктар стаў даводзіць Грачыну, што гэта не так, што гэбісты, каб выслужыцца, выдумалі моладзевую антысавецкую групоўку ў Мінску, да якой ён - ніякім бокам, проста знаёмы быў з некаторымі хлопцамі, якіх, як антысаветчыкаў, судзілі, двух нават пасадзілі, на што Грачын рукамі развёў: "Ну, брат, калі пасадзілі... Думай".
А што тут думаць?.. Пачыналіся 80-я. Да канца эпохі абвешанага зоркамі і анекдотамі Брэжнева заставаліся чатыры гады. Да ягонай смерці - усяго год. Гарбачоў ужо быў сакратаром ЦК. У краіне блукаў прывід таго, што пасля назвалася перабудовай. І ў гэтакі час вітаць з’езд партыі?..
- Я не выступіў яшчэ, а мяне ўжо дасталі, - жаліўся ён Ганне, падазраючы, што гэта яна як з ягоным выступам на Шыпцы пазавіхалася, гэтак і з выступам на з’ездзе. Тая бажылася, што не, і аднойчы не вытрымала: "А ты прапануй каму-небудзь з тых, хто дастае, замест цябе выступіць. Пабачыш, як схопяцца!.. Ты ведаеш, да каго падобны? Да прыдурка, якому казырная карта прыйшла, а ён думае, ці не скінуць яе?"
Тое самае казаў Шкляр, з якім Ганна, мусіць, згаварылася, і ці ён паўтараў яе словы, ці яна ягоныя.
- Мне ж адслужыць прапанавалі, Алег, - здзівіўся Віктар, пачуўшы ад Шкляра пра казырную карту, якая прыйшла прыдурку. - За прэмію.
- Дык і адслужы! Як Пушкін камер-юнкерам. Ён, між іншым, у цара ўсё браў, што той даваў. І не рабіў выгляд, нібы гэта прыніжае яго.
- Адно - у цара, іншае...
- Што іншае?.. У Расіі не бывае нічога іншага! Толькі цар.
Бадай што так.
Калі Ганна пазнаёміла яго з Грачыным, дык па першым уражанні той здаўся яму чалавекам са сталёвым характарам, які пра ўсё мае ўласнае меркаванне, прымае самастойныя рашэнні. Але ад размовы да размовы, ад сустрэчы да сустрэчы як сам-насам з ім, гэтак і ў кампаніі з ягонымі хаўруснікамі было ўсё відавочней, што ўплыў, які мелі яны ў савецкім кіраўніцтве, вызначаўся не іх асабістымі якасцямі і пасадай, якую займалі яны ў партыйнай іерархіі, а набліжанасцю да першай асобы - і тут паперадзе ўсіх, адразу за "царом" быў Суслаў, які і на памінках, дзе Брэжнева не было, яго прадстаўляў.
- Леанід любіў Аляксандра Анісімавіча, - пачаў Суслаў, і Віктар упершыню пачуў, каб нехта з крамлёўцаў публічна назваў Брэжнева так па-свойску, проста Леанідам. - І перш за ўсё ад яго я хачу перадаць спачуванні родным і блізкім. "Перадайце ім, - папрасіў ён, - што іх муж і бацька быў сапраўдным савецкім патрыётам, вялікім грамадзянінам..."
- Дзякуй, дзякуй. - ускочыла маладая, у чорнай хустачцы, кабеціна, а сталага веку жанчына побач з ёй, апранутая ў гэткія строі, быццам на самадзейны канцэрт балалаечнікаў у парку Горкага прыйшла, сказала нібы сама сабе, але так, што ўсе пачулі: "Сапраўдны п’яніца ён быў. П’яніца і бабнік..." - і кабеціна ў чорнай хустачцы заплакала, сядаючы: "Ма-а-ма."
- З улікам заслуг Аляксандра Анісімавіча перад савецкай дзяржавай, - доўжыў, нібыта не пачуў нічога, Суслаў, - дзяржава бярэ на сябе ўсе выдаткі па пахаванні і ўвекавечанні памяці, а таксама абавязкі па матэрыяльным забеспячэнні сям’і, удавы і...