- Колькі? - спытала ўдава, не пачуць якую ўжо не выпадала, і Суслаў, дагаварыўшы: "І дачкі..." - разгублена сеў. Узнікла паўза, ніякаватасць, хаўтуры ператвараліся ў немаведама што - і тут побач з Віктарам рэзка падняўся Посух.
- Паважаныя таварышы! Перш за ўсё ад імя ўсёй савецкай моладзі дазвольце пажадаць здароўя Генеральнаму сакратару ЦК КПСС таварышу Леаніду Ільічу Брэжневу, - пачаў камсамольскі сакратар, і хоць за памінальным сталом пажаданне гэтае гучала дзіўнавата, але пасля рэплік удавы нікому яно дзіўным не здалося, твары ва ўсіх былі такія, нібы здароўя Генеральнаму сакратару ЦК КПСС можна жадаць і ў труне. - Уся савецкая моладзь, акрыленая грандыёзнымі планамі будаўніцтва камунізма, акрэсленымі ў дакладзе Генеральнага сакратара ЦК КПСС таварыша Леаніда Ільіча Брэжнева, гатовая да працоўных подзвігаў і абароны заваёў вялікага Кастрычніка, мірнай працы савецкага народа. На змену старэйшаму пакаленню прыходзіць пакаленне юнае... - зноў не зусім да месца сказаў Посух і, зірнуўшы на крамлёўскіх старцаў, сам зразумеў гэта, перавёў стрэлкі на Віктара. - Як напісаў у прывітальным слове з’езду прысутны тут малады беларускі паэт Віктар Маргер, "за счастье не окончена борьба, и мы готовы и к труду, и к бою, Отечества великая судьба для всех нас стала личною судьбою!.."
Выйшла, што словы, напісаныя Віктарам для выступу на з’ездзе КПСС, упершыню прагучалі на памінках, і пазней, калі Суслаў, Брэжнеў, Андропаў, Чарненка, тыя людзі, якія сядзелі ў прэзідыуме з’езда, адзін за адным клаліся ў зямлю каля крамлёўскай сцяны, ён усё часцей згадваў тыя памінкі, на якіх быў яму знак, а ён не рызыкнуў яго зразумець.
- Што ж, някепска... - прыўзняў галаву над сталом, за якім сядзеў паныла, Суслаў. - Думаю, Аляксандру Анісімавічу гэта спадабалася б. - І ўстаў, павярнуўшыся да ўдавы. - Як вам, Леакадзія Цэзараўна?
Леакадзіі Цэзараўне было ніяк.
- Дык колькі?.. - не адступала ад свайго ўдава, бачачы, што ўслед за Суславым усе пачалі падымацца, і Грачын сказаў, падышоўшы да яе: "Ну ты даеш, Лёдзя..." - на што тая ўзялася рукі ў бокі: "Не болей, чым твая Ганя давала!"
- Леакадзія Цэзараўна. - пахітаў галавой Суслаў. - Леакадзія Цэзараўна. - і тая грудзьмі на яго пайшла: "Што?.. Ведаю я вас. Адразу не возьмеш - потым не вырвеш!" - а дачка зноў працягнула бездапаможна: "Ма-а-ма..."
Худы, як салома, Суслаў, збіты з ног грудзямі Леакадзіі Цэзараўны, сеў і, павярнуўшыся да Грачына, нечакана спакойна прапанаваў:
- А давай мы з табой з’ядзім што-небудзь, Вася. Сталін, калі помніш, на памінках заўсёды еў. Казаў: колькі жуеш, столькі жывеш.
IX
- Вы ешце, ешце, - падліваў Купалу ўжо трэці апалонік Сталін. - Бачыце, які чырвоны. Я люблю, калі такі чырвоны. У белай талерцыі… Вы колькі не елі?
- Дні тры. Як памёр, так і не кармілі, - налягаў Купала на боршч, які не надта любіў, але Сталін сказаў, што нічога болей няма. Маўляў, вайна, і жонка захварэла.
- Дык яна ж застрэлілася дзесяць год таму, - паклаў лыжку Купала. - Як яна цяпер магла захварэць?
Камісар Мяркулаў зірнуў на яго няўхвальна. Маўляў, гэта асабістае, сямейнае. Думай, пра што пытаеш.
- Ажывілі, - сказаў камісар незадаволена. - Як і вас.
Ён паглядзеў на Сталіна, які згодна кіўнуў: маўляў, так, ажывілі. І пацікавіўся:
- А вы чаму без жонкі? Застрэлілася? Ці так памерла?
Купала хацеў перахрысціцца, пальцы склаў, але ўспомніў, хто перад ім, і пацёр складзенымі пальцамі лоб.
- Нічога, можна, - паблажліва сказаў Сталін. - Я некалі ў семінарыі вучыўся… Дык памерла?
Купала перахрысціўся.
- Не, жывая. Гэта я памёр, таварыш Сталін. Забілі мяне, таму яна не са мной.
Мяркулаў зноў зрабіў незадаволены выгляд.
- Вас не забілі. Вас ажывілі. А што да вашай жонкі, дык яна ў Казані. Таму не з вамі.
Купала задумаўся. Відаць было, што нейкія канцы з нейкімі канцамі ў ягонай галаве не сходзяцца.
- А за што?
- Што за што?.. За што ваша жонка ў Казані?
- Не. За што мяне ажывілі?
- Бо вы вялікі беларускі паэт.
- А нашто вам вялікі беларускі паэт? Каб яшчэ рускі…
Мяркулаў рукі ўскінуў.
- Ды якая розніца? Савецкі! І не зрабілі нічога шкоднага.
- Ад беларускіх паэтаў увогуле ніякай шкоды, - стаў прыбіраць са стала Сталін. - Зрэшты, як і…
"Карысці", - хацеў ён, мусібыць, дагаварыць, але не дагаварыў, толькі махнуў рукой, выпусціўшы і ледзь не пабіўшы талерку, якую падхапіў Мяркулаў, спрыт якога здзівіў Купалу: гэтакі жыватасты, а пад стол паспеў скочыць і пад сталом злавіць.
- Як, зрэшты, і ад рускіх, - кіўком пахваліў камісара Сталін, сеў да стала і пачаў набіваць люльку. - Вось паслухайце, што адзін рускі паэт прыдумаў: "Хачу назваць яго не Сталін - Джугашвілі!" Што ён хацеў сказаць?.. Калі я Джугашвілі быў, сам лепш пісаў.