Выбрать главу

- Ды ён не рускі, - памыў талерку і вярнуўся Мяркулаў. - Габрэй.

- Габрэй… - пыхнуў люлькай Сталін. - Дык вось да нацыянальнага пытання. Калі б, скажам, Мяркулаў размаўляў на ідышы, я гаварыў па-грузінску, а вы па-беларуску, мы б адзін аднаго зразумелі? Не. А гаворым на адной мове - і разумеем. Дык вось: каб усімі савецкімі народамі, як адным народам, будаваць сацыялізм, нам патрэбная адна мова. - І тут Сталін, сказаўшы нешта па-грузінску, хітра глянуў. - Так?

- Выбачайце, - не зразумеў Купала. - Што - так?..

- Бачыце, вы не разумееце. Адзін Мяркулаў мяне разумее, - павярнуўся Сталін да камісара. - Ты разумеет мяне, Усевалад?

- Не зусім, таварыш Сталін, - асцярожна адказаў Мяркулаў. - Чаму я павінен размаўляць на ідышы, калі я грузін? - І ўбачыўшы, як Сталін усміхнуўся, асмялеў. - І яшчэ… У сорак першым я вас цалкам разумеў. А ў сорак другім, калі адправілі ў Куйбышаў працаваць…

- Ну й адправіў у Куйбышаў працаваць, - паморшчыўся і пастукаў люлькай аб край попельніцы Сталін. - Не ў Беларусь жа партызаніць паслаў. - А вы партызанілі?.. - зноў хітравата глянуў ён на Купалу, і той дастаў з левай унутранай кішэні пінжака, дзе ляжалі харчовыя карткі і пасведчанне сябра Саюза савецкіх пісьменнікаў, верш-улётку "Беларускія сыны".

- Не. Я пісаў. Пачытайце. Гэта пра партызанаў.

Сталін падняўся, перайшоў ад абедзеннага стала да пісьмовага, начапіў акуляры (ён, аказваецца, акуляры носіць!) і пачаў чытаць. Спачатку запінаючыся, а пасля з усё большым імпэтам, з цудоўным беларускім вымаўленнем, без ніякага, што ў ягонай рускай мове было чуваць, акцэнту:

Па беларускім бітым шляху,

Б’ючы ў кайданавы званы,

Брыдзе чужынец, а зь ім побач

Хто?

- Беларускія сыны!

У беларускім вольным краі,

Зь ярэмнай збрыўшы стараны,

Царыць чужынец, а ў паслугах

Хто?

- Беларускія сыны!

Над беларускай беднай хатай,

Як полка вырвана з труны,

Вісіць чужы сьцяг, а трымае

Хто?

- Беларускія сыны!

У Беларусі сьпеў чужацкі,

Як над касьцямі груганы,

Крумцяць чужынцы, а іх складам

Хто?

- Беларускія сыны!

На беларускім буйным полі

Зь вясны да новае вясны

Растуць крыжы, а пад крыжамі

Хто?

- Беларускія сыны!

Прычытаў, як песню праспяваў. І спытаў, прачытаўшы:

- Вы не будзеце супраць, таварыш Купала, калі я гэты верш сабе на памяць пакіну?..

"Калі б тут з кінахронікі хто-небудзь быў, дык беларускае нацыянальнае пытанне было б вырашанае раз і назаўсёды! - падумаў Купала. - Каб нехта зняў і ўсяму свету паказаў, як па-беларуску прамаўляе Сталін! Як правадыру ўсё болей падабаецца інтанацыя верша! Як пад самы канец ён ускідвае рукі, выдыхаючы: "Растуць крыжы, а пад крыжамі Хто? Беларускія сыны!" - і так замаўкае, гэтак сцішваецца, нібы вось-вось закрычыць ад болю за Айчыну і абудзіць, з вечнага сну падыме беларускіх сыноў…"

Абудзіўся камісар. Зірнуўшы на Сталіна, які стаяў крыжам, нібы чакаючы апладысментаў, Мяркулаў падышоў да Купалы і спытаў, з пятаў на наскі і з наскоў на пяты кіўнуўшыся:

- Вы што сабе дазваляеце? З каго надумалі жартаваць? Якія тут партызаны? Нацыяналісты - партызаны?

Сталін, не дачакаўшыся апладысментаў, апусціў рукі.

- Што?.. Дык чужынцы - не немцы? Рускія?

- Не толькі, - чамусьці не спалохаўся і сам здзівіўся з гэтага Купала. - Немцы таксама. І палякі…

Мяркулаў крывёў наліўся - у ім хапала крыві.

- А ну ўстаць! - гэтак ухапіў ён за каўнер Купалу, нібы яшчэ раз сабраўся скінуць у лесвічны пралёт, пацягнуў з кабінета, але Сталін спыніў яго.

- Ты не бойся, Усевалад. Я цябе не расстраляю. Хоць за тое, што ты дазваляеш сабе пры таварышы Сталіне ў адносінах да лаўрэата Сталінскай прэміі, можна й расстраляць. Правільна я кажу, таварыш Купала?

Купала не любіў расстрэлаў, таму прамаўчаў.

Сталін глянуў на Мяркулава, той выцягнуўся ў струнку: "Правільна, таварыш Сталін!" - і Купала ўпершыню з таго моманту, як зляцеў на мармуровую падлогу гатэля "Масква", адчуў, як добра быць мёртвым.

- І што палякі, правільна, - вытрымаўшы паўзу, каб Мяркулаў яшчэ павыцягваўся, спакойна пыхнуў люлькай Сталін. - І правільна, што немцы. А што рускія - не. Няправільна. Рускі народ - вялікі народ, таварыш Купала. Вось маглі б немцаў перамагчы беларусы? Ці хай нават грузіны? Не. А рускія перамаглі. Яны нават Украіну могуць заваяваць, калі захочуць.

- А навошта ім заваёўваць Украіну?

- Як навошта? Бо яны рускія. Не беларусы і не грузіны. Вам не трэба? І мне не трэба. А рускім трэба. Правільна, Усевалад?