Мяркулаў стаяў, выцягваючыся, і лыпаў вачыма.
- Што ты разлыпаўся? - не дачакаўся адказу Сталін. - Крым наш, ці не наш?..
Сілячыся ўцяміць, пра што ў яго пытаюцца, камісар перастаў лыпаць, заплюшчыў вочы, і тое, што ён бачыў у цемры сваёй, не толькі на ягоным твары, на ўсім ім шрыфтам газеты "Правда" было напісана.
- Ён жа не ведае, таварыш Сталін, што праз 70 гадоў рускія на ўкраінцаў нападуць, - засмяяўся Купала. - Яму гэта і ў дурным сне не прысніцца!
Сталін узняў люльку цыбуком у столь.
- І нам не прысніцца!.. І мы не ведаем! Але прадбачым! А што дае нам магчымасць прадбачыць гістарычную хаду падзей? Вялікае вучэнне марксізму-ленінізму дае нам такую магчымасць! Правільна, Усевалад?
- І сталінізму… - зусім ужо не цямячы, як яму на ўсё гэта рэагаваць, каб зратавацца, прашаптаў, Мяркулаў, на што Купала запярэчыў: "Не. Сталінізм падчас вайны Расіі з Украінай ужо цалкам будзе дыскрэдытаваны, спроба ягонай рэанімацыі не ўдасца..." - і Сталін цяжка паглядзеў на камісара:
- Чуў?.. - І пацямнеў тварам. - Ты чаго заплюшчыўся? Праз каго будзе дыскрэдытаваны сталінізм?.. Ты скажаш, што праз яго? - тыцнуў ён цыбуком люлькі ў бок Купалы. - Праз тое, што ён кепскія вершы таварышу Сталіну прысвячаў? Дрындушкі?.. А я скажу, што не. Праз гэтакіх заплюшчаных, праз такіх, як ты, Усевалад, сталінізм будзе дыскрэдытаваны. Праз тых кіраўнікоў народнага камісарыята ўнутраных спраў, якія замест таго, каб справай займацца, той вялікай дзяржаўнай справай, якою даручыла ім партыя, даручыў таварыш Сталін - п’есы пішуць! Хто табе сказаў п’есы пісаць?..
Сталін узяў ёршык, прачысціў цыбук пагаслай люлькі, зноў паказаў ім на Купалу.
- Хіба гэта яму даручыла партыя, даручыў таварыш Сталін кіраваць народным камісарыятам унутраных спраў? Не. Таму ён і піша. Вершы, п’есы. Займаецца сваёй справай, а не тваёй. А ты займаешся ягонай. Ведаеце, чым ён займаецца? - даверліва, як са сваім чалавекам, падзяліўся тым, што набалела, Сталін. - Падыходзіць да мяне на прыёме ў Крамлі адна актрыса, - падышоў ён да Купалы, паказваючы, як падышла да яго актрыса: "Ах, таварыш Сталін! Як вы ўмееце падбіраць кадры! Ах, які таварыш Мяркулаў геніяльны кіраўнік! Ах, які ён драматург, якія п’есы піша!.." Я падумаў, што яна пра крымінальную справу, якую напісаў наш "драматург", каб яе мужа пасадзіць. Але не! Яна...
Сталін вярнуўся да стала, узяў запалкі, раскурыў рэшту тытуню ў люльцы.
- Яна, актрыса тая, пра п’есу, а не пра справу. Дык у мяне ёсць іншыя людзі для п’ес, Усевалад. Я цябе не для таго з Грузіі ўзяў, каб ты мне ў Маскве п’есы пісаў. Для гэтага ў мяне Горкі ёсць, якога я ўзяў з Італіі.
Купала хоць і адчуваў, што зараз у размову лепш не ўлазіць, але не стрываў:
- Горкі памёр, таварыш Сталін. І кажуць...
Сталін люлькай паветра рассек.
- І кажуць, што я атруціў яго?.. Горкі - буравеснік рэвалюцыі! Як я мог атруціць буравесніка?
Купала нарадзіўся і жыў не ў марской, а ў балоцістай мясцовасці. Ён ніколі не бачыў буравеснікаў і не ведаў, як іх можна атруціць. Таму й сказаў: "Не ведаю", - а Сталін, мусібыць, падумаў, што Купала ўсё ж яго падазрае, і ў вачах ягоных мільгнула нешта буравеснае.
- Калі вораг не здаецца, яго знішчаюць! Гэта я напісаў? Гэта Горкі напісаў - і няхай не крыўдуе.
"Праўда што…" - падумаў Купала, і тут жа праз тое, што так падумаў, яму стала ніякавата: усё ж Горкі яго, хоць і не аднаго, а на пару з Якубам Коласам некалі пахваліў. Ёсць, сказаў, у Беларусі Колас і Купала, някепскія хлопцы. І ўспомніўшы гэта, Купала прагаварыў, як бы абараняючы Горкага:
- Тады і вы не крыўдуйце. 5 сакавіка 1953 года вас знішчаць.
Круглявы твар Мяркулава ў блін расплюшчыўся - яго на плямы пабіла. А Сталін зноў здзівіў: успрыняў словы Купалы спакойна. Пыхнуўшы люлькай, спытаў:
- Хто знішчыць?.. - І паказаў на Мяркулава. - Гэты?
Мяркулава можна было б, вядома, даканаць, каб ведаў, як паэтам у зубы біць, але Купала не меў гэбісцкіх звычак.
- Не. Берыя.
Камісар так выдыхнуў, што, здавалася, больш не ўдыхне.
- Сукін сын! - сеў за стол і адкінуўся на спінку крэсла Сталін. - Грузін грузіна! - І тут жа нахіліўся ўперад, да Купалы, глыбока зазірнуў у вочы. - Вось скажыце мне, таварыш Купала: беларуса, які ўзняўся на такую вышыню, што стаў правадыром усіх часоў і народаў, мог бы знішчыць беларус?..
Купала адвёў позірк.
- Пайду я, бадай, у Дом літаратара. А то няёмка неяк: без мяне мяне хаваюць, - падняўся ён, каб пайсці, а Мяркулаў, які ўсё ж выдыхнуў, спыніў яго, выслужваючыся: "Вам хто дазволіў?.."
- Няхай ідзе, - махнуў рукой Сталін. - Калі не хоча ведаць, што далей будзе.