Купала, пастаяўшы вочы ў вочы з Мяркулавым і ўбачыўшы, што страх з іх так і не выйшаў, застаўся на дне, зноў сеў.
- Я ведаю, што будзе далей. Па смерці адкрываецца ўсё, што было і будзе ў жыцці. І я мог бы вам пра ўсё расказаць, але стаміўся…
Ён памаўчаў.
- Я вельмі стаміўся, таварыш Сталін. Ад вас, ад яго, - кіўнуў ён на камісара. - Ад здрадлівых і верных сяброў, ад жонкі і палюбоўніц, якіх да мяне прыстаўлялі, каб яны мяне кахалі. І ў той вечар адна прыйшла.
- З дома на Кацельніцкай? - нібы абыякава спытаў Сталін, зноў пера-ключыўшыўся на амаль сяброўскі тон, і Купала ў каторы раз здзівіўся, як мяняюцца мужчыны, калі пераходзяць на размовы пра жанчын. Можа, ім ні пра што болей і не размаўляць ніколі?..
- Так, з Кацельніцкай, - кіўнуў ён, разумеючы, што Сталін і без яго гэта ведае. - І між намі ў той вечар… Ды яно не важна, што было між намі. Ад яе я таксама стаміўся, але...
Ён пакутліва пацёр скроні, відавочна не жадаючы доўжыць амурную размову.
- Але найбольш я стаміўся ад беларусаў, якія гатовыя быць кім заўгодна, толькі не беларусамі. Невыносна я ад іх стаміўся. Насмерць. Што ні казаў, што ні рабіў… Не хочуць.
- Хіба? - здзівіўся Сталін. - А што ж тады мне дакладваюць пра арганізацыі вашы нацдэмаўскія. - уперыўся ён у Мяркулава, каб спытаць нешта, але зноў перавёў позірк на Купалу. - А што ім трэба, каб яны захацелі? Якога ражна?
Купала скінуў рукі са скроняў.
- Думаю, справа тут не ў тым, што трэба, а ў тым, хто… - І ён гэтаксама ўперыўся ў Сталіна, як той хвіліну таму ў Мяркулава. - Сталін тут патрэбны. Сталін, які б захацеў стаць беларусам.
Сталін задумаўся. Раз зацягнуўся люлькай, другі. Пругка ўстаў, прай-шоўся. Зноў пыхнуў дымам. Нарэшце ўзняў рукі, нібы здаючыся.
- Не. Дзякуй. Мне падабаюцца беларусы, але не. Я грузін. - І раптам сказаў, вусы пагладзіўшы. - Хіба што Усевалад. Як ты на гэта, Усевалад? Гэта ж лепш, чым у Куйбышаў?
Мяркулаў, узрадаваны, што пакуль яго не расстраляюць, хлёстка ляс-нуў абцасамі.
- Як загадаеце, таварыш Сталін! Гатовы выканаць любое...
Сталін паморшчыўся.
- Ды што ты заляскаў… Як можна грузіну загадаць стаць беларусам? Ці хай нават рускаму. Гэта ж толькі па поклічы сэрца. Ты адчуваеш покліч?
Відаць было, што Мяркулаў не ведае, адчуваць яму покліч сэрца, ці не. З аднаго боку, трэба адчуваць, а з іншага, як будзе расцэнена тое, што ён прадасць у сабе грузіна? Вось жа Сталін у сабе грузіна не прадаў. Але ён грузін і Сталін, а Мяркулаў - толькі грузін. І тое напалову.
- Няма ў яго сэрца, - выручыў камісара Купала. - Дык які можа быць покліч?
Сталін прыклаў далонь да грудзей, сціснуў яе і расціснуў, сціснуў і расціснуў.
- Няма дык няма. Для чэкіста яно й не патрэбнае. Чэкіст без сэрца - ідэальны чэкіст. Як Дзяржынскі. Дарэчы, ён беларус, ці паляк?
- Паляк, таварыш Сталін, - выцягнуўся Мяркулаў, і Купала не стаў змагацца за тое, каб запісаць першага савецкага чэкіста ў беларусы: няхай будзе палякам.
Сталін сказаў з жалем:
- Шкада. А то ажывілі б і паставілі. Ён бы справіўся. - І раптам спрытна крутнуўся на адной назе. - А што, калі мы вас паставім, таварыш Купала?
Купала не зразумеў.
- Куды?
- На першага сакратара ЦК кампартыі Беларусі. На месца Панцеляймона Панамарэнкі! Вы ж былі некалі намеснікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта? Па сутнасці адным з кіраўнікоў часовага ўрада! - крутнуўся Сталін на той жа назе, толькі ў зваротны бок. - Дапускае такое рашэнне кадравага пытання член Усесаюзнага ЦК таварыш Мяркулаў? І як ён думае: апраўдае таварыш Купала давер партыі?
Па тым, як успрыняў гэтую прапанову камісар, відаць было, што яму прасцей застрэліцца, чым такое дапусціць.
- Я думаю, што таварыш Панамарэнка цалкам апраўдвае давер партыі, таварыш Сталін. І не зусім разумею, навошта нам...
Сталін спыніў яго нецярпліва.
- Як гэта не разумееце? Панамарэнка - хто? Украінец! Значыць, не любіць рускіх. І можа ваяваць з Расіяй. А беларус можа ваяваць з Расіяй?.. Вось вы, таварыш Купала, можаце з Расіяй ваяваць?
- Не, - сказаў Купала. - Не магу. Я не ваеннаабавязаны.
- І беспартыйны ён, таварыш Сталін… - каўтнуў адамавым яблыкам пад тлустым падбароддзем камісар, на што Сталін плячыма пацепнуў.
- Ну і што? Прымем! Вось зараз я напішу рэкамендацыю, ты напішаш… - прайшоў ён да пісьмовага стала, каля якога спыніўся, пачасаў цыбуком люлькі за вухам. - Але трэба тры рэкамендацыі. Панамарэнку пазвані.
Мяркулаў, які ведаў, што ў Сталіна даўнія, яшчэ з грамадзянскай вайны прыязныя адносіны да Панамарэнкі, сказаў нерашуча:
- Рэкамендацыі, думаю, дастаткова адной вашай…
- Вось! - раскінуў рукі чамусьці не да Мяркулава, а да Купалы Сталін. - Будзем замест трох адну рэкамендацыю даваць, партыйны статут парушаць, савецкі закон парушаць, самавольна арыштоўваць, страляць, а потым казаць: таварыш Сталін суворы. А гэта не Сталін суворы, - пагразіў ён пальцам камісару. - Гэта закон. Dura lex, sed lex. - І націснуў кнопку на стале. - Таварыш Паскробышаў, дзе там ваш пісар? Давайце яго сюды!..