Выбрать главу

10

- Давай збірайся! - з’явіўся на парозе качагаркі, у якой Віктар падрабляў невялікія, але ўсё ж грошы ў дадатак да стыпендыі, Алег Шкляр, які ўгаварыў яго парыбачыць на Кольскай паўвыспе, і праз дзень яны пілі гарбату ў цягніку Масква-Мурманск, дзе Віктар паўдарогі шкадаваў, што згадзіўся паехаць, а Шкляр паўдарогі даводзіў яму, што адна яшчэ не вылаўленая ім сёмга вартая ўсіх ягоных яшчэ не напісанах паэм… Потым біла па твары прыбярэжнае кустоўе, боты былі поўныя вады, парэзаныя лёскай рукі зводзіла холадам, пальцы ўжо не трымалі цвічок шпулькі, калі Віктар спрабаваў падцягнуць лёску, а з ёй і рыбу, якая пасля таго як двойчы не змагла ўзяць парог, адчула, што стамілася, вырашыла перадыхнуць пад парогам, яшчэ не ведаючы, не адчуваючы, што гэта апошні яе перадых, а ён гэта ўжо ведаў, адчуваў яе стомленасць, і дрыжыкі білі яго не толькі праз холад, а яшчэ і праз тое, што сёмгу, гэтую срэбную субмарыну вагою пад пуд, не меней, якая вымучыла яго, змушаючы то скакаць па слізкіх камянях, то кідацца ў ледзяную ваду, ён усё ж вылавіў, гэтую пружыністую сілу, якая ўспеньвала хуткаплынную раку, адолеў, але дрыготка-салодкае адчуванне перамогі прыйшло не тады, калі ўрэшце выцягнуў рыбіну на бераг, а ў той міг, калі знясілена сеўшы каля яе на тапляк, убачыў твар Шкляра, тонкі нос якога нервова торгаўся, а вочы пазелянелі ад зайздрасці, што перарастала ў нянавісць, бо першую, ды яшчэ гэткай неверагоднай сілы і прыгажосці рыбіну на Умбе мог узяць толькі ён, любімец вады, любімец ракі Алег Шкляр - і больш ніхто.

"Тонкі пах вады злучае мяне з пачаткам жыцця…" - прамаўляў ён, ведаючы, што нехта, як пастушок за сляпым Гамерам, гэта за ім запіша, а тут толькі і змог сказаць: "Дурням шанцуе".

Права першай рыбы было для Шкляра як права першай ночы для якога-небудзь сярэднявечнага герцага. Выйграўшы гэтае першынство, Віктар паквапіўся на тое, што яму не належала і чаго дараваць яму Шкляр не мог. Потым кожны раз, калі ўдавалася выйграць, стаць першым, калі прыходзіла перамога, Віктару ўспаміналася тая срэбная рыбіна з зялёнымі вачамі Шкляра.

Парыбачыць на Умбе, на Кольскай паўвыспе яны сабраліся ў кастрычніку. Віктар падаў у дэканат заяву на творчы адпачынак, сказаў дэкану, куды і з кім едзе, і той даў яму 25 рублёў. "Гэта на цягнік назад, калі не вытрываеш. Жывым вяртайся. А не вернешся жывым, выключым".

У літінстытуце ўсе ведалі, што дэкан аднойчы з’ездзіў са Шклярам на рыбалку. Не змог вытрываць, але грошай, каб раней вярнуцца, не меў. Таму пайшоў, як распавядалі гэтую легендарную гісторыю студэнты, пехатой. З Мурманска да Масквы.

Алег не надта сумаваў праз тое, што нехта ад яго сыходзіў, як і не асабліва радаваўся, калі хтосьці ўваходзіў у ягонае жыццё, бо ведаў, што ні ў кога няма нічога, апроч адзіноты.

Магчыма, і Віктар не вытрываў бы халерычны, увесь у прыдзірках, як дзядоўнік у калючках, характар Шкляра, але ў першую ж ноч над Кольскай паўвыспай, над іх леснічоўкай на беразе Умбы паўстала Паўночнае ззянне. Віктар уявіць не мог, што недзе на зямлі, а тым больш на Поўначы можна ўбачыць гэткую касмічную феерыю. "Здаецца, Бог падбірае фарбы для карціны Сусвету", - сказаў ён Шкляру, які хоць і не верыў у Бога, але быў не супраць пра яго пагаварыць, таму згодна кіўнуў: "Так, Бог - мастак… - І дадаў, проста не мог не дадаць, бо гэткае ў яго, у Шкляра, нутро. - Калі казаць банальнасці".

Пасля Віктар не помніў, ці пакрыўдзіўся, бо ў тую ноч, праведзеную з Алегам каля вогнішча на беразе ракі пад плынню ззяючых усімі фарбамі свету нябёсаў, адчуў тое, пра што раней пісаў, не адчуваючы, пра што піша. Ён адчуў Вечнасць.

Вечна цякла вада. Вечна гарэў агонь. Вечна маўчалі камяні. І ў гэтым вечным маўчанні яны дамовіліся ніколі не паміраць.

- Але ў нас цяпер праблема, - неадрыўна гледзячы ў неба, сказаў Віктар. - Як вечна жыць так, каб не было сорамна перад гэтай прыгажосцю? Перад Богам… Калі нават у нявечным жыцці… - і Шкляр перапыніў яго: "Для мяне праблемы няма".

Маўляў, ён не вернік.

- Тады перад людзьмі.

- Перад якімі?

- Усімі.

- Якімі ўсімі? Перад племенем караваеў з Новай Гвінеі? Перад Саюзам пісьменнікаў СССР?.. Дык яны людаеды.

- Хто людаеды? Караваі?

- Усе.

Алег ніколі не меў асаблівага піетэту да чалавецтва. Казаў, што людзі на зямлі - гэта птушка, рыба і звер.