Егер Максімаў паважаў паэта Шкляра - і паэт Шкляр паважаў егера Максімава. І абодва хацелі зрабіць адзін аднаму што-небудзь прыемнае. Таму аднойчы, калі Максімаў затужыў, а затужыўшы, выпіў, каб не тужыць, у леснічоўцы зазваніў тэлефон-аўтамат. Віктар, ведаючы, што тэлефон зазвоніць, бо ўчора яны са Шклярам сустрэлі недалёка ад леснічоўкі вайсковых сувязістаў і за дзве пляшкі гарэлкі пра ўсё з імі дамовіліся, зняў трубку і расштурхаў захмялелага егера: "Гэта цябе". - "Хто?.. Хто мяне?.." - "Не ведаю. Кажа, што Бог".
Максімаў узяў трубку. "Гэта егер Максімаў?" - спытаў Бог. - "Так. Егер Максімаў". - "Я ведаю пра твой грэх перад маці, Максімаў. Гэта цяжкі грэх, але ты выкупіў яго сваімі пакутамі. І я дарую табе грэх гэты, плыві да другога берага спакойна".
Тэлефон змоўк, Максімаў выскачыў з леснічоўкі, але сувязісты са Шклярам схаваліся на другім беразе - і нідзе не было Нікога і Нічога, толькі Паўночнае ззянне пералівалася, цякло між берагамі. "І ў гэтым ззянні, - распавядаў пасля Максімаў, - плыла рыбіна, і на ёй сядзеў Бог". А Шкляр пытаў: "З тэлефонам?.."
Дзіўна, але ў той дзень, у які вылавіў Віктар сваю рыбу, у ноч таго дня, прагавораную з Алегам каля вогнішча на беразе бязлюднай паўночнай ракі пад плынню ззяючых усімі фарбамі свету нябёсаў, яму таксама ўбачылася нешта падобнае. І рыбіна, на якой плыў Бог, была ягонай.
- Ты помніш сваю першую сёмгу на Умбе? - спытаў Шкляр, калі Віктара ў чарговай размове зноў дастаў Посух: "Мы чакаем вершы пра Леаніда Ільіча", - і Віктар, сустрэўшыся са Шклярам у більярднай Дома літаратара, прапанаваў яму выпіць, а калі выпілі, той сам загаварыў пра ягоны выступ на з’ездзе, пачаўшы са згадкі пра рыбалку. - Дык вось там была насамрэч рыба! А зараз не ведаю, што ты зловіш.
- Ты ж казаў, што мне выйгрышная карта прыйшла.
- Казаў, бо Ганна папрасіла: "Вы яго толькі не адгаворвайце". Дык я і падумаў тады: навошта мне?..
- А цяпер адгаворваеш?
- Не. Цяпер думаю. А думаць фосфар дапамагае. Я сёння выйграў, так што можам у рэстаране сёмгай закусіць. Толькі кій забяру, каб які-небудзь лох не збіў прыцэл. Тое, што для цябе дарагое, нельга пакідаць нідзе і нікому.
Шкляр не пакідаў кій нідзе і нікому не толькі таму, што асцерагаўся, каб "які-небудзь лох прыцэл не збіў". Каб шафт не паламалі ці фірменную, якой ён свае ўнікальныя эфы закручваў, набойку не сплюшчылі. Паэт Алег Шкляр калі й любіў нейкія рэчы, дык выключна вертыкальныя: рыбацкую вуду, паляўнічую стрэльбу, більярдны кій… "Імі, - казаў ён, - можна пісаць на вадзе і паветры".
Рэстаран Цэнтральнага дома літаратара далёка не ўсім літаратарам быў па кішэні. Большасць з іх прагульвала свае выпадковыя, найчасцей газетныя ганарары ў верхнім бары ці ў ніжняй кавярні, у якой Віктар са Шклярам і выпілі. У більярднай побач з кавярняй Шкляр не проста шары ганяў, а жыў, адыходзячы дахаты толькі паспаць. За тыя грошы, якія выйграваў, часцяком сканчаючы партыю з кія, б’ючы і трыплеты, і картбаны, а зусім не за ганарары ён і закусваў у рэстаране сёмгай, палавіць якую дзесяць гадоў таму прапанаваў Віктару ў рацэ Умбе на Кольскай паўвыспе.
У рэстаране ніхто не цясніўся, людзей было мала. Можна сказаць: зусім не было. На другім паверсе сядзеў у адзіноце паэт Юры Каваль, а на першым, у дубовай залі - Круча з кампаніяй. Зрэшты, Круча з кампаніяй - гэта не так і мала. "Нас многа, нас, можа, чацвёра", - як напісаў адзін з іх у вершы, прысвечаным Бэле, паэтцы і колішняй жонцы Кручы, якую ўсе яны ці то некуды праводзілі, ці аднекуль сустракалі.
- Бэла ў Лондан едзе, - хуценька сказаў на маўклівае пытанне Шкляра афіцыянт. - У нейкі клуб. Дык Дзіна, - кіўнуў ён у бок Кручы і кампаніі, пятай у якой была жонка скульптара Стругавога, - адносіны высвятляе. Чаму ўсім ім можна за мяжу, а ёй не?..
Яны, сам Круча, Андрэй Вышэнскі, Роберт Ружэвіч, Бэла Ахметава, былі неверагодна знакамітыя. Не менш, чым галівудскія акторы ці алімпійскія чэмпіёны. У Лондане быў нават клуб фанатаў Ахметавай, да якіх яна, пэўна, і ехала. "Фут-ба-ліст-ка", - цадзіў пра яе не прыстроены ні да якіх клубаў паэт Каваль, які зараз пахмурна глядзеў з веранды другога паверха. Ён імгненна ўскіпаў, калі размова заходзіла пра некага з гэтай чацвёркі: "Паэт не можа мець футбольнай славы!" - "А калі ён займеў яе?.." - пытаў Віктар, якому якраз такой славы і не хапала. "А калі займеў, значыць, не паэт". - "А хто?.." - "Блазен!" - адразаў Каваль і гразіў ніколі болей ніводнага верша Віктара не перакласці, "няхай цябе блазны перакладаюць!"