Зрэшты, як і Шкляр.
- Што вы такое прыдумалі, Юры? - плаўна ўскінула галаву на вытанчанай шыі Ахметава, якая, пабойваючыся Каваля з ягоным характарам, заўсёды звярталася да яго на вы. - Мы размаўлялі зусім пра іншае. Андрэй, праўда, сказаў, калі Віктар увайшоў: "Вось і з’ездаўскі паэт", - але нічога болей. Тым больш пра…
Пра лайно яна, пачырванеўшы, не вымавіла.
Віктар не бачыў, ці пачырванеў ён, але кроў, якая прыліла да твару, адчуў.
- Няхай прачытае! - не сунімаўся Каваль. - Я паслухаю. Ад часоў Сталіна з’ездаўскіх вершаў не чуў.
Што яго сёння - ды яшчэ аднаго - сюды прывяло? Ці хто прывёў? - чамусьці ўспомніўся дырэктар антыкварнай крамы, які сышоў, убачыўшы Віктара са Шклярам, у бар.
Каваль не быў хадаком па рэстаранах. Ён калі ўжо запіваў, дык не меней як на трое сутак, і што яму тры гадзіны ў рэстаране? Да таго ж ён меў жонку татарку, праз якую ўсе яму зайздросцілі, бо яна трывала любыя ягоныя капрызы, выконвала, як тая рыбка залатая, любыя жаданні: басанож па снезе магла ў краму пабегчы, калі ён прачынаўся сярод ночы, што з ім здаралася, і кідаў: "Выпіць!"
Ён і цяпер быў нападпітку, Каваль, але раней нават п’яны нічога такога ў адносінах з Віктарам сабе не дазваляў, наадварот, бараніў яго ад нападак, і Віктар падумаў, слухаючы, як голас Каваля пульсуе разам з крывёй у скронях, што калі зараз дараваць яму, дык ніколі ўжо іх адносіны не выраўняюцца, так і будзе Каваль глядзець на яго з другога паверха, а Круча, Вышэнскі, Ружэвіч, Ахметава, Шкляр будуць ведаць, чаму ён зверху глядзіць, значыць, гэтага нельга дапускаць, нельга зараз яму прайграць, і Віктар не прыдумаў нічога лепшага - ускінуў, пастараўшыся зрабіць гэта плаўна, як толькі што зрабіла Ахметава, галаву і стаў чытаць напісаны да з’езда верш, чуючы шорхат лёду, у якім патанае ягоны голас, і Каваль не даслухаў яго: "Хто пераклаў? Шкляр ці Круча?.." - паспрабаваў дастаць ён яшчэ і Шкляра з Кручам, але перш чым тыя паспелі што-небудзь адказаць, Ружэвіч прагаварыў ціха: "Мутня якая…" - на што Каваль ускочыў, ледзь парэнчы веранды не абламаўшы: "А што ў вас не мутня?.." І працытаваў Ружэвіча: "Па нацыянальнасці я савецкі" - не мутня? - І тут жа, ён дзеля гэтага, мусіць, і справакаваў Віктара на з’ездаўскі верш, каб "залатую чацвёрку" дастаць, успомніў радкі Кручы: "Считайте меня коммунистом - вся жизнь моя скажет вам!" - не мутня?.. А "На все вопросы отвечает Ленин" - перакінуўся ён на Вышэнскага, - не мутня?.. - Дык чаго вы тады да Маргера прычапіліся? - гаркнуў ён зверху ўніз, хоць ніхто, апроч яго, да Віктара не чапляўся.
- Ніхто да яго не чапляецца, апроч цябе, - міралюбіва сказаў Круча. - Да чаго тут чапляцца? Звычайныя, як на замову, вершы. Як помнік Леніну каля праўлення калгаса. Проста фігура. Каму ў галаву прыйдзе ацэньваць яго як скульптуру? - паспрабаваў Круча абараніць Віктара, а Дзіна, жонка скульптара Эдуарда Стругавога, які гадоў пяць таму з’ехаў у ЗША, а ёй з ім выехаць не дазволілі, з СССР не выпусцілі, сказала: "Мне. Мне прыйдзе ў галаву любы помнік ацэньваць як скульптуру. І Эдзіку тое самае ў галаву прыйшло б. Гэта для партыйцаў з гэбістамі Ленін фігура, а не скульптура".
Афіцыянт, які нёс віно да стала, зрабіў выгляд, нібы забыўся нешта ўзяць на кухні, і пайшоў назад, каб жонку эмігранта не чуць.
Пра Кручу хадзілі плёткі, нібы ён звязаны з Лубянкай, з КГБ, і, пэўна, праз гэта Стругавы і ягоная жонка лічылі, што Круча мог ім дапамагчы ўсёй сям’ёй выехаць за мяжу, але не дапамог.
Кручу ўвогуле ў чым толькі ні вінавацілі - без дай прычыны. Не толькі паэты, але і мастакі, музыкі лічылі, што яны нечым праз яго абыдзеныя. Прэміямі, званнямі. І крыўдавалі, немаведама што пра яго выдумляючы.
Аднойчы Круча, які любіў запрашаць на свае вечарыны эпатажных, нечаканых для публікі людзей, запрасіў выступіць разам з ім Стругавога. Са сцэны Стругавы нічога эпатажнага не сказаў, а калі пасля вечарыны і пасядзелак у рэстаране заехалі да яго ў майстэрню, дзе яшчэ выпілі, раптам усхадзіўся. "Ты гэбэшны агент! Сексот! Пляваў я на цябе!" - крычаў п’яны скульптар Стругавы паэту Кручаненку, якога, колькі той ні выпіваў, Віктар ніколі не бачыў п’яным, але праз нервы, мусібыць, Круча ўсё ж захмялеў, шпурнуў раззлавана, цэлячы ў гаспадара майстэрні, бутэльку з шампанскім, прамахнуўся - і бутэлька ўдала, так, што белы пыл пасыпаўся, гахнула ў "Дрэва жыцця", якое Стругавы хуценька зляпіў з гіпсу, каб паказаць францужанкам, дзвюм дамам з парыжскай мэрыі, якім перад тым на пальцах расказаў пра ідэю, маўляў, кожны палец, кожная галіна дрэва - нейкая сусветная падзея, знакамітасць, і дамы з мэрыі зацікавіліся, сказалі, што ў Парыжы такая скульптура прыйшлася б да месца, але ж самой скульптуры не было, Стругавы некалькі разоў пачынаў ляпіць яе і кідаў, бо калі са знакамітасцямі старажытнай Грэцыі ці Рыма ён больш-менш разабраўся, дык шмат хто з новых знакамітасцяў, як жаліўся Стругавы, абавязкова аказваўся сукай, а зараз вось гэткая ж сука, сексот, які прыкідваецца паэтам, яшчэ й ягонае дрэва жыцця раструшчыў! Дык што цяпер рабіць? Зноў перад французамі пальцы загінаць, на кучы гіпсу седзячы? І хто заплоціць за шампанскае, за гіпс, за скульптуру на Place des Victoires?