Выбрать главу

- Чаму не ў самым цэнтры? На плошчы Згоды, ці на Вандомскай? - вінавата пытаў Круча. - Ты варты цэнтра Парыжа, Эдзік.

У той вечар яны зрабілі выгляд, нібы памірыліся. А насамрэч памірыліся, можа быць, толькі тады, калі абодва скончылі жыццё ў Амерыцы. І адзін папрасіў, каб яго пахавалі дома, а другі - не.

- Я магу зразумець студэнта, якому есці няма чаго, і ён ленінскі пакой у калгасе афармляе, - дагаворвала сваё жонка Стругавога. - Хоць Эдзік і галодны гэтага не зрабіў бы. А тым больш не пісаў бы лозунгі ці лісты ў ЦК. Бог усё бачыць, усё чуе! - не адставала яна ад Кручы, і Шкляр, пэўна, вырашыў выручыць яго, на іншае размову перавесці: "Часам бывае, што нават тэлефануе". - "Хто тэлефануе?" - не зразумела Дзіна. - "Бог. У мяне знаёмы егер на Умбе ёсць. Ён праз дачку начальніка вырашыў кар’еру зрабіць. На кручок яе, як ён казаў, узяў. Разумеў, што яно не надта прыстойна, нават падлавата выглядае. Папрасіў Бога дараваць". - "І што?" - "І Бог пачуў яго. Патэлефанаваў, дараваў".

- Ха! - хакнуў зверху Каваль, а Бэла плаўна павярнулася да Віктара, які, зноў адчуўшы, як прылівае кроў да твару, сказаў: "Дзякуй, што запрасілі…" - падняўся і пайшоў.

Вось Круча не мог зрабіць такога. А Шкляр мог. І зрабіў, разумеючы, што ўсе ведаюць пра Ганну.

Таму і зрабіў. Ён называў гэта прафілактыкай вірусных захворванняў.

Вірусолаг знайшоўся.

Віктар як любіў у Шкляры паэта, гэтак жа ненавідзеў у ім "вірусолага", якога зараз быў гатовы на часткі парваць, засмажыць. І ці самому з’есці, ці сабакам скарміць.

- Ды пачакай ты! - дагнаў яго ў бары Круча. - Мусіць, я ўсё ж не беларус, бо не такі крыўдлівы. А калі беларус, дык трохі.

Да іх, дробненька перабіраючы нагамі, падбег, нібы толькі й чакаў, калі яны з рэстарана выйдуць, дырэктар антыкварнай крамы. "Вы величайшй поэт России, Егор Александрович! Ве-ли-чай-ший! И у вас, Виктор Павлович, большущее будущее! Боль-шу-щее! Буду польщен, если позволите с вами за ваше здоровье выпить! - пстрыкнуў ён пальцамі бармену, які тут жа напоўніў тры келіхі, і Круча, каб, мусібыць, не затрымлівацца, без ніякіх слоў у адказ выпіў, таму і Віктару нічога не заставалася зрабіць, як выпіць свой келіх, пітво ў якім нагадала напой, што смакаваў ён у кабінеце дырэктара крамы, а той толькі прыгубіў. - Какие вы, Егор Александрович, на концерте в день чекиста стихи на Лубянке прочитали! "Что толку шумным быть поэтом, какая в этом благодать! А вот бесшумным пистолетом полезней, право, обладать". Это потрясающе, потрясающе! А как пошутили, как пошутили! Подарите, мол, бесшумный пистолет! Потому что если узнают, что я у вас выступал, мне ничего не останется делать, как застрелиться, а я не хочу шума. Жаль, жаль, что уходите. Желаю здравствовать, желаю здравствовать! Польщен, польщен..."

- Паехалі да мяне, - прапанаваў Круча, калі выйшлі на вуліцу . - Дома ў мяне скрыня "Хванчкары". Віна, якое заўсёды было ў кабінеце Сталіна.

XI

Адчыніліся дзверы, у сталінскі кабінет укаціўся Качарыга. Купала і не пазнаў яго адразу. Падумаў, что карла нейкі ў Сталіна, як у цара ці кара-ля, - гэтак і без таго маленькі Качарыга, укаціўшыся ў сталінскі кабінет, зменшыўся. Зрабіўся не вышэй за стол.

- А вы думалі… - задаволена сказаў Сталін, убачыўшы, як здзівіўся Купала. - Сталін таксама жывы чалавек, і пакуль яго Берыя не знішчыў, можа іншым разам пажартаваць, - падвёў ён Качарыгу да Купалы. - Ну, павітайцеся…

Качарыга сутаргава падаў руку. Купала вяла, але паціснуў.

- Вось і спаткаліся старыя сябры, - касавата зірнуў Сталін на Купалу. - А вы думалі, не спаткаецеся? - пад локаць павёў ён Качарыгу да пісьмовага стала. - Вы ў партыі, таварыш Качарыга? - І калі Качарыга гэтак жа сутаргава, як падаў руку, кіўнуў, Сталін пасадзіў яго за стол. - Тады пішыце рэкамендацыю ў партыю таварышу Купалу.

- Таварыш Сталін… - пачаў Купала і змоўк.

- Што? - яшчэ больш узвесяліўся Сталін. - Хочаце сказаць, што ён данос на вас напісаў? Дык ён жа пісьменнік. Таму й піша.. У розных жанрах. Учора - данос, сёння - рэкамендацыя, заўтра зноў данос. Цяпер ён і на таварыша Сталіна данос можа напісаць, бо рэкамендацыя ў партыю - справа добраахвотная, а не змушаная. "Таварыш Сталін, - напіша таварыш Качарыга, - змусіў мяне даць рэкамендацыю..." А спытайце яго, таварыш Купала, данос ён напісаў добраахвотна?.. Ці змушана?..