Качарыга проста на вачах змяншаўся, нібы ўрастаў у падлогу.
- Пішыце, - падаў яму самапіску Сталін. І сказаў, зірнуўшы на Мяркулава. - Можа, так напіша, што адной рэкамендацыі хопіць.
Камісар, падбадзёраны позіркам правадыра, дазволіў сабе пажартаваць:
- Так не зможа. Не Пушкін.
- Бо не прызначылі, - з нечаканай сур’ёзнасцю падхапіў банальны жарт Сталін. - А прызначылі б, быў бы Пушкін. Хай бы й нічога, апроч даносаў, не напісаў.
Сталінскага жарту Купала не зразумеў.
- Можна міністра прызначыць міністрам, таварыш Сталін. А Пушкіна прызначыць Пушкіным нельга. Ён нарадзіўся паэтам.
- Паэтам - так, - згадзіўся Сталін. - Але не Пушкіным, разумееце?.. Пушкіным ён прызначаны. Замест яго мог быць прызначаны нехта іншы. Дзяржавін. Прозвішча нават больш падыходзіць, чым Пушкін… Ці вы мяркуеце, што Купалам вы сталі, бо нарадзіліся Купалам? Гэта мы вас Купалам зрабілі. Мы вас ім прызначылі. Хоць маглі прызначыць іншага. А вас пакінуць Луц-ке-ві-чам. Так, таварыш Качарыга?
Качарыга, які за сталінскім сталом сталінскай самапіскай пісаў Купалу рэкамендацыю ў сталінскую партыю, падскочыў.
- Луцэвічам, таварыш Сталін! Гэта я памылкова… - І ўбачыўшы, як ускінуў галаву Мяркулаў, раптам выгукнуў: - Я таксама вершы пішу!
Такой пругкай рэакцыі ад здавалася б насмерць запалоханага чалавека ніхто не чакаў, Сталін нават разгубіўся трохі.
- Вось бачыце… Таксама піша… На машыну напісаў. А кажуць, што безгаловы.
Падобна было, што Сталін сапраўды, як распавядалі пра яго па радыё, усё пра ўсіх ведае. У крытыка Качарыгі была мянушка "Вершнік без галавы". У Мінску ён быў адзіным, калі не лічыць Купалу і Коласа, пісьменнікам, які меў машыну. Калі ён сядаў за стырно, дык праз нізкаросласць сваю з-за таго стырна амаль не віднеўся, праз што і меў мянушку, узятую з рамана Майн Рыда.
Яго баяліся. Не праз тое, што, не падклаўшы падушку пад азадак, не бачыў дарогі і мог задушыць. Баяліся, бо мог задушыць, напісаўшы пра тое, чаго не бачыў.
- Та-а-к… - зайшоў за спіну "вершніка без галавы" Сталін. - Што вы тут напісалі?.. "Даўно ведаю таварыша Луцэвіча Івана Дамінікавіча і рэкамендую прыняць яго ў партыю вялікага правадыра савецкага народа таварыша Сталіна…" І гэта ўсё? А што вы пра яго ведаеце?.. Тое, што ён памёр, ведаеце? Тое, што фашысты, лютыя ворагі нашай партыі, нашага народа ягоным іменем вуліцу ў Мінску назвалі, ведаеце? Што нацыяналісты, як сцяг, узняць яго гатовыя, ведаеце?..
Сталін спытаў - і чакаў. Твар Качарыгі стаў зялёным, як сукно на стале.
- Ве… ведаю. - заікнуўся ён аднекуль з-пад стала, і Сталін болей не стаў чакаць.
- Ведаеце? І рэкамендуеце ворага нашай партыі ў нашу партыю? Ды яшчэ мёртвага? Наша партыя, па-вашаму, партыя нябожчыкаў? Партыя мёртвых?
Качарыгі з-за стала не стала відаць.
- Гэта не яго... - ледзь прамовіў ён шэптам, і Сталін нахіліўся: "Што не яго?.." - не ягоным іменем... - дашаптаў Качарыга, - названая вуліца. Але я думаў, што так лепей...
- Каму лепей?
- Вам... мне здалося, што вам... нам... вашай партыі...
- Чыёй партыі?..
Качарыга ўсхліпнуў. Раз, другі.
- Партыі вялікага правадыра савецкага народа таварыша Сталіна.
- І ўгадаў! - весела сказаў Сталін і падаў Качарыгу карычневую з чырвонымі кантамі, як у Купалы, насоўку. - Угадаў, а плачаш. Вось калі б не ўгадаў, плакаў бы, а так чаго плакаць? Ну-ну. Ідзі. Можаш сказаць таварышу Паскробышаву, што мы мяняем табе ордэр на ордэн.
- На які? - спытаў адразу Качарыга, і тут жа зразумеў, убачыўшы, як Сталін насупіўся, што дарма спытаў. Шморгнуў носам. - Мне б насоўку вашу на памяць, таварыш Сталін.
Насоўку Сталіну, як здалося Купалу, было шкада больш, чым ордэн, але і скнарам пры беларускім паэце выглядаць не хацелася, таму ён буркнуў:
- Бяры. Але яна са смэркамі.
- Мне... - пачаў Качарыга і замоўк, бо далей, відаць, не ведаў, што сказаць. "Не скажаш жа, - падумаў Купала, - што і сталінскія смэркі ўзнагарода", - а Качарыга, памаўчаўшы, сказаў: "Мне і смэркі таварыша Сталіна ўзнагарода".
Сталін узяў у яго насоўку, высмаркаўся.
- Калі ласка. Свежыя, - вярнуў насоўку і, чхнуўшы, націснуў кнопку на стале. - Аляксандр Мікалаевіч.
Увайшоў ягоны сакратар, генерал Паскробышаў. Сталін махнуў рукой у бок Качарыгі: "Выдай яму "Знак пашаны"".
Паскробышаў кіўнуў і зрабіў выраз на твары, нібы яшчэ нечага чакае.
- Усё, - зноў махнуўся рукой Сталін. - Што яшчэ?
- А што пасля?.. - спытаў сакратар, падводзячы да дзвярэй Качарыгу, і Сталін плячыма пацепнуў, а Мяркулаў сказаў, на гадзіннік зірнуўшы: "Пасля няхай начэпіць ордэн і замест таварыша Купалы ў труне паляжыць. Бо людзі там ужо збіраюцца, а труна пустая, могуць няправільна зразумець".