Выбрать главу

Жаданне займець ці большую, ці яшчэ адну ўзнагароду на імгненне перамагло ў Качарыгу страх. "Дык у таварыша Купалы ордэн Леніна..." - сказаў ён, і тут жа яшчэ раз пашкадаваў, што раптам асмялеў, бо Сталін згадзіўся з Мяркулавым.

- Няхай паляжыць. А мы тут падумаем. Магчыма, замест таварыша Купалы таварыша Качарыгу пахаваем. Вядома, за дадатковую ўзнагароду, - як бы супакоіў ён абселага ў дзвярах Качарыгу і зноў чхнуў. Раз, другі, трэці. Стаяў і чхаў, шукаючы на стале, чым бы нос выцерці.

Расчхаліся яны… То Мяркулаў на Лубянцы, то Сталін у Крамлі.

- Магу сваю даць, - дастаў насоўку Купала. - Яна, праўда, з крывёй, але на чырвоным не відаць.

Ён не чакаў, што Сталін возьме насоўку, а той узяў, выцерся.

- Без крыві нічога не бывае, - ціха, але выразна прамовіў Сталін, пачакаўшы, пакуль Качарыга, як рак, задам, чапляючы нагой за нагу, выпаўз з кабінета. - І паўтарыў, узвысіўшы голас: - Нічога, таварыш Купала, не бывае без крыві! Горкі песню пра сокала правільна напісаў. "Ён захлынуўся б маёй крывёю!.." А я паглядзеў, як вы з гэтым смаркачом, з карлам гэтым курдупым, які на вас данёс, праз якога вас не стала, за руку паздароўкаліся, і падумаў... - Тут ён рэзка, не зрабіўшы ніякай паўзы, павярнуўся да Мяркулава. - А ты што падумаў, Усевалад?

Мяркулаў ужо зразумеў, што і сцэнку з даносчыкам, і ўвогуле ўвесь сённяшні спектакль Сталін разыграў не толькі для Купалы, але й для яго, і што цяпер ад ягонага адказу залежыць вельмі многае, калі не ўсё. Таму ён сабраўся і, адолеўшы імгненную разгубленасць, вырашыў пайсці ва-банк.

- Я падумаў, што Берыя сказаў вам, нібы гэта я запанікаваў у мінулую восень. Пабаяўся, што вы здасцё Маскву. А гэта ён запанікаваў і пабаяўся, таварыш Сталін! Усё было так, як я вам напісаў!

Сталін моўчкі паклаў люльку ў попельніцу, узяў са стала рэкамендацыю ў партыю, напісаную Качарыгам, склаў у чатыры столкі, падаў Купалу.

- Вось бачыце, таварыш Купала: усе нешта пішуць. Усеагульная адукацыя. - І павярнуўся да Мяркулава. - А ты паздароўкаўся з Лаўрэнціем, калі з Куйбышава вярнуўся, Усевалад?

Мяркулаў прамаўчаў.

- За руку? - працягнуў правую руку Сталін. - За руку, Усевалад?

- Так, - адступіўшы на крок, выціснуў з сябе камісар. - За руку, таварыш Сталін.

Ён адступіў на крок, каб не казаць гэта Сталіну ў твар, каб не дай Бог сліні не пырснулі, а выйшла так, нібы адступіў, каб не паціснуць завіслую ў паветры сталінскую руку.

Сталін гэта скарыстаў. Руку не апусціў. Рука вісела. Мяркулаў стаяў, не ведаючы, што рабіць? Паціскаць позна. Не паціснуць… Пацалаваць?..

- Праблема з паэтамі, таварыш Купала, палягае ў тым, што іх, прызначыўшы, даволі цяжка зняць, - не апускаючы рукі і не гледзячы на Мяркулава, сказаў Сталін. - Складана. Але гэта з паэтамі складаная праблема, а не з міністрамі, - апусціў ён руку, і Мяркулаў укленчыў: "Таварыш Сталін..."

Сталін сеў за стол, вычысціў лапаткай люльку, прадзьмуў яе, разламаў дзве папяросы, набіў люльку тытунём.

- Растлумачце мне, таварыш Купала, як інжынер… - прыпаліў ён і чамусьці не дагаварыў знакамітую, якую любіў паўтараць, фразу: "Інжынер чалавечых душ", - …як можна з чалавекам, які цябе прадаў, здароўкацца? Юда Троцкі мяне прадаў, я забіў яго. Ці я зрабіў няправільна, трэба было паехаць у Мексіку і паздароўкацца з ім?.. Вось чаму вы гэтаму юду Качарыгу руку паціснулі?

- Ён падаў... - сунуў Купала ў кішэню, дзе ляжалі харчовыя карткі, качарыгінскую рэкамендацыю ў партыю. - Я паціснуў…

Сталін звёў - і раскінуў рукі.

- Ён падаў - вы маглі не паціснуць. І ніхто б яму болей руку не па-ціскаў. А цяпер усе паціскаць будуць, бо паціснулі вы. І ён, гэты Качарыга, гэты юда, які вас прадаў, усім казаць будзе, што Купала паціснуў яму руку нават на тым свеце. Пры таварышу Сталіну.

Купала не думаў, ці паціскаць руку Качарыгу, ці не? Той падаў - і не рабіць жа было пры Сталіну з гэтага праблему.

- Казаць, што пры таварышу Сталіну, не будзе. Таварыш Сталін неўміручы, на тым свеце быць не можа.

З тым, што ён неўміручы, Сталін не стаў спрачацца.

- Ну, добра, пры таварышу Мяркулаву, - сказаў ён лагаднейшым голасам. - Мяркулаў на тым свеце можа быць?.. Думаю, можа. Тым больш, што ён, можна сказаць, ужо там.

Калі б камісар не стаяў на каленях, ён бы, пэўна, упаў - гэтак яго хіснула.

Купалу, які хоць і разбіўся насмерць, але адчуванне цэхавай салідарнасці ў ім не памерла, стала шкада драматурга Мяркулава. Што той зрабіў яму кепскага? Раз у зубы даў? Дык жа перад тым ажывіў. Адразу ж, праўда, арыштаваў, але ўсё адно тое на тое выходзіць.